Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ніякіх аптымістычных прагнозаў адносна дзейнасьці новага офісу АБСЭ ў Менску нельга рабіць да таго часу, пакуль ня стануць вядомымі рэальныя паўнамоцтвы новай місіі, заявіў адмысловы дакладчык Парлямэнцкае асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) па Беларусі Вольфганг Бэрэндт у інтэрвію Радыё Свабода 9 студзеня. Паводле яго, заключэньне пагадненьня аб стварэньні з 1 студзеня 2003 году новага офісу АБСЭ ў Менску зьяўляецца “пазытыўным момантам ў адносінах Беларусі і эўрапейскай супольнасьці”. Аднак закляпочанасьць парлямэнтара выклікае тое, што па-за новай дамовай між Менскам і Венай засталіся пытаньні назіраньня за правамі чалавека і свабодай СМІ ў Беларусі, перадае БелаПАН.
У вёсцы Крэва гэтае здарэньне абрасло чуткамі. Вяскоўцы кажуць, што 2 студзеня па дарозе зь Вільні ў Менск ехаў цэлы картэж амэрыканскай амбасады – тры джыпы. З адным зь іх сутыкнуўся калгасны трактар “Беларус”.
У 2003 годзе на стварэньне і разьвіцьцё Аб’яднанай сыстэмы супрацьпаветранай абароны дзяржаваў-удзельніц Садружнасьці і забесьпячэньне дзейнасьці Каардынацыйнага камітэту па пытаньнях СПА пра Савеце міністраў абароны СНД заплянавана скарыстаць больш за 259 млн. руб.
Колькаснасьць Узброеных сілаў Беларусі за 2002 год зьменшылася на 12 тысячаў чалавек. Пра гэта ў прамым этэры Беларускага радыё паведаміў у пятніцу начальнік кіраваньня інфармацыяй і маральна-псыхілягічнага забесьпячэньня Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Сераштан. Паводле яго, 2002 год увойдзе ў гісторыю беларускіх УС як “год карэнных пераўтварэньняў”. Нарматыўна-прававой базай для гэтых пераўтварэньняў зьявіліся прынятыя летась законы “Аб абароне”, “Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь”, шэраг урадавых дакумэнтаў.
Канец 2002 году прынёс посьпех шматмесяцовым намаганьням эвангельскіх
хрысьціянаў Беларусі ў абароне сваіх правоў. 24 сьнежня ў Першамайскім судзе сталіцы разглядаўся зыск Саюзу Хрысьціянаў Веры Эвангельскай й грамады ХВЭ г.Старыя Дарогі да Белтэлерадыёкампаніі і аўтара праграмы “Правы чалавека. Погляд на сьвет” Яўгена Новікава, аб абароне гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі.
Прэзэнтацыя дакладу аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі прайшла сёньня ў офісе прэсавага цэнтру Хартыі’97. Даклад з назовам “Кроніка парушэньняў правоў чалавека ў 2002 годзе” прадстаўляла каардынатар Хартыі’97 па правох чалавека Людміла Гразнова. У дакумэнце акумуляваная інфармацыя аб палітычных зьнікненьнях, катаваньнях, арыштах і затрыманьнях дырэктараў, прадпрымальнікаў і чыноўнікаў, адмовах у правядзеньні справядлівага адкрытага судовага працэсу, аб парушэньні свабоды слова і друку, свабоды мірных сходаў і аб’яднаньняў, свабоды вераспавяданьня, правоў прафсаюзаў, стаўленьне ўрада да міжнародных і няўрадавых расьсьледаваньняў парушэньняў правоў чалавека. У заключэньні Людміла Гразнова прааналізавала прававую сытуацыю ў краіне ў 2002 годзе наступным чынам: “Парушэньні правоў чалавека ў 2002 годзе ня менш маштабныя, чым падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Аляксандар Лукашэнка адкінуў ілюзіі на галоўную ролю ў расейска-беларускім зьвязе, сканцэнтраваўся на Беларусі. Для падрыхтоўкі трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну і адпаведнага рэферэндуму ўлада працягвае прыціскаць асноўныя правы і свабоды чалавека”.
Віцебскаму сябру АГП прысудзілі 10 сутак арышту за арганізацыю несанкцыянаванага пікету. Затрыманьне Фёдара Бакунова пад варту адбылося проста ў будынку суда, а сям’я затрыманага даведалася пра месца ягонага знаходжаньня толькі мінулай ноччу.
Зінаіда Ганчар сьцьвярджае, што пракуратура да гэтага часу не дапытала асноўных фігурантаў па справе аб зьнікненьні ейнага мужа Віктара Ганчара. Пра гэта яна распавяла ў інтэрвію Радыё Рацыя ў сувязі з намерам сьледзтва спыніць расьсьледаваньне справы аб зьнікненьні Ганчара і Красоўскага.
Актывіст руху ЗУБР Дзяніс Чыкалёў 9 студзеня быў затрыманы і жорстка зьбіты гомельскай міліцыяй. Прычынай гэтаму стала раздача мінакам навагодняга выпуску газэты “ЗУБР”.
Вялікапаважаныя сьвяты! Дзякуй вам за тое, што вы завяршыліся. Бо няма нічога больш штучнага і надзьмутага, чым шматдзённы афіцыйна абвешчаны запой. Прывітаньне, аэробіка! Прэч, салата “Аліўе”! Прайшоў твой час. На цэлы год.
Кіраўнікі прадпрыемстваў, якія не спынілі ўзьнікненьне несвоечасовай выплаты заробку, павінны быць звольненымі без права займаць у будучыні кіроўчыя пасады. Такое ўказаньне даў учора прэм’ер-міністру Беларусі Генадзю Навіцкаму кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка.
Уладзімер Пуцін адправіўся катацца на лыжах у Магнітагорск. ОРТ, самы папулярны расейскі тэлеканал, пачаў выпуск навінаў з паведамленьня пра гэтую падзею. Куды б не пайшоў расейскі прэзыдэнт – нават калі ў свой крамлёўскі офіс – камеры ОРТ заўсёды побач, журналісты стала рыхтуюць пазытыўныя рэпартажы.
Былая савецкая рэспубліка Беларусь можа падаць неабходны прытулак Садаму Гусэйну, якому кіраўніцтва Злучаных Штатаў намякнула пра тое, што яно, верагодна, дазволіць Гусэйну пакінуць межы Іраку, каб такім чынам прадухіліць наступ на Багдад. Візыт на мінулым тыдні прэзыдэнцкай дэлегацыі зь Беларусі ў Ірак, супаў па часе з прапановаю Міністра абароны ЗША Дональдам Рамсфілдам сям’і ірацкага лідэра пакінуць краіну. Вось што сказаў сп. Рамсфільд у тэлевізійным інтэрвію: “Калі яму не шкада разьвітвацца з зброяй масавага забойства, няхай ён пакіне краіну”.
Пры падпісаньні праекту Агульнай часткі Падаткавага кодэксу Рэспублікі Беларусь Аляксандар Лукашэнка прыбраў зь яго шэраг прынцыповых сьцьверджаньняў. Зараз яны будуць вынясеныя на абмеркаваньне абедзьвюх палат “парлямэнту”, паведаміла на прэсавай канфэрэнцыі 9 студзеня старшыня сталай камісіі па эканоміцы, бюджэту і фінансам Тацяна Быкава.
Беларускі спартовец, які стаў чэмпіёнам сьвету, атрымае ўзнагароду ў памеры да 350 базавых велічыняў, што складзе каля 2175 даляраў (1 базавая велічыня раўняецца 12 тыс. беларускіх рублёў, ці 6,2 даляраў). Пра гэта гаворыцца ў пастанове Савету міністраў Беларусі, які зацьвердзіў памеры ўзнагарод пераможцам і ўдзельнікам спартовых спаборніцтваў, а таксама іх трэнерам.
У другой палове ўчорашняга дня жыхары 86-кватэрнага шматпавярховага дома ў Гомлі засталіся без ацяпленьня. Пры гэтым у некаторых кватэрах пад моцным напорам гарачая вада прабіла трубы і выцякла ў жылыя пакоі.
Беларускія прадпрыемствы ашчадзілі летась за кошт зьмяншэньня тарыфаў на энэрганосьбіты 300 млрд. беларускіх рублёў (154,5 млн. дал). Як паведаміў журналістам міністар энэргетыкі рэспублікі Ўладзімер Сямашка, гэта стала магчымым дзякуючы далейшай ліквідацыі перакрыжаванага субсідзіраваньня, зьмяншэньня ўнутраных выдаткаў у працы канцэрнаў “Белтрансгаз”, “Белпаліўгаз” і “Белэнэрга”, а таксама зьніжэньню Расеяй адпускных коштаў на газ, які экспартуецца ў Беларусь.
Дзеяньне расейскіх міграцыйных картак ня будзе распаўсюджвацца на грамадзян Беларусі. “Мы кіруемся дамоваю, у рамках якой Беларусь і Расея ўтвараюць “саюзную” дзяржаву”, - заявіў сёньня міністар ўнутраных справаў РФ Барыс Грызлоў.
“Комсомольская правда” – выданьне, найбольш папулярнае сярод менчукоў. Яго пэрыядычна чытаюць каля 80 адсоткаў жыхароў беларускай сталіцы. Другое месца – за тыднёвікам “Аргументы и факты”, трэцяе – за газэтай “Советская Белоруссия”. Такія дадзеныя сацыялягічнага апытаньня, якое ў канцы леташняга году праводзілі спэцыялісты навукова-дасьледчага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных праблемаў Менгарвыканкаму. Напярэдадні выбараў у мясцовыя органы яны вырашылі даведацца, якія з пэрыядычных выданьняў могуць найбольш выкарыстоўвацца ў барацьбе за галасы выбаршчыкаў.
У адпаведнасьці з пастановаю Міністэрства эканомікі, з 10 студзеня 2003 году ў Беларусі ўводзіцца новы парадак акругленьня розьнічных коштаў і тарыфаў для ўсіх суб’ектаў гаспадараньня.
Таваразварот паміж Расеяй і Беларусьсю за 11 месяцаў 2002 году вырас на 4,2 адсоткі, да 8,85 млрд даляраў, паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце РФ. Гэты паказчык, адзначаюць у ДТК, вывеў Беларусь на другое месца сярод гандлёвых партнёраў Расеі (пасьля Нямеччыны), на долю Беларусі прыпала 6,5 адсоткі ад агульнага таваразвароту РФ у студзені-лістападзе леташнега году (135,9 млрд даляраў).
Вытворчасьць сталі ў сьвеце ў новым годзе вырасьце. Адбудзецца гэта нават нягледзячы на тое, што эўрапейскія краіны намерваюцца скараціць выпуск сваіх чорных металаў. Расейскія металюргі хочуць зрабіць у гэты працэс свой, няхай і сьціплы, унёсак. Зрэшты, яны здолеюць гэта зрабіць толькі за кошт унутранага рынку. Але экспансіі замінаюць пастаўшчыкі металаў з блізкага замежжа, і металургі хутчэй за ўсё закідаюць расейскія ўлады просьбамі аб абароне.
У студзені ў Беларусі вырасьлі кошты на пуцёўкі ў санаторыі, прафілякторыі і дамы адпачынку. Як паведаміў намесьнік дырэктара Рэспубліканскага цэнтру па аздараўленьні і санаторна-курортным лячэньні Мікалай Лукашэвіч, у сярэднем арганізаваны адпачынак падаражэў на 2-3,5%. Сёньня пуцёўка для працоўных будзе каштаваць 350-380 тыс. бел. руб., таньней будзе каштаваць адпачынак дя так званых “чарнобыльцаў” - 250-290 тыс. бел. руб.
У Беларусі ў 2003 годзе заплянаванае будаўніцтва 3 млн.кв.мэтраў жыльля. Як паведамілі ў прэсавай службе Міністэрства эканомікі рэспублікі, аб’ём інвэстыцыяў ў гэты сэктар будаўніцтва складзе 1064 млрд. бел. руб., што раўняецца 97% да ўзроўня леташнега году. На ранейшым узроўні застаюцца сродкі на будаўніцтва сацыяльнага жыльля і падтрымку малазабясьпечаных сям’яў. У той самы час, паведамляе “Союз-инфо”, у Міністэрстве фінансаў разглядаецца пытаньне аб скарачэньні аб’ёмаў ільготнага крэдытаваньня жыльлёвага будаўніцтва.
Паводле вынікаў працы за мінулы год, у ліку больш чым 300 стратных прадпрыемстваў Гомельскай вобласьці ўпершыню апынулася адкрытае акцыянэрнае таварыства “Гомельшпалеры”. Пазыкі за сыравіну тут склалі больш за 1 мільён даляраў ЗША, запасы прадукцыі на складох у два разы пераўзышлі нарматыўныя. Значна спала рэнтабельнасьць і аб’ёмы продажу, перадае БелаПАН. Кіраўніцтва ААТ “Гомельшпалеры” лічыць, што яшчэ ня так даўно стабільнае прадпрыемства нясе страты па віне падаткавых органаў, якія прад’яўляюць калектыву неабгрунтаваныя прэтэнзіі і непамерныя штрафныя санкцыі.
Леташні год быў дастаткова плённым на гучныя крымінальныя справы. Ці то Лошадь трапілася з норавам, ці то яна проста спужалася чарговага абраньня на пасаду кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і з гэтае прычыны панеслася... Але калі пакінуць у баку астралягічную містыку і цьвяроза глянуць на рэчы, то масавыя “пасадкі” 2002 году, хутчэй за ўсё, сапраўды цесна зьвязаныя з асобаю прэзыдэнта краіны і яго перадвыбарчымі абяцаньнямі прыгожага, сытага жыцьця. Слова свайго, прэзыдэнт, як зазвычай, не стрымаў, і давялося шукаць вінаватых.