Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Касьянаў настойвае на паскарэньні інтэграцыі ў эканоміцы 16:16, 10/12/2002
Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Касьянаў заявіў аб неабходнасьці прыняць комплекс мераў па паскарэньні расейска-беларускай інтэграцыі. “Расейскія і беларускія экспэрты актывізавалі сваю працу ў апошнія два месяцы, на сустрэчы прэзыдэнтаў нашых краін абмяркоўваўся ўвесь комплекс пытаньняў, важных для інтэграцыі”, -- заявіў М.Касьянаў, адкрываючы ў аўторак у Доме ўраду двухбаковую сустрэчу з прэм’ер-міністрам Беларусі Генадзем Навіцкім.
На думку Касьянава, у часе нядаўняй сустрэчы Ўладзімера Пуціна й Аляксандра Лукашэнкі быў дадзены сур’ёзны імпульс урадам дзьвюх краін. Ён адзначыў, што кіраўнікі дзяржаваў яшчэ раз пацьвердзілі сваё імкненьне да інтэграцыі, стварэньня адзінай эканамічнай прасторы, а таксама рашэньню пытаньняў, зьвязаных з асаблівасьцямі ўрадавага рэгуляваньня эканомік. “Менавіта комплекснае рашэньне прывядзе да рэальнай інтэграцыі, створыць умовы для таго, каб прадпрыемствы й грамадзяне адчувалі сябе як у адной краіне”, - заявіў М.Касьянаў. Ён падкрэсьліў, што размова ідзе ня толькі пра свабоднае перасоўваньне тавараў і грамадзян, але і пра фінансава-эканамічныя ўмовы для працы прадпрыемстваў і нарошчваньня імі вытворчасьцяў канкурэнтназдольнай прадукцыі. Са свайго боку, як паведамляе “Медиафакт”, Навіцкі падзякаваў Касьянава за “шчыры, канструктыўны падыход”, які ён праяўляе адносна працэса перамоваў у расейска-беларускай эканамічнай інтэграцыі. “Гэты падыход дазволіў і, напэўна, у будучым дазволіць істотна прасоўвацца па шляху разьвіцьця эканамічнага ўзаемадзеяньня Расеі й Беларусі”, -- сказаў беларускі прэм’ер.