|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Ірына Красоўская прад’яўляе ўраду зыск 15:54, 27/01/2003
На такія скрайнія меры Ірына Красоўская і ейны адвакат рашыліся пасьля таго, як пракуратура прыпыніла папярэдняе сьледзтва па справе аб зьнікненьні Ганчара і Красоўскага. --Мяркую, ніхто ня верыць, што сьледзтва праведзенае аб’ектыўна. У сьледчых дзеяньнях не ўдзельнічалі асноўныя падазраваныя па справе – цяперашні генэральны пракурор Віктар Шэйман, якога звычайны сьледчы ня можа дапытаць. Ня можа дапытаць звычайны сьледчы і прэзыдэнта, які ня раз публічна заяўляў, што ў курсе некаторых падзеяў, зьвязаных з гэтымі справамі. Складвалася ілюзія, што працуе сьледчая група, але насамрэч усе справы вёў адзін сьледчы. Між тым, справу Чыгіра (экс-прэм’ер-міністар Беларусі -- заўв.Хартыі’97) вялі 24 (!) сьледчыя. З гэтага ўжо зразумела, якім чынам вялося сьледзтва. Акрамя таго, пры расьсьледаваньні ўлады адмовіліся прыняць дапамогу міжнародных структураў. Сьледзтва прыпыненае і гэта азначае, што ніхто зараз ня здолее азнаёміцца з матэрыяламі гэтых справаў, што сьледзтва на законных падставах ня будзе працягвацца, і ніхто ня будзе адказваць на нашыя хадайніцтвы, на запыты міжнароднай камісіі па расьсьледаваньні зьнікненьняў, якая была ўтвораная ПАРЭ, -- лічыць Ірына Красоўская. Днямі Ірына Красоўская атрымала з пракуратуры афіцыйную пастанову аб прыпыненьні сьледзтва аб зьнікненьні ейнага мужа. Пастанова напісаная на сямі старонках і ейны зьмест выклікаў масу крытычных заўваг з боку юрыстаў і праваабаронцаў. Яны сьцьвярджаюць, што на гэтых старонках беларуская пракуратура падпісалася ва ўласным бясьсільлі і залежнасьці ад тых, у чыіх руках знаходзіцца ўлада. Першае, што выклікае ўзрушэньне сваякоў і юрыстаў, гэта тое, што за 3,5 гады сьледчых мерапрыемстваў не былі дапытаныя вышэйшыя службовыя асобы, датычнасьць якіх да зьнікненьня апазыцыянэраў даказвалі шматлікія сьведчаньні супрацоўнікаў пракуратуры і КДБ, а таксама рапарты начальніка крымінальнай міліцыі Мікалая Лапаціка і начальніка СІЗА-1 Менску Алега Алкаева. Старшыня Беларускага Гэльсынскага камітэту Тацяна Процька правяла руплівы аналіз пастановы і прыйшла да высновы, што яна зьяўляецца чарговым доказам таго, што да выкраданьня Красоўскага і Ганчара маюць адносіны беларускія спэцслужбы: --Калі мы прасачылі, што зрабілі ўлады і чаго не зрабілі пры расьследаваньні гэтых справаў, у нас склалася ўражаньне, што ўлада ўпарта не жадае раскрываць гэтыя злачынствы. Улада прыпыніла расьсьледаваньне крымінальнай справы, але ў пастанове адказала Ірыне Красоўскай, што будзе працягвацца вышук ейнага мужа па лініі міліцыі і яна публічна заяўляе пра тое, што гэта не палітычнае забойства, а самае звычайнае зьнікненьне. Такім чынам, адбываецца перакваліфікацыя самой падзеі. У пастанове гаворыцца пра тыя вэрсіі, якія высунула сьледзтва, але ў ім нічога не сказана пра тое, якія матэрыялы былі здабытыя ў час гэтага сьледзтва, якія вынікі сьледзтва атрымала і, нарэшце, адвергла яно гэтыя вэрсіі ці прыняло. Фактычна сёньня сьледзтва не дала адказу на пытаньне: што адбылося? Сьледзтва не адказала нават на тыя пытаньні, якія яно само паставіла. І тады гэтая вось перакваліфікацыя з палітычнага забойства ў звычайнае забойства -- гэта як бы і ёсьць тлумачэньне. Самай цікавай зьяўляецца трэцяя старонка гэтай пастановы. Яна поўная самых незразумелых рэчаў. Там сказана, што “расстрэльны” пісталет браўся ў дні зьнікненьняў палітыкаў для правядзеньня спэцыяльных мерапрыемстваў, а не для навучаньня. У той самы час вышэйшыя службовыя асобы адмаўляюцца сказаць сьледчаму, што гэта за мерапрыемствы. У нас ёсьць усе падставы сьцьвярджаць, што пад вызначэньне “спэцыяльныя мерапрыемствы” можа падыйсьці палітычнае забойства. Яно таксама можа быць “спэцыяльным мерапрыемствам”. І, калі вышэйшыя службовыя асобы не жадаюць казаць пра гэта ў такой крытычнай сытуацыі, калі міжнародная грамадзкасьць зацікаўленая гэтай справаю, то ў мяне ёсьць усе падставы гэта сьцьвярджаць. У дакумэнце гаворыцца, што ад’ютант тады міністра ўнутраных справаў Юры Сівакова Калесьнік даў спачатку адныя сьведчаньні, а пасьля іх зьмяніў і сказаў, што пісталет нікому не выдаваўся, а ляжаў у ягоным сэйфе. У адказ сьледзтва ня ставіць пытаньня: а чаму раптам сьведчаньні зьмяніліся? Далей сьледзтва піша, што “з адказу на дадзенае пытаньне немагчыма зрабіць пэўную выснову аб тым, ці прымянялася атрыманае ва ўстанове зброя пры правядзеньні якіх-небудзь апэратыўна-вышукных мерапрыемстваў работнікамі МУС РБ”. Словам, сьледзва прызнае сваю бездапаможнасьць. Далей сьцьвярджаецца, што падчас зьдзяйсьненьня злачынства (захопу Красоўскага і Ганчара) нейкія людзі ў форме хадзілі і дапытвалі ў гэтую ж ноч людзей, якія жылі побач ад месца выкраданьня. Сьледзтва адзначае, што людзі баяліся казаць праўду. Цікава, што тут не адзначаецца, у якой форме былі тыя, хто апытваў людзей ад імя міліцыі. Гэтае пытаньне сьледзтва таксама абыйшло і не раскрыла. Усяго гэтага дастаткова, каб сьцьвярджаць, што сьледзтва не правяло ўсіх неабходных мерапрыемстваў, і яно павінна аднавіцца. Акрамя таго, не дапытаныя ні спадар Мацкевіч, ні сп.Бажэлка, якія мелі зьвесткі па факту зьнікненьня. Мы лічым, што пакуль ня будуць дапытаныя гэтыя асобы, абсалютна афіцыйна і ў прысутнасьці, магчыма, замежных прадстаўнікоў, закрываць справу нельга. Сёньня ў нас ёсьць падставы думаць пра тое, што гэта палітычнае забойства і цалкам верагодна, што ў дзяржаўных структурах Беларусі існуе злачынная група, якая хаваецца пад імем дзяржаўных структур і ажыцьцяўляе злачынную дзейнасьць. І фактычна, калі ўважліва прачытаць гэтую пастанову, аргумэнтаў для такой высновы больш чым дастаткова.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|