Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
12 гадоў Беларускага гуманітарнага ліцэю 16:46, 17/01/2003
Гісторыя ліцэю пачынаецца з 1990 году, калі, зь ініцыятывы рады ТБМ імя Ф.Скарыны Савецкага раёну Менску, была ўтвораная ініцыятыўная група ў складзе кінарэжысэра й пэдагога Ўладзімера Коласа, выкладчыка Менскага пэдунівэрсітэту Вінцука Вячоркі, прафэсара гісторыі Міхася Ткачова, народнага дэпутата БССР, кандыдата гістарычных навук Алега Трусава і кандыдата мастацтвазнаўства Вячаслава Ракіцкага і іншых прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Тэхнічную дапамогу аказвала гісторык, пазьней выкладчыца гішпанскай мовы ў ліцэі Дзіна Бабрыцкая.
Дзякуючы намаганьням гэтай групы рашэньнем Савміну БССР быў створаны гуманітарны ліцэй адукацыйна-культурны цэнтар, а пры ім нядзельны (для дзецей старэйшага школьнага ўзросту) і вячэрні (для дарослых) ліцэй. З 23 верасьня 1991 году загадам Міністэрства народнай адукацыі быў створаны стацыянарны ліцэй (фінансаваньне зь дзяржбюджэту) у складзе І і ІІ падрыхтоўчых (8-9 клясы) і ІІІ і ІV уласна ліцэйскіх (10-11 клясы) курсаў.
15 студзеня 1992 году распараджэньнем Савміну Рэспублікі Беларусь цэнтру перадалі будынак па вуліцы Кірава, 21. БГАКЦ меў свае філіі (і ліцэі) у Берасьці, Гомлі, Горадні, Дзяржынску, Магілёве, Гарадку, Сьветлагорску. Праграмы навучаньня па дысцыплінах (яны адрозьніваюцца ад стандартных школьных праграмаў) распрацоўваліся пад кіраўніцтвам намесьніка дырэктара БГАКЦ па навукова-мэтадычнай працы (з 1991г.) кандыдата філялягічных навук Лявона Баршчэўскага. Усяго да сёньняшняга дня распрацавана больш за 25 такіх праграмаў, зацьверджаных Міністэрствам адукацыі, а таксама каля 30 працоўных праграмаў факультатываў. Канцэпцыя разьвіцьця гуманітарнага ліцэю ў выглядзе адмысловай мадэлі была распрацаваная часовым навукова-творчым калектывам у складзе Л.Баршчэўскага, В.Вячоркі, У.Коласа, кандыдата філасофскіх навук Міхаіла Гусоўскага, кандыдата псыхалягічных навук Аляксандра Палоньнікава (важнейшыя высновы гэтай працы апублікаваныя ў часопісе “Адукацыя й выхаваньне”, 1994 г. №5, с.27-38).
У 1997-98 гадах ліцэю давялося весьці барацьбу за сваё існаваньне і існаваньне свайго будынка. Гісторыя барацьбы шырока асьвятлялася беларускай і замежнай прэсай. З 10 ліпеня 1998 году, паводле рашэньня Савміну, замест БГАКЦ функцыянуе Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Я.Коласа. Дырэктарам БГАКЦ у 1990-1998 гадах быў Уладзімер Колас, з 1998 г. ён кіруе Нацыянальным гуманітарным ліцэем. Штогод у падрыхтоўчых і ўласна ліцэйскіх групах займаецца каля 200 навучэнцаў, якія адбіраюцца па конкурсе (сярэдні конкурс – ад 2,5 да 5 чалавек на месца). Асаблівая ўвага ў ліцэі надаецца філялёгіі, грамадазнаўчым дысцыплінам, геаграфіі, матэматыцы, інфарматыцы. У адрозьненьне ад вучняў іншых сярэдніх навучальных установаў, вучні ліцэю вывучаюць інтэграваныя курсы “Літаратура”, “Літаратура і мастацкая культура”, “Літаратура народаў сьвету”, а таксама такія дысцыпліны, як “Гісторыя культуры беларускай мовы”, а таксама “Хрысьціянства ў Беларусі”, “Мастацкая культура Беларусі”, “Польская мова”, “Лаціна”.