Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнку не чакаюць на Давоскім форуме 16:03, 24/01/2003
У швайцарскім Давосе пачынае працу Сусьветны эканамічны форум. Прадстаўнікі беларускага ўраду не бяруць удзелу ў гэтай міжнароднай сустрэчы. Пра гэта Радыё Рацыя паведамілі ва ўрадавай прэс-службе.
Сустрэчы ў Давосе пачаліся з 70-х гадоў мінулага стагоддзя дзякуючы прафэсару Клаўсу Швабу, які зьбіраў пераважна эўрапейцаў для абмеркаваньня праблемаў мадэрнізацыі сьвету, што каціўся да сацыялізму. Пазьней Сусьветны эканамічны форум пачалі называць проста Давоскім. Сапраўды сусьветнае значэньне форум набыў пасьля таго, як яго наведалі вядомыя дзяржаўныя дзеячы - брытанскі прэмьер Маргарэт Тэтчэр і амэрыканскі прэзыдэнт Рональд Рэйган.
Папярэдні эканаміны форум праводзіўся ў Нью-Ёрку і быў прысьвечаны праблемам станаўленьня сусьветнай эканомікі пасьля трагічных падзеяў у ЗША 11 верасьня. Сёлета форум вярнуўся ў Эўропу.
Сусьветны эканамічны форум у швайцарскім Давосе - магчымасьць прамых і нефармальных зносінаў прадстаўнікоў сусьветнай палітычнай і бізнэс-эліты.
Прадстаўнікі беларускага ўраду не паехалі ў Давос, таму што ў кіраўнікоў цывілізаваных краінаў і бізнэсу няма інтарэсу да аўтарытарнай краіны зь нерэфармаванай эканомікай. Беларусь захоўвае імідж краіны, непрывабнай для інвэстараў.