Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Беларусі зьменяць правілы перарэгістрацыі рэлігійных арганізацыяў 12:13, 09/01/2003
Мінюст Беларусі бліжэйшым часам плянуе зацьвердзіць дакумэнт, які вызначае правілы перарэгістрацыі рэлігійных арганізацыяў на тэрыторыі рэспублікі. Пра гэта "Интерфаксу" паведамілі ў Камітэце па рэлігіі пры Савеце міністраў Беларусі. У дакумэнце выкладзеныя асноўныя сьцьверджаньні, якія будуць дэталізаваць нормы новага закону “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”, падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам 30 кастрычніка 2002 году.
Начальнік аддзелу па справах рэлігіяў Аляксандар Калінаў паведаміў "Интерфаксу", што перарэгістрацыя будзе тычыцца толькі тых арганізацыяў, статуты якіх былі зарэгістраваныя да ўступленьня ў сілу новай рэдакцыі закону. Ён падкрэсьліў, што “статус ніводнай рэлігійнай арганізацыі, якая дзейнічае на тэрыторыі Беларусі, з прыняцьцем дадзенай уставы ня будзе зьніжаным”. Галоўная мэта дакумэнту ў тым, каб усе рэлігійныя арганізацыі прывялі свае статуты ў адпаведнасьць з нормамі закону аб рэлігійных арганізацыях, які ўступіў у сілу. “Для таго, каб азнаёміць усіх з правіламі перарэгістрацыі, камітэт плянуе правесьці адмысловыя лекцыі і сэмінары. Такія дзеяньні дапамогуць больш сплянавана і арганізавана правесьці перарэгістрацыю”, - адзначыў Калінаў. Нагадаем, што з моманту зьяўленьня праекту новага Закону аб рэлігіі да моманту ягонага падпісаньня кіраўніком дзяржавы – прадстаўнікі практычна ўсіх канфэсіяў напісалі ў парлямэнт і асабіста Лукашэнку сотні зваротаў пратэсту, наладзілі некалькі акцыяў. Паралельна да Лукашэнкі зьвярнуліся многія міжнародныя і палітычныя структуры – ад Дзярждэпартамэнту ЗША і АБСЭ з Радай Эўропы да “Рэпарцёраў бязь межаў” і Агульнарасейскага грамадзкага руху “За правы чалавека” з просьбай не ўводзіць у краіне царкоўнай цэнзуры і забясьпечыць роўнасьць усіх рэлігійных канфэсіяў. Пярэчаньні выклікаюць, напрыклад, такія сьцьверджанні закону, як правядзеньне рэлігіяведчай экспэртызы выдавецкае прадукцыі, увядзеньне больш строгага падыходу да пытаньняў рэлігійных арганізацыяў, а таксама тое, што правядзеньне хатніх групаў па вывучэньні Бібліі павінна праходзіць толькі пасьля атрыманьня дазволу ад мясцовых уладаў. Акрамя таго, закон адкрыта ўзьвялічвае праваслаўе над астатнімі канфэсіямі.