Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Марэк Дамброўскі: Беларусь ня мае шанцаў уступіць у СГА 11:30, 16/12/2002
У цяперашняй сытуацыі Беларусь “ня мае ніякіх шанцаў” на ўступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю й зьбліжэньне з Эўразьвязам. А гэта азначае, што ўмовы замежнага гандлю, інвэстыцыяў і іншых формаў замежнаэканамічных стасункаў у Беларусі будуць пагаршацца. Такую думку, як перадае БелаПАН, выказаў старшыня рады Цэнтру сацыяльна-эканамічных дасьледваньняў (CASE) прафэсар Марэк Дамброўскі (Польшча), у сваім выступе 14 сьнежня ў Менску перад удзельнікамі міжнароднай канфэрэнцыі “Магчымасьці падтрымкі эканамічнага разьвіцьця Беларусі”.
Акрамя палітычнай, расьце і эканамічная ізаляцыя краіны, лічыць Дамброўскі. Цяперашнюю эканамічную сыстэму Беларусі, на яго думку, наўрадці магчыма назваць рынкавай нават па стандартах краінаў СНД. Якасьць і ступень збалянсаванасьці таварных рынкаў шмат у чым нагадвае час “эканомікі дэфіцыту”, лічыць Дамброўскі. Доля замежнага капіталу ў эканоміцы Беларусі раўняецца нулю, адзначыў польскі эканаміст. Паводле старшыні рады CASE, згодна ўсіх рэйтынгаў (напрыклад, Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця ці Ўсясьветнага банку), які ацэньвае працэс трансфармацыі, Беларусь лічыцца ў групе краінаў-аўтсайдэраў як у галіне пабудовы рынкавых адносінаў, так і ў сфэры дэмакратызацыі й грамадзянскіх свабодаў. Горш за ўсё, мяркуе прафэсар, што становішча Беларусі ў абедзьвух сфэрах значна пагоршылася з сярэдзіны 90-ых гадоў. Хаця Беларусь “ніколі не лічылася лідэрам працэсу трансфармацыі”, усё ж такі дыстанцыя між гэтай краінай і яе суседзямі ніколі не была такой вялікай, як сёньня, заявіў польскі эканаміст. Кажучы аб суседзях Беларусі, М.Дамброўскі нагадаў, што 3 з 5 непасрэдных яе суседзяў -- Латвія, Літва й Польшча – праз паўгады стануць паўнапраўнымі сябрамі Эўразьвязу. У сваю чаргу, Расея й Ўкраіна вядуць інтэнсіўныя перамовы аб уступленьні ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю і маюць шанцы завершыць гэты працэс у бліжэйшыя 2-3 гады. А сяброўства ў УГА “адчыніць ім дзьверы” да пачатку перамоваў аб свабодным гандлі з пашыраным Эўразьвязам. “Транзытнае становішча Беларусі – адно з самых лепшых у Эўропе”, -- адзначыў Дамброўскі. Будучая мяжа з Эўразьвязам, на яго думку, таксама магла б садзейнічаць эканамічнаму й сацыяльнаму разьвіцьцю краіны, аднак для гэтага патрэбна зьбліжэньне эканамічных, інстытуцыянальных і прававых сыстэмаў, што пакуль зьяўляецца маларэальнай пэрспэктывай, мяркуе польскі прафэсар.