Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сьледчыя па справе Каламійца адправіліся ў Беларусь 15:04, 22/01/2003, ForUm
Сьледчая група пракуратуры Кіева адправілася ў Беларусь з мэтай больш дэталёва дасьледаваць абставіны пагібелі рэдактара “Українських новин” Міхаіла Каламійца. Пра гэта “Обозревателю” паведамілі ў прэсавай службе пракуратуры. Як заявіў раней пракурор Кіева Васіль Прысяжнюк, сьледзтва асабліва цікавяць прычыны знаходжаньня Каламійца ў Беларусі, асобы, зь якімі ён там кантактаваў і чаму апынуўся менавіта ў тым лесе.
Што тычыцца вынікаў экспэртызы па справе пагібелі Каламійца, праведзенай з удзелам французскага экспэрта Жана Рывалі, то паводле інфармацыі прэсавай службы, на сёньня іх у пракуратуры пакуль няма. Па-ранейшаму не вызначанае і кола асобаў, датычных да пагібелі рэдактара “Українських новин”.
Раней Прысяжнюк заявіў, што вынікі экспэртызы, магчыма, будуць вядомыя на гэтым тыдні.
30 кастрычніка 2002 году Міхаіл Каламіец быў знойдзены павешаным у беларускім лесе. 44-гадовы Каламіец 21 кастрычніка 2002 году нечакана спыніў кіраваць справамі агенцтва. Паводле міліцыі, 22 кастрычніка ён выехаў у Менск. Да 28 кастрычніка ён рэгулярна выходзіў на тэлефонную сувязь з сваёй знаёмай і тлумачыў сваю адсутнасьць псыхалягічнымі праблемамі. 28 кастрычніка ён патэлефанаваў да маці і шэф-карэспандэнта агенцтва і больш на сувязь не выходзіў.