Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
“За 2002 год я не заўважыў пазытыўых зьменаў у палітыцы ўраду Беларусі адносна дэмакратычных працэсаў. Наадварот. Можна канстатаваць, што ўрад яшчэ больш цісьне на прадстаўнікоў дэмакратычных структур з грамадзкіх арганізацыяў – такіх як прафсаюзы, жаночыя й моладзевыя арганізацыі. Улады таксама спрабавалі зашкодзіць дзейнасьці беларускіх дэмакратычных партыяў, зрабілі адмоўныя крокі супраць незалежных сродкаў масавай інфармацыі”, - заявіў былы кіраўнік Кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ Ганс-Георг Вік у сваім выступе для Радыё Рацыя ў перадачы “Чысты чацьвер”.
Судом Пінску й Пінскага раёну (Берасьцеская вобласьць) два жыхары гораду – Ігар Сараковік і Лявонці Вабішчэвіч асуджаныя да 10 сутак арышту. Такое пакараньне ім вызначана за парушэньне вызначаных Пінскім гарвыканкамам умоваў правядзеньня пікету.
Эўразьвяз хацеў бы ўмацаваць свае адносіны зь Беларусьсю, Украінай і Малдоваю. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Даніі, які старшынюе зараз у Эўразьвязе, Андрэс Фог Расмусэн, закрываючы саміт ЭЗ ў Капенгагене 13 сьнежня. Але, як паведамляе БелаПАН, гэтыя адносіны павінны быць заснаваныя на “доўгатэрміновым зьбліжэньні й садзейнічаньні дэмакратычным і эканамічным рэформам, устойліваму разьвіцьцю й гандлю”. З гэтай мэтай ЭЗ распрацоўвае “новыя ініцыятывы”, паведаміў Расмусэн. Таксама ён адзначыў, што пашырэньне ЭЗ “умацоўвае адносіны” з Расеяй.
Былы амбасадар Беларусі ў Японіі Пётар Краўчанка, вакол якога нядаўна разгарэўся скандал, вярнуўся на радзіму. Пра гэта ў панядзелак паведаміў намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі МЗС рэспублікі Андрэй Савіных.
Прэзыдэнт Сырыі Башар Асад у часе сустрэчы зь міністрам замежных справаў Беларусі Міхаілам Хвастовым, які гэтымі днямі знаходзіцца з афіцыйным візытам у Дамаску, пацьвердзіў запрашэньне Аляксандру Лукашэнку наведаць Сырыю з афіцыйным візытам. Пра гэта “Интерфаксу” паведамілі ў панядзелак у прэсавай службе МЗС Беларусі.
З 16 па 22 сьнежня ў Беларусі знаходзіцца іранская дэлегацыя. У візыце, наладжаным пры падтрымцы амбасады Ірану ў Беларусі і амбасады Беларусі ў Іране, удзельнічаюць спэцыялісты з Цэнтру разьвіцьця экспарту Ірану, а таксама кіраўнікі шэрагу кампаніяў й прадстаўнікі банкаў.
У цяперашняй сытуацыі Беларусь “ня мае ніякіх шанцаў” на ўступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю й зьбліжэньне з Эўразьвязам. А гэта азначае, што ўмовы замежнага гандлю, інвэстыцыяў і іншых формаў замежнаэканамічных стасункаў у Беларусі будуць пагаршацца. Такую думку, як перадае БелаПАН, выказаў старшыня рады Цэнтру сацыяльна-эканамічных дасьледваньняў (CASE) прафэсар Марэк Дамброўскі (Польшча), у сваім выступе 14 сьнежня ў Менску перад удзельнікамі міжнароднай канфэрэнцыі “Магчымасьці падтрымкі эканамічнага разьвіцьця Беларусі”.
Штогод краіны сьвету падаюць ААН зьвесткі аб сваіх зьдзелках па куплі-продажу вайсковай тэхнікі. У сьпіс, які яны падаюць ААН, уваходзяць танкі, бронемашыны, буйнакалібэрная артылерыйская зброя, самалёты, верталёты, баявыя караблі й ракеты. Сьпіс ААН няпоўны, бо ён улічвае толькі дадзеныя, якія падаюцца краінамі добраахвотна.
Прэзыдэнту Сырыі Башару Асаду перададзенае пасланьне яго беларускага калегі Аляксандра Лукашэнкі. Як перадае карэспандэнт РІА "Новости", пасланьне ўручыў міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў, які знаходзіцца зь візытам у Дамаску.
Перамовы міністра абароны Беларусі Леаніда Мальцава й начальніка генштабу Алжыру Махамэда аль-Амары па пытаньнях разьвіцьця ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва дзьвюх краінаў прайшлі ў суботу ў Алжыры.
Галоўны рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч сёньня адпраўляецца на “хімію” ў Баранавічы. Выяжджаць зь Менску Івашкевіч будзе а 12.00 з Управы БНФ (вул. Варвашэні,8).
Журналіста асудзілі да двух гадоў абмежаваньня волі за “замах на зьнявагу й паклёп на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”. Крымінальная справа была распачатая пракуратурай Першамайскага раёну Менску ў жніўні 2001 году па факту публікацыі ў перадвыбарчым нумары газэты артыкулу “Злачынца павінен сядзець у турме”. Матэрыял распавядаў аб карупцыі ва ўладзе. Спэцвыпуск ня трапіў да чытача: увесь наклад быў канфіскаваны яшчэ ў друкарні. Спачатку Віктар Івашкевіч праходзіў па справе сьведкам. 20 чэрвеня сёлетняга году галоўнаму рэдактару газэты ўручылі пастанову аб прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці ў якасьці абвінавачанага. Суд над журналістам быў закрытым.
Для Беларусі прыйшоў час рашуча рухацца па шляху рынкавых рэформаў. Пры гэтым неабходна выкарыстоўваць высокакваліфікаваную працоўную сілу, стратэгічна выгаднае становішча для транзітнага гандлю й лёккай прамысловасьці, таксама нізкі ўзровень вонкавага доўгу. Такую думку выказала прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) у Беларусі Зузана Брыксіова, выступаючы 14 сьнежня ў Менску на міжнароднай канфэрэнцыі “Магчымасьці падтрымкі эканамічнага разьвіцьця Беларусі”.
За 9 месяцаў сёлетняга году ў параўнаньні з ягоным пачаткам агульная колькасьць насельніцтва Беларусі скарацілася на 37,9 тысячы чалавек. І хоць мы па звычцы паўсюль згадваем лічбу ў 10 мільёнаў, нас ужо толькі 9 мільёнаў 913 тысячаў.
Трэці месяц работніцы салігорскага швацкага прадпрыемства “Купалінка” спрабуюць прыцягнуць увагу ўладаў і грамадзкасьці да той бязвыходнасьці, у якой яны апынуліся. Зь лістоў у гарвыканкам: “Працуем у адну зьмену, па чарзе, асобнымі звёнамі, брыгадамі, участкамі. Астатнія сядзяць дома на 2/3 тарыфнай стаўкі першага разраду. Заробак ад 17 да 30-40 тысячаў рублёў. Пры чым частку заробку аддаюць прадукцыяй. За цэлы месяц -- 50-60 тысячаў, але толькі цэлы месяц даўно ніхто не працуе. Дый гэтыя гаротныя капейкі ня выплочваюць: замест 12 чысла -- са скандалем 25--27-га. Работнікі згубілі давер да дырэктара прадпрыемства...".
Калегія Міністэрства адукацыі Беларусі адмяніла паралельнае паступленьне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы рэспублікі. Аднак абітурыенты могуць паспрабаваць свае сілы на экзаменах у розных ВНУ. Тэрміны паступленьня ў іх будуць адрозьнівацца і будуць цягнуцца з 15 ліпеня па 29 жніўня.
Сельскія гаспадаркі й прадпрыемствы рэспубліканскай формы ўласнасьці значна палепшылі аплату за энэргарэсурсы. Як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўленьня энэргетыкі й транспарту Мінсельгасхарчу Аляксандар Равінскі, у лістападзе аплочана 87,2 адсоткі спажытай электраэнэргіі і 96,7 адсоткі выкарыстанага прыроднага газу. Гэтыя паказчыкі, несумненна, вышэй за тыя, што былі ў сельскіх прадпрыемстваў раней. Аднак дабіцца поўнай аплаты за энэргарэсурсы так і не ўдалося. Перад кіраўнікамі сельскіх прадпрыемстваў пастаўленая задача за апошнія дні сьнежня забясьпечыць плату за два апошнія месяцы.
За мінулы тыдзень у рэспубліцы адбыўся 31 няшчасны выпадак на вытворчасьці. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Дэпартамэнце дзяржаўнай інспэкцыі працы Міністэрства працы й сацыяльнай абароны, у выніку надзвычайнага здарэньня на вытворчасьці пацярпелі 34 работнікі. Для дзевяці зь іх траўмы сталі сьмяротнымі.
Сёлета органы ўнутраных справаў Беларусі разгледзілі больш за 10 тысячаў заяваў грамадзянаў аб выезьдзе за мяжу на сталае месца жыхарства. Асноўныя краіны, куды выяжджаюць на сталае жыхарства грамадзяне Беларусі, -- гэта Расея, ЗША, Ізраіль і Ўкраіна. Такія дадзеныя былі агучаныя 13 сьнежня ў Менску на паседжаньні “круглага стала” па пытаньнях візавай палітыкі й памежнага кантролю, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі МУС, МЗС і іншых дзяржаўных структураў. Акрамя афармленьня дакумэнтаў для выезду на сталае месца жыхарства, органамі ўнутраных справаў Беларусі сёлета разглядалася звыш 430 тысячаў заяваў грамадзян аб афармленьні дакумэнтаў для выезду за мяжу на часовае жыхарства.