|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Чавэс гатовы сысьці ў адстаўку 15:26, 17/01/2003, Dni.ru Учора прэзыдэнт Венэсуэлы Уга Чавэс сустрэўся ў Нью-Ёрку з генэральным сакратаром ААН Кофі Ананам. Чавэс зьвярнуўся да Анана з просьбай дапамагчы ягонай краіне пераадолець востры палітычны і эканамічны крызыс, выкліканы бесстэрміновай забастоўкай, перадае Вести.Ru. Забасоўка ў Венэсуэле пачалася 2 сьнежня. Ейныя ўдзельнікі патрабуюць адстаўкі Чавэса, якога яны абвінавачваюць у развале эканомікі краіны і спробе увесьці дыктатуру. Прэзыдэнт называе забастоўку “злачыннай змоваю”. Забастоўка ўжо нанесла вялізны ўрон венэсуэльскай эканоміцы. Краіна, якая займае пятае месца ў сьвеце па аб’ёмах экспарту нафты, зараз вымушаная імпартаваць паліва з суседніх дзяржаваў. Пасьля перамоваў з кіраўніком ААН Чавэс вітаў стварэньне пад эгідай Арганізацыі амэрыканскіх дзяржаваў “Групы краінаў – сябраў Венэсуэлы” для пошуку шляхоў урэгуляваньня палітычнага крызысу. У групу ўвайшлі Бразілія, Мэксіка, Чылі, ЗША, Гішпанія і Партугалія. Прэзыдэнт выказаўся за ўключэньне ў гэтае аб’яднаньне Расеі, Францыі, Кітая, а таксама Альжыра як сябры арганізацыі дзяржаваў-экспартэраў нафты. Венэсуэла таксама зьяўляецца ўдзельніцай картэлі. Для многіх сэнсацыяй стала заява Чавэса аб тым, што ён гатовы пакінуць сваю пасаду, калі грамадзяне краіны прагаласуюць за гэта на рэферэндуме. Пра гэта прэзыдэнт Венэсуэлы заявіў журналістам у Нью-Ёрку, перадае РІА “Новости”. Аднак Чавэс падкрэсьліў, што такі рэферэндум можа адбыцца не раней за жнівень, у той час як апазыцыя патрабуе прызначыць рэферэндум на 2 лютага. “У мяне няма ніякага інтарэсу заставацца, калі народ гэтага не жадае”, -- падкрэсьліў прэзыдэнт Венэсуэлы. Чавэс нагадаў, што канстытуцыя краіны прадугледжвае спыненьне паўнамоцтваў прэзыдэнта, калі за гэта выкажацца большасьць выбарцаў на ўсенародным галасаваньні пасьля завяршэньня паловы тэрміну ягонага кіраваньня. “У маім выпадку гэты тэрмін пачынаецца ў сярэдзіне жніўня, і ў мяне няма пярэчаньняў, каб такі рэферэндум быў праведзены”, - адзначыў Чавэс. Наконт патрабаваньня апазыцыі правесьці галасаваньне ўжо 2 лютага, Чавэс заявіў, што, на яго думку, на гэта “ўжо няма часу” і “неабходна паважаць нормы канстытуцыі”. Ініцыятары правядзеньня рэферэндума ў лютым сьцьвярджаюць, што палітычная і эканамічная сытуацыя ў Венэсуэле дасягнула крытычнай адзнакі і краіна ня можа чакаць да жніўня. У гэтай сувязі Чавэс зазначыў, што правесьці рэферэндум 2 лютага хочуць толькі “некаторыя апазыцыянэры, якія спрабуюць выйсьці з прававога рэчышча для дасягненьня сваіх уласных мэтаў” і заклікаў апазыцыю захоўваць “цярпеньне і спакой”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|