Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Эўрапарлямэнт адзначае паглыбленьне ізаляцыі Беларусі 11:10, 27/01/2003, Радыё Свабода
Камітэт замежных справаў Эўрапарлямэнту адзначыў паглыбленьне ізаляцыі Беларусі і заклікаў беларускія ўлады праводзіць эканамічныя і палітычныя рэформы, для таго, каб заключыць пагадненьне з Эўрапейскім Зьвязам.
Адпаведная справаздача, ухваленая на днях камітэтам, была ініцыяваная і падрыхтаваная Пэдра Марсэтам Кампасам. Гішпанскі дэпутат Марсэт Кампас зьяўляецца чальцом Канфэдэратыўнай Групы Эўрапейскіх аб’яднаных левых, а тасама ўваходзіць у Камітэт замежных справаў, правоў чалавека, агульнай бясьпекі і абароннай палітыкі Эўрапарлямэнту.
Эўрапарлямэнт ад 1996 году сьцьвярджае, што ніякае двухбаковае пагадненьне зь Беларусьсю ня можа быць падпісанае, пакуль беларускія ўлады не выявяць выразных намераў паважаць правы чалавека.
У справаздачы Марсэта Кампаса крытыкуецца аўтарытарны стыль Аляксандра Лукашэнкі і рэпрэсіўная палітыка яго рэжыму. У дакумэнце гаворыцца пра зьбядненьне насельніцтва Беларусі, беларускія апазыцыйныя партыі заклікаюцца не ўпусьціць магчымасьці аб’яднаць сілы і мабілізаваць грамадзкую сьвядомасьць у часе сакавіцкіх мясцовых выбараў.
Сябры Эўрапарлямэнту таксама пацьвярджаюць гатоўнасьць падтрымліваць гуманітарныя праграмы дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.
Справаздача па Беларусі стаіць на парадку дня лютаўскай пленарнай сэсіі ў Страсбуры.