Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У адрас прадстаўніа інтарэсаў сям’і Захаранкі, старшыні праваабарончай арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву” Алега Волчака паступаюць пагрозы з боку сьледчага пракуратуры Ўладзімера Чумачэнкі, які вядзе сьледзтва па справе аб зьнікненьні былога міністра ўнутраных справаў Беларусі генэрала Юры Захаранкі. Алег Волчак сьцьвярджае, што Чумачэнка ў прысутнасьці сваіх калег спрабаваў справакаваць зь ім бойку адразу ў будынку пракуратуры, пагражаючы яго “расьціснуць, задушыць, пасадзіць у турму”, у выпадку, калі юрыст будзе выступаць у прэсе па справе Захаранкі. Зараз Волчак рыхтуе скаргу на імя пракурора горада Менску аб псыхічна неадэкватных паводзінах сьледчага Чумачэнкі. “Калі раней мне тэлефанавалі ананімна, пагражаючы расправаю, то зараз ужо сама пракуратура адкрыта распачала”, -- заявіў сёньня Волчак падчас прэсавай канфэрэнцыі ў офісе беларускага PEN-цэнтра.
Некалькі тысячаў улётак зь лёзунгам “Ён павінен сысьці!” былі расклееныя ў мінулыя выходныя актывістамі руху ЗУБР. Улёткамі заклеены праспэкт Францыска Скарыны і вуліцы пры ім. Яны паўсюль – на тумбах, стэндах для абвестак, прыпынках грамадзкага транспарту, на сьценах дамоў, на агароджах і слупах.
Камітэт замежных справаў Эўрапарлямэнту адзначыў паглыбленьне ізаляцыі Беларусі і заклікаў беларускія ўлады праводзіць эканамічныя і палітычныя рэформы, для таго, каб заключыць пагадненьне з Эўрапейскім Зьвязам.
Пракуратура Менску прыпыніла папярэдняе сьледзтва па справе аб зьнікненьні віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету, аднаго зь лідэраў дэмакратычнае апазыцыі ў Беларусі, былога віцэ-прэм’ера ўраду, старшыні Цэнтрвыбаркаму Віктара Ганчара і ягонага сябра бізнэсоўца Анатоля Красоўскага “за нявызначэньнем асобы (асобаў), якая падлягае прыцягненьню да крымінальнай адказнасьці”. “Беларускія ўлады, якія падазраюцца ў датычнасьці да палітычных зьнікненьняў, хочуць ціха пахаваць гучныя справы. Да гэтага часу няма адказу на пытаньне, куды зьнік былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка і апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі”, -- так жонка Красоўскага Ірына пракамэнтавала дакумэнт, падпісаны старэйшым сьледчым па важнейшых справах пракуратуры, дарадцам юстыцыі Ўладзімерам Чумачэнкам.
Вынікі працы Міністэрства інфармацыі за 2002 год падсумаваныя на пашыраным паседжаньні калегіі, якая адбылася 24 студзеня пад старшынствам міністра інфармацыі Міхаіла Падгайнага. У ім прынялі ўдзел віцэ-прэм’ер Уладзімер Дражын, першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Станіслаў Князеў, кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі рэспублікі іншых прадпрыемстваў галіны.
Міністар культуры Беларусі ў пятніцу падчас сустрэчы з амбасадарам Іслямскай рэспублікі Іран у Менску Гальпайгані падкрэсьліў неабходнасьць разьвіцьця двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне культуры. Іранскі дыплямат у час гэтай сустрэчы ў разьвіцьці адносінаў, заклікаў яшчэ да большага разьвіцьця супрацоўніцтва ў сфэры культуры паміж Тэгеранам і Менскам.
У часе зімовай сэсіі Парлямэнцкае асамблеі Рады Эўропы, якая пройдзе ў Стразбургу 27-31 студзеня, будзе абмяркоўвацца сытуацыя ў Беларусі. Беларуская тэма будзе фігурыраваць на пленарным паседжаньні ПАРЭ 28 студзеня ў рамках дакладу сп-ні Ісохоакана-Асунмаа, дакладчыцы па свабодзе друку з Фінляндыі, якая прысьвяціла беларускай сытуацыі ў праекце дакладу асобную аналітычную рубрыку і адзначыла ў якасьці асаблівасьці “кантроль ураду над СМІ, затрыманьні і турэмныя зьняволеньні журналістаў, эканамічныя і юрыдычныя дамагальніцтвы”. Іншай важнай падзеяй для краіны стане паседжаньне падкамісіі ПАРЭ па справах зьніклых у Беларусі, куды запрошаныя прадстаўнікі беларускай апазыцыі – Анатоль Лябедзька, Уладзімер Нісьцюк, Валянціна Палевікова і Яраслаў Раманчук.
Беларусь займае 5-ае месца ў сьвеце па колькасьці асуджаных і падсьледчых на 100 тысячаў жыхароў. Як перадае карэспандэнт "Росбалта", пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску паведаміў у пятніцу начальнік Камітэту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі Ўладзімер Коўчур. Паводле інфармацыі беларускага МУС, апярэджваюць Беларусь па дадзеным паказьніку ЗША, Расея, Казахстан і Кайманавыя выспы.
У Беларусі колькасьць сьмяротных прысудаў, якія прыводзяцца ў выкананьне, рэзка скарацілася ў параўнаньні зь дзевяностымі гадамі. “Так, калі ў 1996 годзе было да 40 прысудаў да сьмяртнага пакараньня, то летась выкананыя толькі 5 прысудаў”, -- паведаміў у пятніцу на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску начальнік камітэту выкананьня пакараньняў (КВП) МУС Беларусі Ўладзімер Коўчур.
Пытаньні грашова-крэдытнай і падаткава-бюджэтнай палітыкі застаюцца прадметам галоўных разыходжаньняў у супрацоўніцтве Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) і Беларусі. Як перадае карэспандэнт "Росбалта", пра гэта журналістам у Менску заявіў Том Рычардсан – кіраўнік місіі МВФ, якая распачала працу па ацэнцы стану беларускай эканомікі.
Дзяржава будзе аказваць падтрымку навуцы, бо яна займае важнае месца ў беларускім грамадзтве і зьяўляецца прыладаю рэалізацыі прыярэтэтаў краіны. З такой заяваю выступіў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь сябрамі Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук (НАН).
За апошнія два гады дзякуючы ўвазе з боку дзяржавы колькасьць асьпірантаў у Нацыянальнай акадэміі навук павялічылася на 10 адсоткаў і на сёньня складае 979 чалавек. Такія дадзеныя падаў прэзыдэнт НАН Міхаіл Мясьніковіч. Разам з тым, паводле ягоных словаў, у навуковым асяродку адчувальны недахоп маладых кадраў. “50 адсоткаў дактароў навук сталага веку. Толькі 700 навукоўцаў з тых, што працуюць у НАН, маладзей за 35 гадоў”, -- адзначыў Міхаіл Мясьніковіч.
Беларусь мае адзін з самых высокіх у СНД узроўняў дзяржаўных выдаткаў. Пра гэта журналістам у Менску заявіў Джон Літвак, кіраўнік місіі Усясьветнага банка, якая 27 студзеня завершыць у Беларусі працу па ацэнцы яе дзяржаўных выдаткаў.
Памежныя ведамствы Ўкраны і Беларусі падрыхтавалі і падпісалі ўсе дакумэнты па дэлімітацыі мяжы. Пры яе дэмаркацыі ня будуць узводзіць калючую загарадзь і кантрольна-адбіткавую паласу, будзе толькі рашчышчацца тэрыторыя шырынёй 5 мэтраў, па яе краёх паставяць памежныя слупы. Памежнікі павінны будуць разьлічваць на папераджальную інфармацыю, супрацоўніцтва з насельніцтвам, тэхнічнае перазабесьпячэньне, дзейнасьць памежных інспэктараў і мабільных падразьдзелаў, -- паведамляе газэта “Известия”.