Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускі страхавы саюз, які аб’ядноўвае 26 страхавых арганізацыяў краіны, вырашыў зьвярнуцца зь лістом да прэм’ер-міністра рэспублікі Генадзя Навіцкага ў сувязі з крызыснай сытуацыяй, якая склалася на страхавым рынку краіны. Рашэньнем, якое будзе мець самыя сур’ёзныя наступствы для рынка добраахвотнага страхаваньня ў Беларусі, у Беларускім Саюзе страхаўшчыкоў (БСС) называюць унясеньне зь ініцыятывы Мінфіну і наступнае прыняцьце "парлямэнтам" зьменаў у падаткавае заканадаўства, згодна зь якім страхавыя ўнёскі зараз выключаюцца з складу сабекошту, “што ня мае аналягаў ні ў краінах СНД ні ў далёкім замежжы”.
Як паведаміў БелаПАН прэзыдэнт БСС Віктар Хамярчук, у лісьце, які мусіў быў афіцыйна накіраваны 27 студзеня, у прыватнасьці, гаворыцца, што ў апошні час органамі дзяржаўнай улады быў прыняты шэраг беспрэцэдэнтных рашэньняў, якія рэзка звужаюць страхавое поле. У іх ліку – перадача права правядзеньня абавязковага страхаваньня выключна дзяржаўным страхавым арганізацыям, заплянаванае адсячэньне недзяржаўных страхаўшчыкоў ад правядзеньня абавязковага страхаваньня грамадзянскай адказнасьці аўтаўладальнікаў. Разам з гэтым, адзначаецца ў лісьце, на розных узроўнях былі адхіленыя раней ухваленыя Радай па пытаньнях страхаваньня прапановы страхаўшчыкоў адносна разьвіцьця добраахвотнага мэдычнага страхаваньня, разьвіцьця сыстэмы страхаваньня жыцьця і дадатковых пэнсіяў, абавязковага страхаваньня прафэсійнай адказнасьці. У сукупным аб’ёме страхавых унёскаў доля абавязковага страхаваньня складае больш за 60 адсоткаў – факт, як лічаць страхаўшчыкі, сам па сабе беспрэцэдэнтны, і гэтая лічба мае тэндэнцыю да павелічэньня як за кош павелічэньня колькасьці відаў абавязковага страхаваньня, так і за кошт скарачэньня аб’ёмаў добраахвотнага страхаваньня. Як заяўляюць у сваім лісьце страхаўшчыкі, “у апошнія гады ў рэспубліцы на ўзроўні дзяржаўнай улады не было прынята ніводнага рашэньня, накіраванага на пашырэньне рынка добраахвотнага страхаваньня – як да грамадзянаў, так і суб’ектаў гаспадараньня. Ніводнае з вышэйвыкладзеных пытаньняў не абмяркоўвалася на Радзе па пытаньнях страхаваньня пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, які ў 2002 годзе ні разу не зьбіраўся”.
БСС канстатуе, што зараз адбываецца спад у паступленьнях страхавых унёскаў, цалкам спыніўся працэс разьвіцьця страхаваньня жыцьця, мэдычнага страхавньня, як зрэшты, і астатніх відаў. Паводле ацэнак спэцыялістаў саюза, у 2003 годзе чакаецца рэзкі, больш чым на 35 адсоткаў, спад паступленьня страхавых унёскаў у рэспубліцы ў параўнаньні з 2002 годам і больш чым на 40 адсоткаў -- у параўнаньні з 2001 годам. На сёньня ў рэспубліцы зьбіраецца страхавых унёскаў у 3 разы меней, чым, напрыклад, у суседняй Літве, і ў 2 разы меней, чым у Латвіі. У гэтай сувязі сябры БСС лічаць за неабходнае тэрмінова пераглядзець падыходы да месца і ролі сыстэмы страхаваньня ў Беларусі і прыняць усе неабходныя меры да выпраўленьня сытуацыі, бо зараз, на думку страхаўшчыкоў, адбываецца “фактычная ліквідацыя нацыянальнага страхавога рынку, заснаванага на роўнасьці формаў уласнасьці, і прызнаньня неабходнасьці інстытута страхаваньня ў нацыянальнай эканоміцы”.