Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сацыял-дэмакраты ў пошуках шляхоў аб’яднаньня 13:52, 14/01/2003
Аб’яднаная сацыял-дэмакратычная партыя (АСДП) вырашыла аб’яднацца зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамадой (БСДГ), паведаміў БелаПАН старшыня выканаўчага камітэту АСДП Аляксей Кароль.
Устаноўчы зьезд АСДП прайшоў 24 жніўня 2002 году. У новую партыю ўвайшлі сябры незарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, частка актыву Беларускай партыі жанчын “Надзея” і Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Аднак Міністэрства юстыцыі не прызнала вынікі зьезду і адмовіла новай партыі ў рэгістрацыі. Паводле Аляксея Караля, пасьля гэтага, як улада “прыняла палітычнае рашэньне” і адмовіла партыі ў рэгістрацыі, кіраўніцтва АСДП “было вымушана шукаць адэкватны адказ для таго, каб завершыць аб’яднаўчы працэс сацыял-дэмакратычных сілаў”. Такі варыянт аб’яднаньня, падкрэсьліў ён, разглядаўся з самага пачатку. 13 студзеня, паведаміў Кароль, адбыліся перамовы кіраўніцтва АСДП зь лідэрам БСДГ Станіславам Шушкевічам, на якіх выпрацаваныя адзіныя падыходы аб’яднаўчага працэсу. Плянуецца, што аб’яднаньне двух партыяў завершыцца на зьезьдзе Грамады, які адбудзецца ў сакавіку. На ім, паводле А.Караля, будуць уносіцца зьмены ў статут БСДП і, магчыма, у назву партыі. Аднак, адзначыў ён, ужо зараз першасныя арганізацыі АСДП пачалі ўваходзіць у структуру Грамады, а таксама ствараць новыя арганізацыі там, дзе ў БСДГ няма мясцовых ячэек. Аб’яднаўчаму зьезду будзе таксама папярэднічаць зьезд АСДП. Ягоным дэлегатам трэба будзе ўхваліць рашэньне кіраўніцтва партыі аб уваходжаньні ў Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду, паведаміў Аляксей Кароль.