Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пракуратура мае намер прыпыніць расьсьледаваньне зьнікненьняў Ганчара і Красоўскага 10:57, 09/01/2003
Сьледчы менскай гарадзкой пракуратуры Ўладзімер Чумачэнка заявіў Радыё Свабода, што мае намер прыпыніць расьсьледаваньне справы пра зьнікненьне Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Гэтае рашэньне пакуль не прынятае, аднак адпаведныя дакумэнты рыхтуюцца, паведаміў Уладзімер Чумачэнка. Сваё рашэньне ён тлумачыць марнасьцю спробаў пасьпяхова завершыць справу ў найбліжэйшы час.
16 верасьня 1999 году невядомыя захапілі намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету, аднаго зь лідэраў апазыцыі Віктара Ганчара і ягонага сябра і аднадумца, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. З таго часу пракуратура гораду безупынна вяла расьсьледаваньне гэтай справы. На сёньняшні дзень адзіны вынік гэтага расьсьледаваньня — прызнаньне таго, што Ганчар з Красоўскім ня самі зьніклі, а былі скрадзеныя ў выніку гвалтоўных дзеяньняў. За час расьсьледаваньня пракуратура двойчы мяняла сьледчых, аднак і гэта выніку не дало. Адвакат сваякоў зьніклых Гары Паганяйла гэтаму не зьдзіўляецца. Ён лічыць, што асобы пры ўладзе, якія маюць дачыненьне да зьнікненьняў, ніколі не дазволяць Уладзімеру Чумачэнку нават пры ягоным жаданьні высьветліць праўду у гэтай справе. “Яны, вядома, кантралююць расьсьледаваньне, яны не дазваляюць Чумачэнку дзейнічаць адпаведна зь ягонымі паўнамоцтвамі. Ды і сам ён ведае, што як толькі выйдзе за пазначаныя межы, атрымае па руках”, - лічыць адвакат. Ірына Красоўская заявіла, што жонкі зьніклых не пагодзяцца з рашэньнем прыпыніць расьсьледаваньне. Разам зь Зінаідай Ганчар яна будзе дамагацца аднаўленьня сьледчых дзеяньняў у поўным аб’ёме. Ірына Красоўская кажа, што паводле меркаваньня дасьведчаных людзей з пракуратуры, пры жаданьні дастаткова месяца, каб завершыць справу і высьветліць праўду пра зьнікненьні. “Але гэта магчыма толькі пры іншай уладзе”, — лічыць Ірына Красоўская.