Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дэмакратычныя прафсаюзы просяць абароны ад свавольства ўладаў 14:35, 09/01/2003, www.praca.by
У сувязі з патрабаваньнем кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі перазаключыць раней падпісаныя дамовы з павелічэньнем арэнднай платы ў 10 разоў, лідэры БКДП, Свабоднага прафсаюзу Беларускага, Свабоднага прафсаюзу металістаў, Дэмакратычнага прафсаюзу транспартнікаў і Беларускага незалежнага прафсаюзу распаўсюдзілі зварот да прафсаюзных арганізацыяў, сябрам прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. “Нас спрабуюць любым чынам высяліць і, тым самым, пазбавіць юрыдычнай адрэсы. Каардынуючы свае дзеяньні з выканаўчай уладаю, кіраўніцтва ФПБ ня робіць тайны з таго, што БКДП і прафсаюзы, якія ўваходзяць у яго, ня знойдуць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь магчымасьці атрымаць новую юрыдычную адрэсу. У выніку, праз задумку прэзыдэнцкіх паліттэхнолягаў, незалежны прафсаюзны рух Беларусі стане перад рэальнай пагрозай ліквідацыі”, - гаворыцца ў звароце.
ЗВАРОТ Да прафсаюзных арганізацыяў, сябраў прафсаюзаў, якія ўваходязць у Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў Паважаныя калегі, сябры! Мы зьвяртаемся да Вас у крытычны момант нашай не такой ужо вялікай, але славутай гісторыі. Без магчымасьці заціснуць нас традыцыйнымі мэтадамі, намэнклятурнымі інтрыгамі і адміністратыўным ціскам, баючыся ўступіць зь імі ў адкрытую дыскусію, зь нянавісьцю да нашага статуса, улада ў асобе старшыні ФПБ Л.Козіка, вырашыла прымяніць традыцыйны “вышкталцоны” варыянт расчысткі беларускага палітычнага і прафсаюзнага поля – проста выгнаць Кангрэс, Свабодны прафсаюз металістаў, Дэмакратычны прафсаюз транспартнікаў з плошчаў, якія яны займаюць. Ажыцьцяўляецца гэта шляхам цалкам незаконнага падняцьця ў 10 (!) разоў арэнднае платы за плошчы, якія мы займаем. Нас спрабуюць любым чынам высяліць і, тым самым, пазбавіць юрыдычнае адрэсы. Каардынуючы свае дзеяньні з выканаўчай уладаю, кіраўніцтва ФПБ ня робіць таямніцы з таго, што БКДП і прафсаюзы ў ягоным складзе ня знойдуць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь магчымасьці атрымаць новую юрыдычную адрэсу. У выніку, праз ідэю прэзыдэнцкіх паліттэхнолягаў незалежны прафсаюзны рух Беларусі стане перад рэальнай пагрозай ліквідацыі. Разьлік Л.Козіка і тых, хто нас “ЗАКАЗАЛ”, зразумелы і просты: стаўка робіцца, як было ўжо неаднойчы, на застрашэньне, на тое, што супраць нахабнай беспардоннай, абыякавай да ўсіх маральных, этычных і юрыдычных законаў і правілаў сілы, мы ня выстаім. А самае галоўнае – што застанемся адныя без усялякай падтрымкі. Перш за ўсё, з Вашага боку, з боку шэраговых сябраў прафсаюзаў, працоўнай клясы, лепшых прадпрыемстваў краіны, людзей, якія справядліва належаць да эліты народа, заслужылі вялікую павагу ўжо самім фактам свайго выбару: быць свабоднымі грамадзянамі. Мы чакаем, спадзяемся і разьлічваем на тое, што разам з Вамі мы адстаім гэтыю адзіную ў нашай краіне “выспачку свабоды” дзеля нас саміх, дзеля нашых дзяцей і ўнукаў, дзеля нашай любімай Беларусі, яе будучыні. Прэзыдэнт БКДП А.Ярашук, Старшыня СПБ Г.Быкаў, Старшыня СПМ В.Трошчы, Старшыня ДПТ В.Макарчук, в.а.Старшыні БНП М.Зімін”. P.S. Як стала вядома, прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў А.Ярашук накіраваў ліст на імя Генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусі В.Шэймана адносна незаконных дзеяньняў Л.Козіка.