Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Жыць за кратамі - даражэй 12:49, 14/01/2003, pahonia.promedia.by
Асуджаныя Жлобінскай “хіміі”, дзе адбывае пакараньне журналіст Павал Мажэйка, з уласных кішэняў аплочваюць электрычную сыгналізацыю на сваіх кратах, а таксама іншыя паслугі па ўтрыманьню спэцустановы.
За сьнежань кожны асуджаны Жлобінскай “хіміі” заплаціў па 23 тысячы рублеў за камунальныя паслугі. Для параўнаньня, у кастрычніку было налічана толькі па 8 тысячаў рублёў. Такім чынам блёк з двух пакояў у інтэрнаце спэцустановы, дзе жывуць асуджаны журналіст Павал Мажэйка і яго пяць суседзяў, каштуе ў сьнежні каля 70 даляраў.
- Вядома, пасьля атрыманьня новых коштаў, усе асуджаныя былі ўзрушаныя, - расказвае Павал Мажэйка. - За гэтыя грошы ў Жлобіне можна зьняць прыстойную трохпакаёвую кватэру ў цэнтры з мэбляй і тэлефонам. Жлобінская “хімія” - самая дарагая для “пражыцьця” сярод спэцустановаў, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя беларускія журналісты. Так, у Баранавіцкай спэцустанове, дзе ўтрымліваецца Віктар Івашкевіч, налічылі за сьнежань па 5 тысячаў. У Асіповіцкай, дзе адбывае пакараньне Мікола Маркевіч, – 18 тысячаў. Па словах Тацяны Гельмаковай, эканаміста будаўнічага трэста № 40, уладальніка інтэрнату Жлобінскай “хіміі”, за кошт асуджаных утрымліваюцца ўсе памяшканьні ўстановы: жылыя пакоі, кабінэты адміністрацыі і актавая заля. Такім чынам, па разьліках камунальшчыкаў, на кожнага жыхара “хіміі” прыпадае каля 14 м.кв плошчы. Так у сьнежаньскую суму ўвайшло амаль 5 тысяч рублёў за ацяпленьне і 8 тысячаў – за электраэнергію (па 170 кіляватаў на чалавека). -- Там жа ў іх электрычная сыгналізацыя! А яшчэ ў кожным пакоі абагравальнікі! Ды яшчэ электрычныя пліткі! Яны, аказваецца, і ежу гатуюць у пакоях! – гаворыць Гельмакова. – Раней мы рабілі рэйды па інтэрнаце і забіралі такія электрычныя прылады. Хутка, напэўна, ізноў прыйдзецца рабіць такія рэйды. Сапраўды, асуджаныя Жлобінскай “хіміі” гатуюць ежу на электрычных плітках у пакоях, таму што агульных кухняў у спэцустанове няма.