Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У сваім выступе напярэдадні Міжнароднага дня правоў чалавека прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Джордж Буш згадаў Беларусь разам з такімі антыдэмакратычнымі краінамі як Зімбабвэ, Іран, Куба й Паўночная Карэя. “Мы будзем стаяць плячо да пляча зь людзьмі ўсяго сьвету, якія змагаюцца за асноўныя свабоды, з дэмакратычнымі актывістамі Кубы, студэнтамі ўнівэрсытэтаў Ірану, апазыцыйнымі лідэрамі Зімбабвэ, журналістамі Беларусі ці народам Паўночнай Карэі, якія ніколі ня ведалі, што такое свабода”, -- заявіў Джордж Буш у сваім звароце. Чытайце поўны тэкст звароту прэзыдэнта ЗША цалкам.
“Адданасьць Амэрыкі свабодзе асобы й дэмакратыя зьяўляецца асновай нашага грамадзтва. Як нацыя, мы паважаем каштоўнасьці свабоды слова, справядлівага суда, рэлігійнай цярпімасьці, а таксама ўпэўнена супрацьстаім гвалту, несправядлівасьці й тыраніі. З моманту ўтварэньня нашай краіны, Біль правоў чалавека служыў нашаму народу і ўраду ў якасьці інструкцыі па забесьпячэньні фундаментальных правоў і свабодаў грамадзян. Злучаныя Штаты зьяўляюцца краінай, дзе ўсе грамадзяне маюць магчымасьць агучваць уласную думку, вызнаваць сваю рэлігію й карыстацца перавагамі свабоды. Сёньня шмат людзей на зямлі ня маюць магчымасьці рэальна карыстацца сваімі правамі. Амэрыка ўзяла на сябе забавязкі аказваць падтрымку ўсім, хто ўзяўся забясьпечыць гэтыя неад’емныя правы. Мы таксама будзем стаяць плячо да пляча зь людзьмі ўсяго сьвету, якія змагаюцца за асноўныя свабоды, няхай то з дэмакратычнымі актывістамі Кубы, студэнтамі ўнівэрсытэтаў Ірану, апазыцыйнымі лідэрамі Зімбабвэ, журналістамі Беларусі ці народам Паўночнай Карэі, якія ніколі ня ведалі, што ёсьць свабода. Мы ачольваем кааліцыю, якую складаюць больш чым дзевяноста нацыяў па барацьбе з тэрорам й забесьпячэньні свабоды й роўных магчымасьцяў для людзей па ўсім сьвеце. Нашая барацьба супраць гвалту дэманструе прыхільнасьць нацыі да будучыні поўнай надзеі й ўзаемаразуменьня для ўсіх людзей. Праз год пасьля вызваленьня Аўганістану ад ланцугоў тэрору й тыраніі, мы дапамагаем аўганцам будаваць інстытуты дэмакратыі й ўзаемапавагі, якія жыцьцёва неабходныя для будучай стабільнасьці, бясьпекі й дабрабыту краіны. Я спадзяюся, што мара аб свабодзе і мірным існаваньні адважнага ірацкага народу хутка таксама ажыцьцявіцца. Сьвяткуючы дзень правоў чалавека, дзень Біля правоў чалавека й тыдзень правоў чалавека, мы паўтараем свае намеры падтрымоўваць асноўныя прынцыпы свабоды й роўнасьці магчымасьцяў, якія ў свой час зрабілі нашую нацыю моцнай. Працуючы супольна па забесьпячэньні правоў людзей, мы тым самым дапамагаем будаваць узаемны давер і мірнае суіснаваньне ўсіх людзей у нашай краіне і па ўсім сьвеце. Вышэй акрэсьленым я, Джордж Буш, прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі, уладаю даручаных мне паўнамоцтваў Канстытуцыяй краіны і яе законамі, аб’яўляю 10 сьнежня 2002 году Днём правоў чалавека; 15 сьнежня Днём Біля правоў чалавека, а тыдзень, пачынаючы з 10-га сьнежня -- Тыднем правоў чалавека. Я заклікаю народ Злучаных Штатаў шанаваць спадчыну правоў чалавека, дадзеную нам папярэднімі пакаленьнямі, і рашуча завіць аб тым, што гэтыя свабоды будуць пераважаць як у нашай краіне, так і па ўсім сьвеце. Для сьведчаньня вышэйзгаданага, я ўласнай рукою падпісваю дадзены дакумэнт дзевятага сьнежня дзьве тысяча другога году ад нараджэньня нашага Госпада й году дзьвесьце дваццаць сёмага з моманту атрыманьня незалежнасьці”.