Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дзяржкантроль распачаў 15 крымінальных справаў па факту злоўжываньняў у цэлюлозава-папяровай прамысловасьці 16:23, 13/12/2002
Аляксандар Лукашэнка ў пятніцу прыняў з дакладам старшыню Камітэту дзяржкантролю Анатоля Тозіка. Як паведамілі "Интерфаксу" ў прэсавай службе кіраўніка дзяржавы, Тозік даў справаздачу аб выніках працы дзяржкамісіі па спыненьні злоўжываньняў у цэлюлозава-папяровай прамысловасьці, створанай распараджэньнем Лукашэнкі 5 кастрычніка 2002 году. За гэты пэрыяд зь ініцыятывы й даручэньня камісіі праведзеныя праверкі 10 прадпрыемстваў цэлюлозава-папяровай прамысловасьці і больш за 80 камэрцыйных структур, якія ажыцьцяўляюць пастаўку сыравіны на прадпрыемствы галіны й збыт гатовай прадукцыі. Распачата й расьследуюцца 15 крымінальных справаў па фактах злоўжываньняў у гэтай галіне. Зьвернута ў даход дзяржавы больш за 1 мільярд рублёў. Дадаткова апісана й арыштавана маёмасьці на суму 325 мільярдаў рублёў.
Паводле інфармацыі прэсавай службы, Аляксандру Лукашэнку пададзена справаздача аб выяўленых фактах прасоўваньня інтарэсаў камэрцыйных структур службовымі асобамі органаў дзяржаўнага кіраваньня й праваахоўчых органаў. Кіраўнік дзяржавы даручыў па выніках працы камісіі падрыхтаваць нараду ў кіраўніка краіны, паведамілі ў прэсавай службе. Старшыня Камітэту дзяржкантролю таксама паведаміў Лукашэнку аб выніках комплекснай праверкі Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і яго арганізацыяў, аб парушэньнях пры выкарыстаньні службовых і адмысловых аўтамабіляў у Міністэрстве транспарту й камунікацыяў, аб сытуацыі на рынку піва ў рэспубліцы, аб недахопах пры налічэньні заробнай платы на прадпрыемствах харчовай прамысловасьці. У часе дакладу былі ўзгодненыя асноўныя накірункі працы Камітэту дзяржкантролю ў першай палове 2003 году.