Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
23 студзеня суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў неабрунтаваным зыск лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоля Лябедзькі да КДБ Беларусі. Палітык патрабаваў прызнаць неабгрунтаваным афіцыйнае папярэджаньне, вынесенае яму КДБ 5 лістапада 2002 году. У ім адзначалася, што Лябедзька меў канфідэнцыныя кантакты “з замежнымі грамадзянамі, якія зьяўляюцца выведнікамі ці падазраванымі ў датычнасьці да замежных спэцслужбаў”, а таксама гаварылася пра наяўнасьць “дадзеных аб яго фінансавай залежнасьць ад заходніх спонсараў”. Гэта, як сьцьвярджалася ў дакумэнце, сьведчыць пра магчымыя спробы ўцягваньня Лябедзькі ў супрацьпраўную дзейнасьць, і ў далейшым можа прывесьці да зьдзяйсьненьня ім злачынства, прадугледжанага арт.356 (здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
На думку судзьдзі Валеры Есьмана, як паведамляе БелаПАН, пры вынясеньні КДБ пісьмовага папярэджаньня грамадзянскія правы Анатоля Лябедзькі не былі парушанымі, і ўсе дзеяньні адносна лідэра АГП ажыцьцяўляліся супрацоўнікамі камітэту ў адпаведнасьці з Уставаю КДБ аб парадку вынясеньня афіцыйных пісьмовых папярэджаньняў.
Прадстаўнік КДБ на працэсе заявіў журналістам, што задаволены рашэньнем суда, бо, паводле ягоных словаў, сваімі дзеяньнямі супрацоўнікі КДБ не парушылі правоў Лябедзькі.
Сам палітык назваў разьбіральніцтва “не судом, а інквізыцыяй”. На думку лідэра АГП, ягоная скарга “не разглядалася па сутнасьці”. “Суду не прадставілі ніводнага доказа маёй магчымай здрады дзяржаве, якія маглі паслужыць падставай для вынясеньня папярэджаньня”, -- сказаў ён. Суд, як лічыць Лябедзька, прымаў рашэньне не самастойна, а “па ўказаньні з вышэйшых інстанцыяў”.
Лідэр АГП заявіў, што намерваецца абскардзіць дадзенае рашэньне ў Менскім гарадзкім судзе.