Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сэрыю грамадзянскіх спазыкаў да кампаніі Velcom намераны распачаць на наступным тыдні Валеры Леванеўскі. Такім чынам Леванеўскі хоча дабіцца ад адзінага апэратара сотавай сувязі на Гарадзеншчыне выкананьня заканадаўства аб абароне правоў спажыўца.
- Мне не падабаецца іх дамова, мне не падабаюцца іх кошты, мне не падабаюцца іх умовы аплаты! - аргументуе прадпрымальнік.
Валеры Леванеўскі лічыць, што шэраг сьверджаньняў тыпавой дамовы на абслугоўваньне кліентаў парушаюць правы спажыўцоў. Напрыклад тое, што у дагаворы ёсьць адказнасьць кліента, але няма адказнасьці Velcomа; таксама тое, што кампанія можа адключыць ад сувязі любога абанэнта, а той не можа прад’яўляць да яе прэтэнзіі. Таксама Леванеўскі мае прэтэнзію да таго, што кампанія патрабуе папярэдняй аплаты. Валеры Леванеўскі зьвярнуўся ў Velcom за тлумачэньнямі іх тарыфаў. Аднак у пісьмовым адказе кампанія не дала абгрунтаваньня сваіх коштаў.
- Паводле закону “Аб абароне правоў спажыўцоў” усе кошты павінны быць абгрунтаваныя, - гаворыць Леванеўскі. - У таго ж МТС тарыфы ў пяць разоў менш, чаму ж за адну і тую ж паслугу спажыўцы Velcom павінны плаціць болей? А гэта ж манапаліст у нашым рэгіёне!
У гэты аўторак Леванеўскі ўжо выйграў першую спазыку ў 20 тысячаў рублёў да кампаніі Velcom. Гарадзенскі фірмовы цэнтар Velcom адмовіўся заключыць зь Леванеўскім дамову і даць яму кнігу скаргаў і прапановаў – суд прызнаў гэта парушэньнем закону “Аб абароне правоў спажыўцоў”.
- Мая галоўная мэта – прывесьці кампанію Velcom у прававыя рамкі, - кажа Леванеўскі. – Для мяне ня мае значэньня, колькі грошай я адсужу, нават калі і паўдаляра. Наступны год – мой і Velcom!
За 6 апошніх гадоў Валеры Леванеўскі падаў каля 200 спазыкаў да розных суб’ектаў гаспадараньня па парушэньні правоў спажыўцоў. Сярод адказчыкаў Леванеўскага былі: прадпрыемства “Гроднавоблнафтапрадукт”, Спэцпрыёмнік Кастрычніцкага РАЎС Горадні, гарадзенскі лікёра-гарэлачны завод. Па словах Леванеўскага, каля 80% справаў былі ім выйграныя, таксама і па-за судовым парадкам.