Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Галяндзкія грамадзяне патрабуюць ад Лукашэнкі праўду аб зьнікненьні апазыцыянэраў 12:13, 09/01/2003
Галяндзкае аддзяленьне міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty Іnternational адправіла на імя Аляксандра Лукашэнкі чарговы зварот з патрабаваньнем высьвятліць праўду пра лёс зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. Зварот падпісалі больш за 450 грамадзянаў Галяндыі – звычайных жыхароў невялікіх галяндзкіх гарадоў і вёсак. “У Галяндыі ўсё больш людзей непакоіць тое, што расьсьледаваньне аб зьнікненьні Зьмітра Завадзкага, Юры Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага не прасоўваецца. У знак гэтай занепакоенасьці 452 галяндца падпісалі пэтыцыю да Вас на ангельскай мове, якую я дасылаю ў дадатку. Сто сорак людзей асабіста падпісалі ліст да вас, а 312 зь іх пагадзіліся зь ім праз вэб-сайт Міжнароднай Амністыі. Іх імёны зьмешчаныя ў сьпісе дадатку. Яны ўважліва сочаць за інфармацыяй аб гэтых справах, якую ўсё часьцей публікуюць галяндзкія сродкі масавай інфармацыі”, - гаворыцца ў лісьце кіраўніка групы Міжнароднай амністыі галяндзкага горада Наатдорп Эрыка Кісінга.
Вось тэкст звароту да Аляксандра Лукашэнкі, які падпісалі 452 грамадзяніна Галяндыі. “Спадар Лукашэнка, Я выказваю занепакоенасьць тым фактам, што месцазнаходжаньне апэратара Зьмітра Завадзкага, які зьнік 7 ліпеня 2000 году, да гэтага часу невядомае. Нягледзячы на тое, што ў 2001 годзе два чалавекі сталі перад судом па абвінавачваньні ў выкраданьні Завадзкага, я занепакоены тым, што бок абвінавачваньня не дасьледаваў сьведчаньні аб датычнасьці высокапастаўленых чыноўнкаў да зьнікненьня Завадзкага. Я таксама занепакоены недастатковым прагрэсам у расьсьледаваньні зьнікненьня Юры Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага ў 1999 годзе. У гэтай справе таксама не былі дасьледаваныя шматлікія сьведчаньні, якія адкрыта публікаваліся ў газэтах, а таксама некаторыя дакумэнты. Няведаньне таго, што здарылася зь іхнымі мужамі, бацькамі і сынамі занадта доўгі час мардуе сем’і гэтых людзей. Я заклікаю вас пакласьці канец гэтай беспакаранасьці і пераканацца ў тым, што абвінавачваньне расьсьледуе ўсе даступныя матэрыялы па гэтых справах. Шчыра вашыя, (далей ідзе сьпіс прозьвішчаў галяндзкіх грамадзян)”