Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дыскрымінацыйныя нормы закону аб рэлігіі пачынаюць дзейнічаць 12:08, 12/12/2002, ІЦ «Свабода сумленьня»
10 сьнежня адміністрацыя Фрунзенскага раёну горада Менска зьбірала кіраўнікоў рэлігійных супольнасьцей, зарэгістраваных у гэтым раёне, дзеля азнаямленьня з новым заканадаўствам у сфэры свабоды сумленьня. На паседжаньні прысутнічала начальнік аддзелу Менгарвыканкама ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Ала Рабіцава. Пад час сустрэчы Ала Рабіцава паведаміла прысутным, што ад гэтага часу правядзеньне хатніх групаў па вывучэньні Бібліі павінна праходзіць толькі пасьля атрыманьня дазволу ад мясцовых уладаў, бо хатнія групы гэта тыя ж самыя набажэнствы.
Дамы й кватэры грамадзянаў не зьяўляюцца месцамі адмыслова прызначанымі для такіх мерапрыемстваў, а таму праводзіць іх можна толькі з дазволу ўладаў. Паводле Дзіны Шаўцовай, юрыста “Царквы Ісуса Хрыста”, хатнія групы, г.зн. штотыднёвыя сустрэчы вернікаў у доме кагосьці з сябраў царквы з мэтай малітвы і вывучэньня Бібліі, зьяўляюцца, апроч агульных набажэнстваў, асноўным відам служэньня ў эвангельскіх цэркавах. “Пад час абмеркаваньня дадзенага закону, -- кажа Дзіна Шаўцова, -- прадстаўнікі эвангельскіх цэркваў неаднаразова зьвярталі ўвагу на артыкул 25, які дазваляе прадстаўнікам уладаў адвольна абмяжоўваць права грамадзянаў на сумеснае спавяданьне веры. Тады нас пераконвалі, што нічога такога не адбудзецца, што гэта ўяўная праблема. Аднак словы прадстаўніка Менгарвыканкаму сьведчаць, што нашыя засьцярогі былі абгрунтаваныя. Пры гэтым Менгарвыканкам зусім ня мае намеру ўлічваць нормы артыкулу 31 Канстытуцыі Беларусі. У адпаведнасьці з гэтым артыкулам кожны грамадзянін мае права вызнаваць рэлігію адзінаасобна ці сумесна зь іншымі грамадзянамі. Хатняя група - гэта і ёсьць форма сумеснага вызнаньня. Канстытуцыя не ўсталёўвае ніякіх умоваў для ажыцьцяўленьня грамадзянамі гэтага права (месца, наяўнасьць дазволу ўладаў і інш.). Сёньня, дзякуючы “намаганьням”, у прыватнасьці Алы Рабіцавай, цэлы шэраг эвангельскіх цэркваў, якія ня маюць сваіх будынкаў, пазбаўленыя магчымасьці арэндаваць залі ў горадзе Менску. Цяпер яны вымушаныя зьбірацца толькі на хатніх групах, аднак і гэтая магчымасьць зараз ставіцца ў залежнасьць ад жаданьня таго ці іншага чыноўніка. Больш за тое, такая практыка будзе зьяўляцца адкрыта неканстытуцыйнай і неадпаведнай міжнародным стандартам у галіне свабоды сумленьня. Таксама на гэтай сустрэчы прагучала азначэньне, якія сходы лічацца масавымі. Паводле Алы Рабіцавай, масавыя – гэта 10 і больш, у той час, як старшыня Камітэту ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў называе зусім іншыя лічбы – 100 і больш. Такім чынам, неакрэсьленасьць нормаў закону аб свабодзе сумленьня дазваляе чыноўнікам на месцах інтэрпрэтаваць закон, што ў канкрэтных сытуацыях вядзе да прамога абмежаваньня правоў грамадзянаў”.