Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Карэ Валан: Магчымасьці – для ўлады, перашкоды – для апазыцыі 16:34, 13/12/2002, «Народная воля»
Свой погляд на надыходзячыя ў Беларусі выбары ў мясцовыя Саветы выказаў кіраўнік місіі АБСЭ па назіраньні за выбарамі ў Босьніі-Герцагавіне, Малдове, Чарнагорыі, Сэрбіі, Харватыі, Украіне ў 1996-1998 гадах, сябра Нарвэскага Гэльсынскага камітэту Карэ Валан. Ён выступіў з дакладам “Міжнародныя стандарты выбараў і беларускае выбарчае заканадаўства. Навукова-прававы аналіз”.
Спадар Волан выказаў шэраг заўваг па беларускім выбарчым працэсе. На яго погляд, у нашай краіне ёсьць магчымасьць вылучэньня кандыдатаў ад розных арганізацыяў. Аднак улады, выкарыстоўваючы свае рэсурсы, могуць, па сутнасьці, прызначаць кандыдатаў у дэпутаты. Таму варта ўдасканаліць заканадаўства такім чынам, каб пазьбегнуць такіх выпадкаў. Палітычныя партыі павінны мець шырокае прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях. Для таго, каб удзельнічаць у выбарчым працэсе ў Беларусі, неабходна падаць нямала розных дакумэнтаў. Складваецца ўражаньне, што мэта гэтага адна – каб людзі зрабілі памылкі пры іх афармленьні і з дапамогай гэтага можна было адсеяць лішак. Гэта варта разглядаць як абмежаваньне, першкоду ў важным працэсе. Што тычыцца палажэньняў аб СМІ, то там сказана, што ўсе кандыдаты маюць роўныя правы. Але на практыцы назіраецца адваротнае. Кандыдат ад улады стала мільгаціць на экране, а яго супернік – зрэдку. Выклікае пытаньне датэрміновае галасаваньне. Яно пасьпяхова прымяняецца там, дзе празрыстыя выбары й высокі давер да іх арганізатараў. Ці гатовая да гэтага Беларусь? Думаю, не. Назіральнікі за выбарамі павінны мець магчымасьць кантраляваць падлік галасоў. Калі няма кантролю за падлікам галасоў – то і няма сэнсу ў такім назіраньні. Агульная ацэнка сытуацыі ў Беларусі такая. Існуюць вялікія магчымасьці для прадстаўнікоў улады праводзіць у дэпутаты сваіх кандыдатаў. Гэтыя магчымасьці пачынаюцца ўжо пры вылучэньні кандыдатаў, фармаваньні выбарчых камісіяў, кантролі інфармацыі аб выбарах і г.д. Без ліквідацыі гэтага перакосу выбары ня могуць быць дэмакратычнымі й справядлівымі.