|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Беларусь перастае быць нэйтральнай краінай? 14:33, 26/12/2002, Радыё Свабода
Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі стрымана ставіцца да адкрыцьця пад Баранавічамі радыёлякацыйнай станцыі расейскіх касьмічных войскаў. Павал Казлоўскі лічыць, што з увядзеньнем гэтай станцыі істотна мяняецца роля Беларусі ў вайсковай сыстэме Эўропы, але што да бясьпекі непасрэдна Беларусі, то Павал Казлоўскі лічыць, што яна павялічылася: “Магчыма згадаць вайну ў Пэрсідзкай затоцы, іншыя войны. Першыя ўдары наносяцца па аб’ектах выведкі, па радыёлякацыйных станцыях і гэтак далей. А гэта якраз адна з такіх станцыяў, але з большымі магчымасьцямі, чым вайсковыя РЛС. Таму, ня дай Бог, пачнецца вайсковы канфлікт паміж Расеяй і НАТО, мы гэтага безумоўна ня хочам, але трэба ўлічваць, што станцыя пад Баранавічамі апынецца ў ліку аб’ектаў, якія трапяць пад першы ўдар. Які? Горш, калі ядзерны ці авіяцыйны, ці ракетамі дакладнага пападаньня. Але ў любым выпадку, удар будзе нанесены. Таму, безумоўна, пагроза Беларусі ёсьць. Нават калі Беларусь ня будзе ўдзельнічаць у такім канфлікце, ніхто ня будзе глядзець на гэтую пазыцыю, і ўдар абавязкова нанясуць”, - лічыць Казлоўскі. Павал Казлоўскі нагадаў, што падобныя станцыі з савецкага часу будаваліся ў Латвіі, ва Ўкраіне, на Каўказе і пад Краснаярскам у Расеі. Зь іх мелася зрабіць своесаблівы пояс абароны цэнтру Расеі супраць стратэгічных ракетаў НАТО. З распадам СССР гэтыя пляны былі адсунутыя. Станцыя ў латвійскім горадзе Скрундзе тры гады таму была зьнішчаная, станцыі пад Львовам і на Каўказе гэтак і не дабудавалі, і толькі Беларусь пагадзілася даць магчымасьць касьмічным войскам Расеі дабудаваць станцыю і арандаваць яе для сваіх патрэбаў. Гэткае пагадненьне ўзьнікла пасьля заключэньня адпаведных абаронных дамоваў у межах саюзу Беларусі й Расеі. Між тым, Павал Казлоўскі згадаў час, калі лёс станцыі пад Баранавічамі мог вырашыцца інакш. Паводле яго, у першай палове 1990-х гадоў найбольш выразна загучалі галасы на карысьць адмовы ад далейшага будаваньня станцыі зь меркаваньняў будучага нэўтралітэту Беларусі. Павал Казлоўскі адзначае, што з таго часу вэктар замежнай палітыкі краіны павярнуў на ўсход, аднак і ў Канстытуцыі 1996 году застаўся артыкул, паводле якога Беларусь імкнецца набыць гэты статус. “Цяпер, пры наяўнасьці радыёлякацыйных станцыяў пад Баранавічамі, нам ніхто не паверыць, што мы ўсур’ёз плянуем быць нэўтральнымі”, — заўважае Павал Казлоўскі. Камэнтуючы ўвядзеньне станцыі касьмічных войскаў Расеі пад Баранавічамі, лідэр БСДП Мікалай Статкевіч нагадаў пра дэпутацкую камісію Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, якая адмыслова вывучала праблему шкоднага ўзьдзеяньня гэтага аб’екту на здароўе грамадзянаў Беларусі. Дэпутаты палічылі магчымым увядзеньне станцыі, але былы дактарант Вайсковай акадэміі Мікалай Статкевіч ня лічыць, што такое рашэньне было правільным з навуковага гледзішча. “Любое радыеактыўнае выпраменьваньне на звышвысокіх частотах шкоднае, яно аказвае нэгатыўнае ўзьдзеяньне на людзей. Іншая справа, якой ступені гэтая небясьпека, але збольшага яна ёсьць. Але я кажу, што гэта ўсё ж не галоўнае, а галоўнае тое, што Беларусь сапраўды становіцца часткай сыстэмы стратэгічнага ядзернага стрымліваньня Расеі з усімі адпаведнымі наступствамі”. Мікалай Статкевіч лічыць, што Беларусь цяпер апынулася ў закладніках стасункаў Расеі з краінамі НАТО, і гэты факт лідэр БСДП не вітае. Але на думку Мікалая Стакевіча, ад увядзеньня станцыі пад Баранавічамі для Беларусі ёсьць і пэўны здабытак. Сярод іншага ён адзначае тое, што цяпер зьявіўся новы важкі аргумэнт у перамовах з Расеяй, і справа ў тым, каб гэтым аргумэнтам удала карыстацца. Прыкладам, яго магчыма ўвасобіць у эканамічныя прывілеі альбо ў немалыя грошы кампэнсацыі, лічыць Статкевіч. Паводле Мікалая Статкевіча, варта весьці гаворку пра некалькі соцень мільёнаў даляраў, якіх можа каштаваць карыстаньне іншай краінай такім аб’ектам як РЛС пад Баранавічамі. Мікалаю Статкевічу, аднак невядома, ці дамовілася цяперашняе кіраўніцтва Беларусі аб гэткай грашовай кампэнсацыі, ці Расея будзе расплачвацца за станцыю палітычнай падтрымкай дзейнаму кіраўніку краіны. У прэсавай службе Міністэрства абароны Беларусі адказалі, што там ня ведаюць пра тое, што Расея нешта плаціць Беларусі за карыстаньне станцыяй пад Баранавічамі. “Гэта расейская станцыя, таму пытаньне аб аплаце хутчэй за ўсё палітычнае”, — адказаў супрацоўнік прэсавай службы Міхаіл Сьцепановіч. Як да радыёлякацыйнай станцыі ставяцца жыхары Ганцавічаў? Пра тое, што побач знаходзіцца расейская радыёлякацыйная станцыя “Волга”, у Ганцавічах ды раёне ведаюць пэўна ўсе. Прынамсі, ейны вялізны корпус, што ўзвышаецца над Машукоўскім лесам, відаць ці не паўраёну. Аднак што гэта за аб’ект, якія функцыі ён будзе выконваць і якія наступствы ягонае існаваньне можа мець для экалёгіі, мясцовае насельніцтва збольшага ня ведае. Часьцей адносна “Волгі” можна пачуць у Ганцавічах думкі, як у гэтых спадароў: “Людзі гавораць, але што? Кажуць, што на здароўе ўплывае”. “Гаварыць бяз толку. Ніхто нічога пра гэта ня піша, мы нічога пра гэта ня ведаем: шкодна ці няшкодна”. Сапраўды, якую-небудзь інфармацыю пра станцыю ў Ганцавічах знайсьці немагчыма. Нават мясцовыя кіраўнікі пра “Волгу” толкам сказаць нічога ня могуць, абмяжоўваюцца агульнымі выразамі. Хоць які камэнтар давялося атрымаць ад дэпутата «палаты прадстаўнікоў», сябра парлямэнцкай камісіі па ахове навакольнага асяродзьдзя Мікалая Сяргеенкі: “Гэтая станцыя прызначаная для вядзеньня радыёлякацыйнага назіраньня ў сыстэме абароны ад “першынгаў” і “тамагаўкаў”. Гэта станцыя сыстэмы папярэджваньня ракетнага нападу. Яна ўваходзіць у сыстэму касьмічных сілаў Расеі. Па сутнасьці, гэта расейскі касьмічны аб’ект на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Ён для нас, беларусаў, закрыты. Закрыты на ўсіх узроўнях”. Спадар Сяргеенка кажа, што нават яго як дэпутата на станцыю не прапускаюць. Аднак ён мае ўсе падставы сьцьвярджаць, што станцыя “Волга” заслугоўвае асаблівай увагі з боку эколягаў. Найперш, з той прычыны, што пры яе працы будзе выкарыстоўвацца вялікая колькасьць вады, прытым вады якаснай, з глыбінных свідравінаў. Небясьпеку маюць і вялікія электрамагнітныя выпраменьваньні, што будуць зыходзіць ад лякатараў. Паводле Мікалая Сяргеенкі, узьдзеяньне гэтых выпраменьваньняў на жывыя істоты адразу незаўважнае, ягоныя наступствы будуць бачныя толькі празь некалькі дзясяткаў гадоў.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|