Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 2425 26
27 28 29 30 31    




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



Андрэй Саньнікаў: зразумець адказнасьць
14:02, 24/01/2003

“Хтосьці разьлічвае, што праз умацаваньне кантактаў з “палаткай” ці адміністрацыяй можна разьлічваць на перамены. Не, гэтага не адбудзецца. Гэта вельмі недальнабачная палітыка. Гэта спрабавалі рабіць у розныя пэрыяды, і нічога не адбывалася. У Беларусі існуе сыстэма, якая кантралюецца адным чалавекам”, --заявіў былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі, міжнародны каардынатар грамадзянскае ініцыятывы “Хартыя’97” Андрэй Саньнікаў у этыры Радыё Рацыя 22 студзеня. “Мы павінны ўсьвядоміць, што мы трацім час і можам упусьціць шанцы ў бліжэйшы час стаць эўрапейскаю краінаю. Усьведамленьне гэтай небясьпекі можа прывесьці да таго, што перамены пачнуцца вельмі хутка, і тады мы ўбачым іншыя падыходы з боку нашых сяброў, дэмакратычных краінаў, міжнародных арганізацыяў. Мы зараз знаходзімся на такім гістрычным скрыжаваньні, калі мы павінны ўсьвядоміць адказнасьць ня толькі за лёс нашых дзяцей, але і ўвогуле з лёс нашай краіны”. Чытайце інтэрвію з Андрэеем Саньнікавым.

Пытаньне: - Міжнародная сытуацыя вакол Беларусі зноў застаецца незразумелай.Такое адчуваньне, што ні ў Вашынгтоне, ні ў Бруселі не ведаюць што рабіць з Беларусьсю і гэтая праблема адсоўваецца на другі плян. Як Вы ацэньваеце цяперашнюю сытуацыю?

А.Саньнікаў: - Так, цяпер даволі незразумелая сытуацыя вакол Беларусі, таму што нечакана, нягледзячы на даволі вострую крытыку сітуацыі ў Беларусі й тыя заявы, што становішча з правамі чалавека не паляпшаецца, мы назіраем зараз пэўную зьмену пазіцыяў у бок супрацоўніцтва з афіцыйнымі ўладамі. Пра гэта сьведчыць перш за ўсё тое, што адбылося ў Вене, падпісаньне пагадненьня па мандату місіі АБСЭ. Зараз склалася даволі небясьпечная сытуацыя для дэмакратыі ў Беларусі, таму нельга разглядаць тое, што адбываецца вакол Беларусі ізалявана ад таго, што ўвогуле адбываецца ў Эўропе, і найперш я маю на ўвазе пашырэньне Эўразьвязу і новых сябраў ЭЗ, нашых суседзяў, якія далучацца да адзінай Эўропы праз два гады. Тое, што зараз мы назіраем, азначае, што на Беларусь не глядзяць, як на патэнцыйнага сябра Эўразьвязу, як на патэнцыйна эўрапейскую краіну. Спробы больш гнуткага падыходу да рэжыму Лукашэнкі - гэта сьведчаньне пэўнага прызнаньня з боку Эўропы, што бліжэйшым часам у Беларусі не адбудзецца зьменаў і што Расея разглядаецца як тая краіна, якая будзе вырашаць тыя працэсы, якія будуць адбывацца ў Беларусі. Гэта вельмі небясьпечна і для нашай дзяржаўнасьці. і для нашай незалежнасьці, і ўвогуле для Беларусі.

Пытаньне: - Пасьля падпісаньня Мэмарандума паміж АБСЭ і Беларусьсю ці можна сьцвярджаць, што нармалізаваліся стасункі паміж афіцыйным Менскам і Арганізацыяй?

А.Саньнікаў: - Ёсьць спробы з боку АБСЭ зьмяніць падыходы да Беларусі і гэтыя спробы небясьпечныя. Сама Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе зараз знаходзіцца не ў вельмі добрым стане, таму што Арганізацыя, пабудаваная на дакладных прынцыпах, не прытрымліваецца гэтых прынцыпаў адносна Беларусі. Нагадаю заявы і з боку старшыні АБСЭ, і з боку Сталай рады АБСЭ, і з боку назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах, у якіх сказана, што ў Беларусі не выконваюцца эўрапейскія стандарты. Калі не выконваюцца стандарты, то АБСЭ не можа прызнаваць тое, што адбывалася ў Беларусі. Калі мы не маем празрыстых, справядлівых, дэмакратычных выбараў, то краіна не адпавядае тым прынцыпам, на якіх пабудавана АБСЭ. Тым не менш АБСЭ лічыць магчымым пайсьці на саступкі, пайсьці насустрач рэжыму Лукашэнкі і забясьпечыць пэўнае прызнаньне гэтага рэжыма. Мяне палохае, што зараз гучыць і з боку афіцыйнага Менску, і з боку афіцыйных асобаў АБСЭ заява пра тое, што будзе прызнана "палатка". Гэта вельмі небясьпечна, улічваючы, што з боку Крамля гучаць завяы пра тое, што Беларусь можа ўвайсьці ў склад Расеі нават не як краіна, а як пэўная колькасьць губэрніяў. Прызнаньне "палаткі" можа адкрыць шлях для легітымізацыі такіх плянаў. Я хацеў бы спадзявацца, што найперш эўрапейскія краіны, ЗША ўсьведамляюць наяўнасьць такой небясьпекі. Таму цяпер пакуль не наступіў той момант, калі можна зьмяніць стаўленьне да легітымнасьці тых органаў, якія ўтварыліся ў Беларусі падчас кіраваньня Лукашэнкі.

Пытаньне: - Як паўплывае дамоўленасьць з АБСЭ на стасункі Беларусі з іншымі міжнароднымі структурамі - Радай Эўропы і Эўразьвязам. Можа для іх наогул ужо не існуе "беларускае пытаньне"?

А.Саньнікаў: - Даўно ўжо казалі палітыкі і аналітыкі, што назіраецца пэўная стомленасьць міжнародных структураў ад таго, што яны не могуць вырашыць пытаньне недэмакратычнай Беларусі. Калі стомленасьць будзе вызначальнай у гэтых арганізацыях, то гэта будзе мець адмоўны ўплыў. Што да Рады Эўропы і ЭЗ, гэтыя арганізацыі заўсёды заяўлялі, што яны каардынуюць сваю дзейнасьць і пазыцыю адносна Беларусі. Калі гэта будзе скаардынаваная палітыка легітымізацыі, то можна чакаць даволі адмоўных наступстваў унутры Беларусі. Заўсёды, калі ідуць пэўныя захады, якія могуць сьведчыць аб зьмякчэньні пазыцыі па прынцыпах дэмакратыі і правоў чалавека, заўсёды ў Беларусі ўзмацняюцца рэпрэсіі. Гэта факт. Заўсёды так было і я не чакаю, што будзе нешта іншае зараз, калі такое прызнаньне адбудзецца. Мы ведаем, што апошні год нават новыя зьявы назіраюцца тут у сфэры парушэньня правоў чалавека. Перш за ўсё журналісты, якія зараз знаходзяцца на "хіміі" - гэта ўвогуле немагчыма ўявіць сабе. На гэтым фоне казаць, што можна зараз будаваць палітыку супрацоўніцтва з Лукашэнкам, гэта перш за ўсё прызнаць, што тое ж АБСЭ ня здольнае прытрымлівацца сваіх жа прынцыпаў.

Пытаньне: - Першымі пра магчымую адмену візавых санкцыяў адносна прэзыдэнта Лукашэнкі і некаторых высокапастаўленых чыноўнікаў загаварылі ў Вашынгтоне. У сувязі з гэтым зьявіліся меркаваньні, што пазыцыі ЗША і Эўрапейскага зьвязу адносна Беларусі розныя: амэрыканцы памякчэлі ў параўнаньні з эўрапейцамі. Ці пагаджаецеся Вы з такой ацэнкай?

А.Саньнікаў: - Не, я так не думаю. Я ўдзельнічаў у канфэрэнцыі ў Вашынгтоне, на якой гучала жорсткая і прынцыповая пазыцыя з боку ўплывовых асобаў і палітыкаў, кангрэсменаў і сэнатараў. Цяпер тое, што адбываецца зараз, можа зьяўляцца некваліфікаванай ацэнкай з боку амбасады. Вельмі дзіўна чуць выказваньні амбасадара ЗША ў Беларусі пра тое, што інтэграцыя з Расеяй (а мы ведаем, што гэта за інтэграцыя) не пашкодзіць Беларусі. Гэта небясьпечныя выказваньні, бо яны ўспрымаюцца афіцыйным бокам, як пэўныя сігналы, што тут можна рабіць усё, што заўгодна і не толькі афіцыйнаму Менску, але і Маскве. Таму тут могуць быць пэўныя разыходжаньні ў падыходах, нам жа вядома, што ў Дзярждэпе, Белым доме і Канргэсе ЗША ацэнкі даволі жорсткія, што грамадзкая думка таксама даволі жорстка ацэньвае сытуацыю ў Беларусі. Візавыя справы - гэта дробязі і іх можна вырашаць, але калі праз такія дробязі будзе забясьпечвацца прызнаньне гэтай практыкі ў Беларусі з боку ЗША (ўплывовай дзяржавы ў тым ліку і ў АБСЭ), гэта будзе памылкова найперш для Злучаных Штатаў.

Пытаньне: - Беларускае кіраўніцтва спадзяецца на адмену візавых санкцыяў. Але ці можа яно разьлічваць, што калі 16 краін адменяць санкцыі, самаізаляцыя Беларусі будзе пераадолена?

А.Саньнікаў: - Не, самаізаляцыя не пераадоленая, таму што візавыя санкцыі - гэта тэхнічная магчымасьць выяжджаць ці не. Мы ведаем, што акрамя магчымасьці павінна быць пэўная зацікаўленасьць у сустрэчах з гэтымі афіцыйнымі асобамі Беларусі. У дэмакратычных краін такой зацікаўленасьці няма. Гэта значыць, што той рэжым, які існуе ў Беларусі - непрывабны, мае рэпутацыю непрадказальнага і таму ні бізнэс, ні палітыкі не зацікаўлены ва ўмацаваньні стасункаў з гэтым рэжымам. Візавыя санкцыі - тэхнічнае пытаньне, але нічога не зьменіцца ў дачыненьні да афіцыйных асоб бяз зьменаў тут, у Беларусі.

Пытаньне: - Ці можна разьлічваць на перамены ў пазыцыі ЭЗ да Беларусі пасьля ўступленьнья ў зьвяз дзеcяці новых сябраў, сярод якіх суседкі Беларусі - Польшча, Літва і Латвія? У які бок пойдзе Беларусь пасьля пашырэньня ЭЗ і НАТО на ўсход?

А.Саньнікаў: - Ужо адбываюцца перамены і ў мінулым годзе было прынята рашэньне Эўразьвязу па новым вымярэньні палітыкі ЭЗ да новых суседзяў. Новыя суседзі зьвязу - гэта Беларусь, Малдова і Ўкраіна. Ужо адбывацца зьмены, пэўная палітыка выпрацоўваецца. Пакуль што ЭЗ не разглядае Беларусь у якасьці свайго магчымага сябра ў бліжэйшай будучыні. Гэта вельмі дрэнна для нас і мы павінны ўсьвядоміць, што зараз ідзе адмоўны адлік часу для нас. Мы даўно страцілі час для ўмацаваньня стасункаў з ЭЗ, каб гэтыя стасункі былі ўзаемакарыснымі. Патрэбна ўсьвядоміць, што без хуткіх зьменаў у Беларусі мы можам увогуле страціць свой шанец стаць эўрапейскай дзяржавай, а гэта найбольш небясьпечна.

Калі мы страчваем гэты шанец, тады будзе зразумела, чаму адбываюцца зьмены пазыцыі ЗША і Эўропы адносна Беларусі. У такім выпадку Беларусь адыходзіць да іншага рэгіёну, можа да азыяцкага, але не да эўрапейскага. Гэта не натуральна для Беларусі, бо наша натуральнае асяродзьдзе - гэта Эўропа. Мы павінны быць у Эўропе і вяртацца ў Эўропу. Мы маем на гэта ўсе шанцы. Зараз гаворка ідзе, што Румынія ў 2007 годзе будзе запрошана ў ЭЗ. Па эканамічнаму патэнцыялу і па ўсіх паказчыках Беларусь не горшая за Румынію, каб далучыцца да ЭЗ. Гэта можна зрабіць і мы павінны гэта зрабіць, інакш Беларусь апынецца ў жахлівым становішчы.

Пытаньне: - Пасьля доўгай паўзы расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін усё ж прыехаў у Менск, і з яго боку не прагучала ніякіх крытычных заўвагаў на адрас Лукашэнкі. Ці не азначае гэта, што пэрыяд пахаладаньня ў беларуска-расейскіх адносінах скончыўся і прэзыдэнт Лукашэнка выйграў?

А.Саньнікаў: - Пэрыяд палітычнага пахаладаньня, які пачаўся недзе год таму, не скончыўся. Ёсьць стратэгічныя пляны Масквы адносна Беларусі і гэтыя пляны заключаюцца ў тым, каб кантраляваць сытуацыю. Ёсьць пэўныя асабістыя адносіны паміж Пуціным і Лукашэнкам. Але Пуцін - гэта не Лукашэнка і нельга было чакаць, што ён прыедзе ў госьці і будзе выказвацца крытычна. На самой справе адбылася цяжкая для Лукашэнкі размова адзін на адзін, бо вынікаў ніякіх не было. Гэта азначае, што працягваецца ціск на Лукашэнку з боку Пуціна перш за ўсё ў пытаньні прыватызацыі, адзінай валюты і ўвогуле канфігурацыі саюза і ролі Лукашэнкі ў гэтым саюзе. Перамовы былі складаныя і можа мы даваедаемся пра іх праз пэўны час, як мы даведаліся пра тое, што адбылося ў Санкт-Пецярбургу праз пару тыдняў. Адсутнасьць вострых выказваньняў з боку Пуціна яшчэ не гаворыць пра нармалізацыю адносінаў паміж Пуціным і Лукашэнкам.

Пытаньне: - Ці магчыма, што Захад махнуў рукой на Беларусь і аддаў яе на водкуп Расеі: няхай яна там разьбіраецца. Ці ўлічвае ў гэтай сітуацыі Расея меркаваньні палітыкаў у Вашынгтоне, якія залічваюць Беларусь да "восі зла" і меркаваньні эўрапейцаў, якія Лукашэнку называюць апошнім дыктатарм?

А.Саньнікаў: - Ёсьць такая плынь у палітыцы заходнеэўрапейскізх дзяржаваў і ЗША, што Беларусь уваходзіць у сфэру інтарэсаў Расеі і трэба дазволіць ёй замацаваць гэты інтарэс у Беларусі. Пэўным чынам аднаўляецца ранейшая тэза аб экспарце дэмакратыі праз Расею ў Беларусь. Гэта найбольш небясьпечна, бо пакуль нельга называць Расею дэмакратычнай дзяржавай. Расейска-беларускія адносіны былі і будуюцца як адносіны паміж мітраполіяй і калёніяй. Нельга чакаць, што мітраполія будзе зацікаўленая экспартаваць дэмакратыю ў калёнію, бо гэта супярэчыць інтарэсам мітраполіі. Таму такая палітычная тэндэнцыя ёсьць найвялікшай памылкай палітыкаў і ім можна было б будаваць свае адносіны з Расеяй іншым чынам. Расея імкнецца быць прызнанай дэмакратычнай дзяржавай і будуе свае стасункі з ЭЗ, ЗША ў рамках сямёркі, на прынцыпах дэмакратычнага разьвіцьця. А вось у дачыненьні да Беларусі яна падтрымлівае недэмакратычны працэс. Гэта супярэчнасьць відавочная і дэмакратычныя заходнія дзяржавы маглі б заўсёды гэтую супярэчнасьць Расеі падкрэсьліваць. А што зараз адбываецца? Зьявілася тэндэцыя, каб вылучыць адзін элемент нармальнай дзяржавы - эканамічныя рэформы - і праз гэты элемент паспрабаваць зьмяніць сытуацыю. Але зноў такі эканамічныя рэформы нам прапануюцца з боку Расеі і гэта не эканамічныя рэформы. Пад лёзунгам узгадненьня расейскага заканадаўства зь беларускім перасьледуюцца інтарэсы расейскага капіталу ў сфэры эканомікі. Нічога не атрымаецца, бо без зьменаў у палітычнай сфэры, рэальных эканамічных рэформаў чакаць нельга.

Пытаньне: - Зьявіліся такія публікацыі ў заходняй прэсе, што, маўляў, дарэмна так нападаюць на Беларусь, што яе кіраўніцтва праводзіць незалежную ад Вашынгтона палітыку. А ці ёсьць наагул такая палітыка ў Беларусі?

А.Саньнікаў: - Палітыка заўсёды ёсьць, залежыць накірунак гэтай палітыкі ад кіраўніцтва краіны. Відавочна, што ёсьць палітыка Лукашэнкі, якая прывяла да банкруцтва ўнутры краіны і ў замежных сувязях Беларусі. Нічога не паляпшаецца, няма ніякіх стасункаў, інвэстыцыяў, зацікаўленасьці ў гандлёва-эканамічных сувязях. А што да тых артыкулаў, то іх не вельмі карэктна ўзгадваць. Так у "Гардыян" быў артыкул Гэльсынскай групы, якая падтрымлівае дыктатарскія рэжымы. Яна падтрымлівала выбары ў Іраку і г.д. Усе праваабаронцы ведаюць гэтую групу і калі зьяўляюцца такія артыкулы, яны выклікаюць сурьёзную міжнародную рэакцыю. Але ёсьць прынцыпы брытанскай лібэральнай прэсы зьмяшчаць такія меркаваньні. Але гэта тая група, якая прыяжджае на дапамогу Лукашэнку, якая была на парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах і сьцвярджала, што Беларусь - дэмакратычная краіна. Гэта проста міжнародныя мярзотнікі, з дрэннага боку вядомыя ў сьвеце. Нездарма гэты артыкул тут жа перадрукавалі дзяржаўныя газэты "Советская Белоруссия" і "Звязда". Я якраз быў у Англіі, калі зьявіўся гэты артыкул, размаўляў з супрацоўнікамі Міжнароднай амністыі, усе кажуць, што яго аўтары тыя, каму ніхто нават рукі не пацісьне.

Ніхто не можа сказаць, што палітыку Лукашэнкі можна падтрымаць дэмакратычным краінам. Могуць быць спробы падтрымаць накіраванасьць гэтай палітыкі супраць ЗША. Але нават тыя эўрапейскія палітыкі, якія выступаюць супраць узмацненьня ўплыву ЗША ў Эўропе, нават яны ведаюць, што Лукашэнка не той прыклад, які можна выкарыстоўваць для аргументацыі сваёй пазыцыі.

Пытаньне: - Для эўрапейца Беларусь асацыюецца з Чарнобылем, Лукашэнкам, нелегальнай міграцыяй, кантрабандай наркотыкаў. Ці магчыма, што Эўразьвяз проста баіцца Беларусі і будзе шукаць кампрамісы, каб абараніць сябе?

А.Саньнікаў: - У іх ёсьць багаты досьвед і гэты досьвед сьведчыць, што ніякія меры не дапамагаюць, калі краіна недэмакратычная. Напрыклад, нелегальная міграцыя - небясьпечная зьява і Эўропа даволі сурьёзна гэта разглядае і супрацоўнічае з праваахоўнымі органамі Беларусі. Але сітуацыя, якая складваецца ў Беларусі, вымушае людзей эміграваць легальна і Эўропа не адмаўляе людзям, якія па палітычных прычынах прыяжджаюць з Беларусі. Пагаршэньне сытуацыі ў Беларусі выкліча вялікую хвалю эміграцыі і гэтая зьява пераважыць тое, што можа прынесьці нелегальная міграцыя. Супраць нелегальнай міграцыі ёсьць практычныя сродкі, каб яе не дапусьціць у заходнія краіны. Небясьпека зьвязаная якраз зь недэмакратычнай Беларусьсю, а не з тым, якія зьявы могуць тут палохаць эўрапейцаў. Досьвед сьведчыць аб тым, што толькі дэмакратызацыя, нармалізацыя сітуацыі ў Беларусі забясьпечыць бясьпеку іншых краінаў.

Пытаньне: - Апошнім часам міжнародныя кантакты апазыцыйных партый Беларусі сталі менш актыўнымі. З чым гэта зьвязана? Ці не шукае Захад іншага партнэра ў Беларусі?

А.Саньнікаў: - Я не ведаю ці паменшыліся гэтыя міжнародныя кантакты, але зноў жа мы кажам пра адну з тэндэнцыяў у палітыцы Захаду. Ёсьць спробы зьмяніць сытуацыю праз афіцыйныя колы ў Беларусі і гэта небясьпечна. Калі адбудзецца такое спалучэньне з афіцыйным Менскам, то дэмакратычныя сілы будуць выключаныя з працэсу абмеркаваньня сытуацыі ў Беларусі. Гэта можа прывесьці да выбуху ў Беларусі. Нехта разьлічвае, што праз узмацненьне кантактаў з "палаткай" ці адміністрацыяй можна разьлічваць на зьмены. Не, гэта не адбудзецца. Гэта вельмі недальнабачная палітыка. Гэта спрабавалі рабіць у розныя пэрыяды і нічога не адбывалася. У Беларусі існуе сыстэма, якая кантралюецца адным чалавекам. Гісторыя ведае такія сыстэмы і гісторыя ведае, што нельга спадзявацца на зьмены ўнутры такой сістэмы.

Пытаньне: - Як будзе складвацца сытуацыя вакол Беларусі бліжэйшым часам?

А.Саньнікаў: - Гэта даволі банальная тэза, што ўсё залежыць ад нас, але гэта на самай справе так. Калі ў Беларусі будуць больш актыўна адстойваць прынцыпы дэмакратыі і правоў чалавека, патрабаваць зьмяненьня палітычнай сітуацыі, гэта будзе ўплываць і на адносіны з боку міжнародных арганізацыяў. Зараз грамадзтва ў нас дасьпела і яно дэмакратычнае. Супярэчнасьць існуе паміж прызнаньнем дэмакратычных каштоўнасьцяў, імкненьнем грамадзтва ў Эўропу і ціскам уладаў, каб гэтага не адбывалася, каб не адбывалася паляпшэньня нашых адносінаў з Эўропай. Гэтая супярэчнасьць павінна пэўным чынам вырашыцца. Мы павінны ўсьвядоміць, што мы трацім час і можам страціць шанцы бліжэйшым часам стаць эўрапейскаю крайнаю. Усьведамленьне гэтай небяспекі можа прывесьці да таго, што зьмены пачнуца вельмі хутка і тады мы ўбачым іншыя падыходы з боку нашых сяброў, дэмакратычных краінаў, міжнародных арганізацыяў. Мы зараз знаходзімся на такім гістарычным скрыжаваньні, калі мы павінны зразумець адказнасьць ня толькі за лёс нашых дзяцей, але ўвогуле за лёс нашай краіны.

напicаць камэнтар

 СПАСЫЛКI ПА ТЭМЕ 



 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97.

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая.


Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: