Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусу грамадзкі транспарт абыходзіцца ў 9 разоў даражэй, чым эўрапейцу 12:37, 22/01/2003, Іна Качаткова, “Комсомольская правда в Беларуси”
180-рублёвыя квіткі і жэтоны колькі дзён таму засталіся ў мінулым: з 20 студзеня 2003 году кошт праезду ў грамадзкім транспарце Менску складае 200 рублёў. Адпаведна, для пасажыраў ільготнікаў – 100 рублёў, пры продажы кіроўцамі – 250, у аўтобусах экспрэсных маршрутаў – 400. За леташні год кошт паслуг грамадзкага транспарту падвышаўся ў 5 разоў і за год павялічыўся болей чым у 3 разы. Трэба меркаваць, цяперашнее падаражэньне – першы сёлета крок на шляху да мары гарадзкіх уладаў аб поўнай акупальнасьці транспарту.
Нам безупынна паўтараюць: беларускі транспарт – самы танны ў сьвеце, пасажыры не аплочваюць і паловы ад рэальнага кошту праезду. “Комсомолка” вырашыла ў гэтай сувязі параўнаць Беларусь і адну з самых прасунутых у грамадзка-транспартным сэнсе краінаў Эўропы – Бэльгію. Гадавы праязны на ўсе віды транспарту ў Брусэлі каштуе 270 эўра, і каб аплаціць гэты праязны, сярэднему бэльгійцу трэба працаваць 5 дзён. Калі б у Менску існаваў гадавы праязны, ён каштаваў бы 140 даляраў (пасьля цяпершаняга падаражэньня праязны на ўсе віды будзе каштаваць дзесьці 22700 рублёў у месяц, ці 11,7 даляра). Каб заплаціць за год паездак, сярэднестатыстычнаму менчуку трэба працаваць паўтара месяца, у 9 разоў болей, чым брусэльцу. І калі б толькі брусэльцы бачылі той транспарт, за які мы павінны столькі плаціць.
Даведка “КП” У Брусэлі для транспарту ёсьць крайняя правая паласа, на якую нельга заяжджаць аўтамабілям (таму на грамадзкім транспарце да месца прызначэньня даяжджаюць хутчэй, чым на аўта), на прыпынках усталяваныя электронныя табло, дзе паведамляецца, колькі хвілінаў засталося да прыбыцьця транспарту. Гэты радок ёсьць і ў кожным аўтобусе: ён паказвае, які наступны прыпынак... І яшчэ: дзеці да 12 гадоў і пэнсыянэры старэй 65-ці гадоў грамадзкім транспартам карыстаюцца бясплатна.