Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пракуратура пагражае расправаю адвакату сям’і Захаранкі 16:33, 27/01/2003
У адрас прадстаўніа інтарэсаў сям’і Захаранкі, старшыні праваабарончай арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву” Алега Волчака паступаюць пагрозы з боку сьледчага пракуратуры Ўладзімера Чумачэнкі, які вядзе сьледзтва па справе аб зьнікненьні былога міністра ўнутраных справаў Беларусі генэрала Юры Захаранкі. Алег Волчак сьцьвярджае, што Чумачэнка ў прысутнасьці сваіх калег спрабаваў справакаваць зь ім бойку адразу ў будынку пракуратуры, пагражаючы яго “расьціснуць, задушыць, пасадзіць у турму”, у выпадку, калі юрыст будзе выступаць у прэсе па справе Захаранкі. Зараз Волчак рыхтуе скаргу на імя пракурора горада Менску аб псыхічна неадэкватных паводзінах сьледчага Чумачэнкі. “Калі раней мне тэлефанавалі ананімна, пагражаючы расправаю, то зараз ужо сама пракуратура адкрыта распачала”, -- заявіў сёньня Волчак падчас прэсавай канфэрэнцыі ў офісе беларускага PEN-цэнтра.
Прадстаўнік сям’і Захаранкі паведаміў таксама, што сьледчы Чумачэнка адмовіў яму ў атрыманьні паведамленьня аб прыпыненьні папярэдняга расьсьледаваньня і копіі самой пастановы, хаця рашэньне пракуратуры Менску аб прыпыненьні папярэдняга сьледзтва па крымінальнай справе аб зьнікненьні Юры Захаранкі было прынятае яшчэ 17 студзеня. Пры гэтым паводле закону сьледчы абавязаны пісьмова паведаміць пацярпелага і ягонага прадстаўніка пра гэта і адначасова патлумачыць, што пастанова аб прыпыненьні папярэдняга сьледзтва можа быць абскарджанай пракурору. У дадзеным выпадку, адзначыў Волчак, правы сям’і Захаранкі цалкам парушаныя, бо невядома нават на якой падставе прыпыненая справа.
Акрамя таго, пракуратура адмовіла Вользе Захаранке і яе прадстаўніку ў азнаямленьні з матэрыяламі крымінальнай справы. І, хаця арт.251 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу не дазваляе знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, калі справа прыпыненая, Алег Волчак лічыць, што ў дадзеным выпадку парушаецца арт.5 “Закону аб пракуратуры РБ” і арт.34 Канстутуцыі, якія абавязваюць службовых асобаў даваць пацярпеламу магчымасьць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць ягоныя правы і законныя інтарэсы. Тым больш што, як сьцьвярджае юрыст, Вольга Захаранка настойвае на азнаямленьні толькі з тымі матэрыяламі справы, аб якіх утрымліваецца абагуленая інфармацыя аб сьледчай і апэратаўна зробленай працы. Жонка генэрала Захаранкі хоча ведаць, ці прыме пракуратура ўсе прадугледжаныя законам меры па ўсебаковым, поўным і аб’ектыўным расьсьледаваньні абставінаў справы аб зьнікненьні ейнага мужа.