Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Легітымізацыі «палаткі» на сэсіі ПАРЭ ня будзе 10:44, 28/01/2003
Ніякай легітымізацыі “нацыянальнага сходу” Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы на зімовай сэсіі ня будзе”, -- заявіў 27 студзеня ў інтэрвію БелаПАН лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька, які знаходзіцца ў Стразбургу на сэсіі ПАРЭ, якая адкрылася сёньня. Паводле палітыка, гэта стала зразумела пасьля паседжаньня падкамісіі па Беларусі Палітычнага камітэту ПАРЭ.
На яго запрасілі прадстаўнікоў беларускай апазыцыі – Анатоля Лябедзьку, ягоных намесьнікаў Яраслава Раманчука і старшыню незарэгістраванай Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі (АСДП) Валянціна Палевікову, а таксама дэпутатаў “палаты прадстаўнікоў”. Аднак апошнія не прымалі ўдзел у паседжаньні, бо прыедуць у Стразбург толькі 28 студзеня.
А.Лябедзька адзначыў, што падкамісія па Беларусі была сфармаваная толькі ў сьнежні леташнега году, таму важнасьць сёньняшняй дыскусіі, паводле яго, у тым, каб “увесьці яе чальцоў у “беларускае пытаньне”. “Гэта — галоўная задача, якую мы ставілі перад дыскусіяй, і нам гэта ўдалося, -- лічыць палітык. – Мы казалі пра тое, як выконваецца рэзалюцыя па Беларусі, і што трэба рабіць, а таксама выклалі сваё бачаньне палітычнай сытуацыі ў краіне”.
Акрамя таго, прадстаўнікі апазыцыі перадалі чальцам падкамісіі зварот лідэраў пяці партыяў – АГП, АСДП, Партыі камуністаў Беларускай, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады і Беларускай партыі працы – аб сытуацыі зь місіяй АБСЭ. “Мы лічым аднаўленьне дзейнасьці місіі ў новым фармаце саступкай АБСЭ беларускаму рэжыму”, -- сказаў Лябедзька.
Ён таксама паведаміў, што 30 студзеня ў рамках сэсіі ПАРЭ адбудзецца паседжаньне адмысловай камісіі ПАРЭ па расьсьледаваньні абставінаў зьнікненьня ў Беларусі людзей па палітычных матывах, якую ачольвае вядомы расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў.
Чакаецца, што акрамя гэтых паседжаньняў беларуская тэма прагучыць 28 студзеня ў выступе сп-ні Ісахоакана-Асунма, дакладчыцы па свабодзе друку зь Фінляндыі. Яна прысьвяціла беларускай сытуацыі ў праекце свайго дакладу асобную аналітычную рубрыку і адзначылі ў якасьці асаблівасьці “кантроль урадам СМІ, затрыманьні і турэмныя зьняволеньні журналістаў, эканамічнае і юрыдычнае дамагальніцтва”.