Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Былому старшыні калгасу далі два гады 12:00, 10/12/2002
Суд Берасьцейскага раёну прызнаў былога старшыню калгасу “Беларусь”, дэпутата Дамачэўскага сельскага Савету Сьпірыдона Падшыбякіна віноўным у зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага арт.210 ч.2 Крымінальнага кодэксу РБ (крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі) і асудзіў яго да 2 гадоў пазбаўленьня волі.
Былы галоўны бухгальтар калгасу Нэлі Пятрачук прызнаная віноўнай у патуральніцтве і асуджаная да 2 гадоў абмежаваньня волі. Абодва падсудныя атрымалі мінімальнае пакараньне, прадугледжанае па вышэйзгаданым артыкуле. Як паведамляецца, старшыня абвінавачваўся ў шматлікіх фактах крадзяжоў мяса і грашовых сродкаў гаспадаркі. Бухгальтар абвінавачвалася ў патуральніцтве і фальсыфікацыі справаздачных дакумэнтаў. У пачатку чэрвеня 2002 году С.Падшыбякін быў затрыманы й зьмешчаны ў сьледчы ізалятар. З Н.Петрачук узялі падпіску аб нявыезьдзе. У часе судовага паседжаньня ні адзін з абвінавачаных не прызнаў свае віны нават часткова. Як паведамляе БелаПАН, прадстаўнік пракуратуры прасіла ў суда пакараньня для С.Падшыбякіна ў выглядзе абмежаваньня волі тэрмінам на 6 гадоў, для Петрачук -- абмежаваньня волі тэрмінам на 2 гады. Суд перакваліфікаваў ч.3 арт.210 КК Беларусі на ч.2 арт.210 КК Беларусі. У выніку падсудныя атрымалі мінімальнае пакараньне, прадугледжанае Крымінальным кодэксам за такое парушэньне. С. Падшыбякіну ў тэрмін пакараньня залічана ўтрыманьне пад вартай з 7 чэрвеня сёлетняга году. Паўтара года ён будзе адбываць пакараньне ў калёніі строгага рэжыму. Акрамя таго, яму належыць выплаціць у касу калгасу “Беларусь” 6 млн., у крадзяжы якіх ён прызнаны віноўным. Н.Петрачук павінна выплаціць адпаведна 2,5 млн., 2 гады яна правядзе на папраўчых працах. З рашэньня суда ні адзін з былых кіраўнікоў калгасу не пазбаўлены займаць пасады, на якіх яны злоўжывалі службовым становішчам. За 10 дзён з дня вынясеньня прысуду асуджаныя могуць яго абскардзіць.