Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Буйнейшыя рынкі краіны ў перадстрайкавым стане 15:04, 23/01/2003
Індывідуальныя прадпрымальнікі аб’явілі пра перадстрайкавы стан на буйнейшых рынках Беларусі. Такое рашэньне прынятае 21 студзеня на агульным сходзе прадстаўнікоў прадпрымальніцкіх структур, якія наладзілі акцыі пратэсту ў верасьні-кастрычніку леташнега году.
Як паведаміў БелаПАН індывідуальны прадпрымальнік зь Менску Анатоль Шумчанка, удзельнікі сходу абмеркавалі праект дэкрэту прэзыдэнта “Аб адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізычных асобах і некаторых мерах па стымуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці”, які рыхтуецца да разгляду і мусіць замяніць дэкрэт №12 аб адзіным падатку. Падставай для абмеркаваньня, паводле Шумчанкі, сталі паведамленьні ў СМІ аб тым, што праект новага дэкрэту абмяркоўваўся з прадпрымальнікамі.
Як заявілі на сходзе, праект дэкрэту зь індывідуальнымі прадпрымальнікамі не абмяркоўваўся. На думку ўдзельнікаў сходу, прыняцьце гэтага дакумэнту рэзка пагоршыць працу індывідуальных прадпрымальнікаў і агульную эканамічную сытуацыю ў краіне.
Паводле сходу прынятае рашэньне: аб’явіць перадстрайкавае становішча і, у выпадку падпісаньня названага дэкрэту, аднавіць агульнарэспубліканскую акцыю пратэсту прадпрымальнікаў, якая была прыпыненая ў кастрычніку леташнега году.
Сваю пазыцыю лідэры прадпрымальніцкіх структур выклалі ў лісьце, накіраваным на імя прэзыдэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі.
Тым часам, 22 студзеня прадпрымальнікі Горадні ўжо правялі папераджальны страйк, у якім, як сьцьвярджаюць арганізатары, прынялі ўдзел больш за 8 тысячаў чалавек. Акрамя эканамічных патрабаваньняў, гарадзенскія прадпрымальнікі таксама высунулі палітычныя – адстаўка прэзыдэнта і ўрада.