|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Дзьмухаўцы для хамячкоў 11:01, 09/01/2003, Людміла Гразнова, каардынатар Хартыі’97 па правох чалавека 1980 год. Юры Бандажэўскі скончыў Гарадзенскі мэдычны інстытут і атрымаў накіраваньне ў клінічную ардынатуру па паталягічнай анатоміі. За два гады падрыхтаваў кандыдацкую дысэртацыю аб уплыве розных фактараў на патомства пацукоў. На аснове гэтых дасьследаваньняў Міністэрства аховы здароўя забараніла прымяненьне тыяміну цяжарным жанчынам, бо гэты прэпарат выклікаў хібы і ненармальнасьці ў нашчадкаў. У кватэры бацькоў, у адным з пакояў, Бандажэўскі трымаў 2-3 тысячы хамякоў, над якімі ставіў экспэрымэнты. Увесь пакой быў застаўлены пасудзінкамі, у якіх было па 20-30 хамячкоў. Пах у кватэры быў жахлівы. Але іншага выйсьця не было, бо ў ардынатуры нікому не даюць асобную лябараторыю. Усе сваякі дапамагалі яму. Кармілі хамячкоў: на сьняданак давалі лісты дзьмухаўцоў, на абед – тварог, на вячэру – хлеб і зерне. Бандажэўскі ставіў экспэрымэнты: уводзіў вітаміны, рабіў злучку, вывучаў прыплод. 30 сьнежня 2002 году. Зь ліста Бандажэўскага да родных: “Дарагія, родныя мае! Дасылаю вам сыстэму выжываньня чалавека. Гэтую кнігу я склаў для дапамогі людзям, якія трапілі ў экстрэмальныя ўмовы, зьвязаныя з пазбаўленьнем волі. Так як і яны, я выпрабоўваюся няволяй. Я шмат перажыў і перадумаў, і зразумеў, што жыцьцё чалавека цалкам належыць Богу. Толькі вера ў яго дазваляе ўратаваць душу і цела ад разбурэньня. Зь Ягонай волі я і стварыў гэтую працу.”. 1983 год. Юры Бандажэўскі – малодшы навуковы супрацоўнік Цэнтральнай навукова-дасьледчай лябараторыі пры Гарадзенскім мэдінстытуце. За тры гады піша доктарскую дысэртацыю, якую абараніў у Каўнасе ў 1988 годзе. На абароне яму прарочылі вялікую будучыню ў мэдыцыне. Ён быў самым маладым докарам навук у СССР. 30 сьнежня 2002 году. Зь ліста Бандажэўскага да родных: “Людзі, якія трапілі ў бяду, арыштаваныя, вязьненыя, перажываюць калясальны стрэс. Гэты стан незвычайнай напругі закранае ўсе сыстэмы. Чалавек адразу пачынае адчуваць энэргетычны голад, нават пры тым, калі будзе прымаць ежу. Найбольш адчувальныя да недахопу клеткі жыцьцёва важных органаў – галаўнога мозгу, сэрца, печані, нырак, эндакрынавай сыстэмы”. 1991 год. Бандажэўскі ўганараваны званьнем прафэсара. Ён самы малады прафэсар мэдыцыны ў Саюзе. Яму прапануюць стварыць мэдычную ВНУ ў Гомлі. Пасьля Чарнобыльскае аварыі ўсходнія вобласьці мелі вялікую патрэбу ў мэдычных кадрах. Зьехала шмат дактароў габрэяў. Ён пачынаў з пустога месца. Знайшоў будынак адміністратыўнага копусу. Падабраў кадры. За год працы ня толькі ўкамплектаваў выкладчыкамі ВНУ, але і набраў на ўсе курсы студэнтаў. У 1992 годзе адбыўся першы выпуск студэнтаў. 30 сьнежня 2002 году. Зь ліста Бандажэўскага да родных: “Мэтад энэргетычнай падпіткі мозгу дазваляе кіраваць патокамі энэргіі ў арганізьме. Ён уключае ў сябе шэраг адмысловых позаў, якія ліквідуюць застойныя зоны і пэўныя чаргаваньні напругаў і распаволенасьцяў разьмешчанай у ніжняй вобласьці тазу мышцы, якая адыгрывае ролю “генэратара энэргіі”. 1999 год. Бандажэўскі выпусьціў 1000-га доктара для Гомельскай і Магілёўскай абласьцей. У Міністэрстве аховы здароўя адзначылі, што зьнятая праблема доктарскіх кадраў для гэтага рэгіёну. З 1990 па 1999 год ён падрыхтаваў 26 кандыдатаў навук. Браў моладзь на кафэдры і даваў ім чарнобыльскую тэматыку. 30 сьнежня 2002 году. Зь ліста Бандажэўскага да родных: “Экстрэмальны стан забавязвае чалавека шукаць выхад. Для гэтага неабходна вызначыць сваё стаўленьне да навакольнага сьвету, вызначыць канкрэтныя мэты ў жыцьці, а таксама спосабы іх дасягненьня. У моманты скрайняй псыхічнай напругі гэта не заўсёды можна ажыцьцявіць без належнай псыхалягічнай падрыхтоўкі. Лічу сваім маральным абавязкам пазнаёміць тых, хто мае патрэбу ў такога кшталту падтрымцы, з мэтай іх выжываньня ня толькі фізычна, але і духоўна. Пачуцьцё страху ўзьнікае практычна ў кожнага чалавека, які ўпершыню сутыкнуўся з сытуацыяй пазбаўленьня волі. Ад яго нельга проста так пазбавіцца”. 2001 год. Выйшла кніга Бандажэўскага “Радыяцэзый і сэрца”. У наступным годзе была надрукаваная кніга “Паталягічныя працэсы ў арганізьме пры інкарпарацыі радыянуклідаў”. З гэтым матэрыялам ён выступаў у “парлямэнце” і казаў, што нацыі пагражае выраджэньне, калі не прыняць неабходныя меры. За гэтыя распрацоўкі ён быў узнагароджаны медалём і залатой зоркай Альбэрта Швэйцэра. Французская арганізацыя “Дактары супраць атамнай вайны” ўзнагародзілі яго медалём Гіпакрата. Ён аўтар больш як 250 навуковых прац і 7 вынаходніцтваў. Пад ягоным кіраўніцтвам падрыхтавана 30 кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацыяў. 30 сьнежня 2002 году. Зь ліста Бандажэўскага да родных: “Варта падкрэсьліць, што і сама рэакцыя арганізма на стрэс залежыць ад групавой прыналежнасьці. У прыватнасьці, людзі з 2-ой групай крыві схільныя да празьмернай рэакцыі нават на нязначны фактар стрэсу, рэагуе падвышаным утрыманьнем адрэналіну і картызолу ў пэрыфірычнай крыві, да іх блізкія і асобы з 3-яй групай. А вось людзі зь першай групай больш устойлівыя да стрэсу, чым людзі з згаданымі групамі. Па гэтым паказчыку да іх блізкія людзі з 4-ай групай крыві.” З васьмі гадоў выраку Бандажэўскі адседзіў два. Ён пакутуе, што ня можа працаваць, праводзіць дасьсьледаваньні, кантактаваць з калегамі. Марыць пра той час, калі трымаў хамячкоў, карміў іх дзьмухаўцамі, ставіў над імі экспэрымэнты і пазбаўляў цяжарных жанчын ад прыёму шкодных рэчываў.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|