Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Францыі і Швайцарыі пройдуць акцыі ў падтрымку Бандажэўскага 10:46, 22/01/2003
На гэтым тыдні ў Францыі і Швайцарыі пройдуць акцыі ў падтрымку беларускага навукоўца Юры Бандажэўскага. Іх ладзяць заходнія калегі гомельскага прафэсара разам з актывістамі міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Amnestу International”. А ў наступным месяцы ў Базэлі адбудзецца спэцыяльны мэдычны сімпозіюм, дзе Юры Бандажэўскі будзе нават ганаровым удзельнікам.
Зь ініцыятывы прафэсара мэдыцыны Базэльскага ўнівэрсітэту Мішэля Фернэ і ягонай жонкі Салянж Фэрнэ нядаўна быў створаны спэцыяльны фонд.
“Мы хочам цалкам аплочваць адвакацкія паслугі Бандажэўскага і, акрамя таго, фінансаваць тыя навуковыя дасьледаваньні, якія былі распачатыя Юры, але так і не завершаныя. Я ведаю гэтага навукоўца ўжо шмат гадоў і хачу адзначыць, што стала зьвяртаюся да ягоных прац. Мне падаецца, што адзіная рэальная дапамога гомельскаму навукоўцы – як мага больш шырокі распаўсюд ягоных ведаў у міжнародным мэдычным асяродку”, - заявіў прафэсар Фэрнэ ў інтэрвію Радыё Свабода.
Паводле прафэсара Мішэля Фэрнэ, 15 лютага ў Базэлі адбудзецца міжнародны сімпозіюм, прысьвечаны пытаньням мэдычных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Сярод галоўных тэмаў – маштабы дзіцячай паталёгіі, невядомыя раней захворваньні прадстаўнікоў постчарнобыльскага пакаленьня, якія сустракаюцца ня толькі ў Беларусі, але і ў Францыі, Швайцарыі, Нямеччыне.
Ганаровым удзельнікам сімпозіюму будзе сам прафэсар Бандажэўскі, -- так вырашылі арганізатары базэльскай сустрэчы. З навуковым дакладам выступіць Галіна Бандажэўская, доктар і жонка прафэсара. Прафэсар Фэрнэ з сумам адзначае, што многія былыя калегі Бандажэўскага з Гомельскага мэдінстытута ў выніку розных абставінаў вымушаныя адысьці ад міжнароднай каапэрацыі з заходнімі дасьледчыкамі.