Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Вядомыя расейскія праваабаронцы выступілі зь інцыятываю стварэньня “Суда гонару эўрапейскіх палітыкаў” -- грамадзкай арганізацыі, якая павінна ўздымаць перад краінамі Эўразьвязу пытаньне аб нявыдачы ўязных візаў палітыкам, учынкі якіх распальваюць ксэнафобію, нацыянальную варожасьць і садзейнічаюць парушэньням правоў чалавека. Паводле аўтара ідэі стварэння “суда гонару”, біёляга Мікалая Фармозава, праваабаронцы адштурхоўваюцца ад прэцэдэнта зь беларускім лідэрам Аляксандрам Лукашэнкам, які быў пазбаўлены права ўезду ў Чэхію і іншыя краіны Эўропы па палітычных матывах.
Дзіўная ўсё ж такі асоба Пуцін. Сёньня на лыжах ціха сьлізгаціць па горных схілах, а заўтра жыхароў гор абяцае замачыць у прыбіральні. Сёньня з Бушам на клясычным фермерскім пікапе амэрыканскія сельскагаспадарчыя палеткі аб’яжджае, а заўтра заклікае заходніх грамадзянаў прыехаць у Расею на абрэзаньне. Сёньня “отделяет мух от котлет”, а заўтра кумекае ў кампаніі Лукашэнкі над якой-небудзь саюзнай дамоваю. Супярэчлівы, як Ганна Адамаўна з “Покровских ворот”.
Менскі гарадзкі суд адхіліў касацыйную скаргу каардынатара ЗУБРа Аляксея Шыдлоўскага, які патрабаваў адмяніць рашэньне суда Цэнтральнага раёну Менску, які адхіліў ягоны зыск аб абароне гонару і годнасьці да газэты “Советская Белоруссия” і яе галоўнага рэдактара Паўла Якубовіча. Каардынатар ЗУБРа лічыць, што ягоны гонар і годнасьць былі абражаныя артыкулам Якубовіча, надрукаванага ў праўрадавай “Советской Белоруссии” ў леташнім траўні.
Праект пагадненьня паміж органамі дзяржаўнай улады Беларусі і Беларускай Праваслаўнай Царквою (БПЦ) павінен быць распрацаваным да 30 студзеня сёлетняга году. Як паведаміў старшыня беларускага камітэту па справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Станіслаў Бука, усяго задзейнічана 17 дзяржаўных ведамстваў, якія павінны падаць плян супрацоўніцтва з БПЦ. Пагадненьне зь беларускім Экзархатам падпішуць, у прыватнасьці, міністэрствы адукацыі, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, памежвойскі, МУС і іншыя, паведамляе Белтэлерадыёкампанія.
Драма Эўропы 14:50, 24/01/2003, Фрэдэрык Кэмп, , The Wall Street Journal:
Праз дваццаць гадоў Амэрыка будзе карыстацца той самай валютаю, мець тыя самыя нацыянальныя межы, што і сёньня, і, хутчэй за ўсё, застанецца асноўнай сусьветнай дзяржаваю ў ваеннай і палітычнай сфэрах. Як праз дваццаць гадоў будзе выглядаць Эўропа, ніхто дакладна ня ведае.
Беларусь гатовая і надалей аказваць падтрымку вьетнамскаму народу. Пра гэта, як перадае карэспандэнт РІА "Новости", заявіў у чацьвер Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з старшынём Нацыянальнага сходу Вьетнаму Нгуен Ван Анем. У сваю чаргу вьетнамскі парлямэнтар падзякаваў кіраўніка Беларусі і сказаў, што ўзаемныя візыты кіраўніцтваў дзьвюх краінаў стварылі добрую базу для разьвіцьця зносінаў ва ўсіх сфэрах, асабліва ў палітычнай.
Міжнародная няўрадавая арганізацыя “Transparency International” падала ў Лёндане справаздачу аб распаўсюдзе карупцыі. У ёй адзначаецца, што агульны ўзровень карупцыі ў сьвеце заўважна зьнізіўся. У той самы час, як заявіў у інтэрвію Украінскай службе "Deutsche Welle" прадстаўнік арганізацыі Джэрэмі Поўп, сытуацыя з карупцыяй ва Ўкраіне не палепшылася. Джэрэмі Поўп параўнаў сытуацыю ва Ўкраіне з сытуацыяй у Беларусі.
Для выкананьня дамоўленасьцяў па выніках візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Дзяржаву Кувэйт, які адбыўся ў кастрычніку мінулага году, у пэрыяд з 23 па 27 студзеня гэтую краіну наведвае дэлегацыя беларускіх экспэртаў. Пра гэта паведаміў на чарговым брыфінгу намесьнік начальніка кіраваньня інфармацыі МЗС Беларусі Андрэй Савіных.
Першы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Васіль Пугачоў 20-21 студзеня наведаў Лібанскую Рэспубліку. Як паведаміў на брыфінгу намесьнік начальніка кіраваньня інфармацыі МЗС Беларусі Андрэй Савіных, Васіль Пугачоў быў прыняты прэзыдэнтам Лібанскай рэспублікі Эмілем Лахудам. У часе сустрэчы Васіль Пугачоў перадаў кіраўніку лібанскай дзяржавы асабістае пасланьне Аляксандра Лукашэнкі. Прэзыдэнтам Лібану была выказаная зацікаўленасьць у разьвіцьці беларуска-лібанскага супрацоўніцтва і пацьвярджалася запрашэньне Аляксандру Лукашэнку наведаць Лібан з візытам.
Група ўкраінскіх журналістаў намерваецца правесьці незалежнае журналісцкае расьследваньне абставінаў сьмерці дырэктара агенцтва “Українські новини” Міхаіла Каламійца. З гэтай мэтай журналісты намерваюцца 27 студзеня адправіцца ў Беларусь для збору інфармацыі аб абставінах пагібелі журналіста, які апошнія дні свайго жыцьця правёў у гэтай краіне, паведамляе грамадзкая арганізацыя “Ліга эканамічных журналістаў”.
12 сьнежня 2002 году ў дачыненьні да прэсьвітра баптысцкай царквы Аляксандра Міхаленкава ўчастковым міліцыянтам быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. У пратаколе было запісана наступнае: “Парушэньне ўсталяванага парадку арганізацыі ці правядзеньня рэлігійных сходаў. Праводзіць набажэнствы ў нядзелі ад 10-й да 12-й у непрыстасаваным для гэтага памяшканьні на адрэсе: вул. Гартнага, 8 (няма санвузла, няма аварыйнага выйсьця, ёсьць парушэньні супрацьпажарнай бясьпекі)”. Гэты пратакол быў скіраваны ў суд Заводзкага раёну Менску для вырашэньня пытаньня аб прыцягненьні прэсьвітара да адмістрацыйнай адказнасьці згодна з часткай 1 арт. 167-1 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусі. Дадзеная норма прадугледжвае адказнасьць у выглядзе папярэджаньня або накладаньне штрафу ў памеры ад 20 да 150 мінімальных заробкаў, або арышт на тэрмін ад 3 да 15 сутак.
Страйкам прадпрымальнікаў Беларусі прыняў рашэньні аб прыпыненьні акцыяў пратэсту ў Горадні і аб пераносе правядзеньня агульнанацыянальнай бестэрміновай забастоўкі прадпрымальнікаў з 1 лютага 2003 году на няпэўны час. Разам з тым, Страйкам прадпрымальнікаў адзначае, што на дадзены момант сумесна зь іншымі вядомымі структурамі (ня толькі прадпрымальніцкімі) рыхтуецца да маштабных акцыяў пратэсту ў абарону сваіх законных правоў і інтарэсаў. Вядуцца перамовы аб сумесным правядзеньні такіх акцыяў. “Нам патрэбна акумуляваць сілы і сродкі. Эфэкт ад гэтых акцыяў плянуецца значна большы, чым нават ад бестэрміновай забастоўкі прадпрымальнікаў”, -- гаворыцца ў звароце Страйкаму прадпрымальнікаў Беларусі.
У швайцарскім Давосе пачынае працу Сусьветны эканамічны форум. Прадстаўнікі беларускага ўраду не бяруць удзелу ў гэтай міжнароднай сустрэчы. Пра гэта Радыё Рацыя паведамілі ва ўрадавай прэс-службе.
З 1 лютага ў Жлобiне, Мазыры i Брагiне спыняецца трансьляцыя тэлевiзiйнага расейскага каналу РТР, а па ўсёй Гомельскай вобласьцi -- канала “Культура”. Замест РТР мясцовыя жыхары будуць глядзець перадачы Гомельскай абласной тэлевізіі -- гэта дасьць магчымасьць павялiчыць яе аўдыторыю (з 40 да 60 адсоткаў).
Па стане на 1 сьнежня 2002 году, колькасьць насельнiцтва Беларусi склала 9 мiльёнаў 904 тысячы 700 чалавек, што ў параўнаньнi з пачаткам леташнега году меней на 46 тысяч 200 чалавек.
Міністэрства фінансаў Беларусі падрыхтавала праект зьмены ў Агульную частку Падаткавага кодэксу, якія прывядуць дадзены дакумэнт у адпаведнасьць з пярэчаньнямі Аляксандра Лукашэнкі. Дырэктар дэпартамэнту падаткавай палітыкі і даходаў бюджэту Міністэрства фінансаў Аляксандар Казьлякоў паведаміў пра гэта на паседжаньні сталай камісіі “палаты прадстаўнікоў” па бюджэце, фінансах і падаткавай палітыцы.
Учора на будаўнічай пляцоўцы новага будынку Нацыянальнай бібліятэкі было знойдзена 110 артылерыйскіх прыстасаў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Працы па разьмінаваньні аб’екту цягнуліся каля чатырох гадзінаў.
Тарыф на той сьвет 11:28, 24/01/2003, Алена Анкуда, “Белорусская газета”
Раённы суд Менску асудзіў дырэктара могілак “Усходнія” і яго падначаленага да доўгатэрміновага знаходжаньня ў калёніі строгага рэжыму. Абодва прызнаныя віноўнымі ў атрыманьні хабараў і падачы месцаў пад пахаваньні.
У Беларусі прырост спажывецкіх коштаў за першыя два тыдні студзеня 2003 году склаў 1,1% супраць 1,4% за аналягічны пэрыяд сьнежня 2002 году, паведамілі ў Міністэрстве статыстыкі і аналізу.
Паважаныя таварышы! Часта з высокіх трыбунаў, асабліва па сканчэньні восеньска-палявых прац у сельскай гаспадарцы, гучаць словы ўдзячнасьці ў адрас сялянаў, якія вырасьцілі добры ўраджай хлеба, бульбы, капусты іншых відаў сельскагаспадарчай прадукцыі, якая забяспечвае харчовую бясьпеку краіны. Наш прэзыдэнт А.Г.Лукашэнка віншаваў працаўнікоў вёскі з Днём работніка сельскай гаспадаркі і назваў сялян “золотым фондом белорусской нации”.
У сераду Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад займаемай пасады міністра спорту і турызму Яўгена Ворсіна і прызначыў на ягонае месца былога кіраўніка МУС Юры Сівакова. Як паведамілі ў прэсавай службе беларускага лідэра, асноўнай прычынаю, якая абумовіла зьмены ў кіраўніцтве Міністэрства спорту і турызму Беларусі Лукашэнка назваў “расхлябанность, неуправляемость, нервотрепку в министерстве”. “Поэтому, переступая через предрассудки, я назначаю на эту должность военного человека, который наведет железный порядок, создаст систему”, -- сказаў Лукашэнка.