Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Суд гонару эўрапейскіх палітыкаў 15:47, 24/01/2003
Вядомыя расейскія праваабаронцы выступілі зь інцыятываю стварэньня “Суда гонару эўрапейскіх палітыкаў” -- грамадзкай арганізацыі, якая павінна ўздымаць перад краінамі Эўразьвязу пытаньне аб нявыдачы ўязных візаў палітыкам, учынкі якіх распальваюць ксэнафобію, нацыянальную варожасьць і садзейнічаюць парушэньням правоў чалавека. Паводле аўтара ідэі стварэння “суда гонару”, біёляга Мікалая Фармозава, праваабаронцы адштурхоўваюцца ад прэцэдэнта зь беларускім лідэрам Аляксандрам Лукашэнкам, які быў пазбаўлены права ўезду ў Чэхію і іншыя краіны Эўропы па палітычных матывах.
Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле газэты “Новые Известия”, які плянуецца да публікацыі 24 студзеня. Выданьне паведамляе, што Алена Бонэр, Сяргей Кавалёў, Юры Арлоў, Аляксандар Лавут, Ларыса Багараз, Павал Ліцьвінаў і іншыя ўдзельнікі праваабарончага руху накіравалі адкрыты ліст да прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гавэла, у якім прапануюць далучыцца да гэтай ініцыятывы.
Праваабаронца Ларыса Багараз адзначае, што “прыйшоў час паглядзець на нашых расейскіх палітыкаў. Сярод іх ёсьць такія, як, напрыклад, Уладзімер Шаманаў, Мікалай Кандраценка”. Аўтары пасланьня перакананыя, што “суд гонару” дазволіць паўплываць на расейскую і міжнародную думку для таго, каб яны не кідалі ціснуць на расейскае кіраўніцтва адносна парушэньня правоў чалавека ў Чэчэніі. На думку праваабаронцаў, у міжнародны суд павінны ўваходзіць экс-палітыкі, якія карыстаюцца павагаю ў Эўропе, а таксама вядомыя грамадзкія дзеячы і дзеячы культуры.