Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь выступае ў абарону Паўночнай Карэі 10:54, 09/01/2003
Беларусь “зацікаўленая ў хуткім вырашэньні паўночнакарэйскага крызысу мірнымі сродкамі і недапучшэньні эскалацыі канфлікту”. Як паведамілі карэспандэнту "Росбалт" у сераду ў прэсавай службе МЗС Беларусі, гэткая пазыцыя беларускага боку была абвешчаная падчас пазачарговай сэсіі Рады кіроўчых Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (кіроўчы орган МАГАТЭ).
У часе сэсіі разглядалася пытаньне аб невыкананьні Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай (КНДР) пагадненьня аб прымяненьні гарантыяў у сувязі з дамоваю аб нераспаўсюдзе ядзернае зброі. Паводле інфармацыі беларускага МЗС, у дакладзе генэральнага дырэктара МАГАТЭ Махамэда эль Барадэя канстатавалася, што нядаўнія аднабаковыя дзеяньні і заявы кіраўніцтва КНДР – размарожваньне працы некаторых ядзерных установак, разгортваньне непадкантрольнай ядзернай праграмнай дзейнасьці, а таксама высылка інспэктароў МАГАТЭ з краіны - супярэчаць міжнародным забавязкам Паўночнае Карэі. Акрамя таго, асабліва адзначалася, што намаганьні МАГАТЭ, прыкладзеныя на ажыцьцяўленьне рэжыму гарантыяў у гэтай краіне, не знайшлі разуменьня ў кіраўніцтва КНДР. Сэсія прыняла рэзалюцыю, у якой утрымліваецца пакет першачарговых мераў па нармалізацыі супрацоўніцтва КНДР з МАГАТЭ ў галіне рэжыму гарантыяў. “Рэспубліка Беларусь, - гаворыцца ў паведамленьні беларускага МЗС, - як пасьлядоўны прыхільнік рэжыму па нераспаўсюду ядзернае зброі, лічыць, што безумоўнае прымяненьне рэжыму гарантыяў зьяўляецца прынцыповай перадумовай для забесьпячэньня стабільнасьці і міжнароднай бясьпекі”.