Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сытуацыя з свабодай слова ў Беларусі непрымальная 16:54, 28/01/2003
“Сытуацыя з свабодай СМІ ў Беларусі непрымальная для дэмакратычнай дзяржавы; СМІ кантралюецца дзяржаваю, журналісты падвяргаюцца турэмнаму зьняволеньню, квітнее эканамічны і юрыдычны ціск незалежных СМІ”. Такую думку ў дакладзе, прысьвечаным свабодзе слова ў Эўропе, выказала дакладчык Парлямэнцкае асамблеі Рады Эўропы па свабодзе прэсы Туці Ісахоакана-Асунма. Гэты даклад абмяркоўваецца на зімовай сэсіі ПАРЭ, якая 28 студзеня адкрылася ў Стразбургу.
Сп. Ісахоакана-Асунма нагадала, што 24 студзеня 2002 году Камітэт па культуры, навуцы і адукацыі Рады Эўропы правёў у Стразбургу нараду па пытаньнях свабоды слова ў Беларусі. У ім прынялі ўдзел міністар інфармацыі Беларусі Міхаіл Падгайны, прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, “нацыянальнага сходу”, апазыцыі, журналісты і сябры незарэгістраваных арганізацыяў. У часе сустрэчы, паводле яе, журналісты адзначалі, што апазыцыя ня мае доступу да дзяржаўных СМІ, а недзяржаўныя СМІ – адзіная трыбуна для апазыцыі -- маюць абмежавальны наклад, падваяргаюцца розным формам ціску і цэнзуры з боку высокапастаўленых чыноўнікаў. Яна таксама нагадала, што пасьля завяршэньня сустрэчы ў Стразбургу Міхаіл Падгайны афіцыйна паабяцаў паслаць праект закону аб СМІ на разгляд у Раду Эўропы. Аднак, як адзначае дакладчыца, праз год пасьля гэтай заявы праект закону так і не быў прадстаўлены ў Раду Эўропы. На сустрэчы зь беларускімі “парлямэнтарамі” ў верасьні 2002 году Рада Эўропы была праінфармаваная, што праект усё яшчэ знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі прэзыдэнта, і не абмяркоўваўся ў парлямэнце. Як паведамляе БелаПАН, у дакладзе спадарыні Ісахоакана-Асунма таксама адзначаецца, што за 2002 год тры журналісты – Мікалай Маркевіч, Павал Мажэйка (рэдактар і журналіст гарадзенскай недзяржаўнай газэты “Пагоня”) і Віктар Івашкевіч (рэдактр газэты “Рабочы”) -- абвінавачаныя ў паклёпе і абразе прэзыдэнта Беларусі і асуджаныя да абмежаваньня свабоды. Арамя таго, у выніку эканамічнага і юрыдычнага ціску праз дзяржаўную манаполію на друк і распаўсюд выданьняў, праз падаткі і рэклямную палітыку некалькі газэт у горадзе Менску і рэгіёнах – “Беларуская маладзёжная”, “День”, “Рабочы”, “Голас Пружанаў”, “Тыднёвік Магілёўскі” і салігорская “Салідарнасьць” – вымушаныя былі прыпыніць сваю дзейнасьць, адзначаецца ў дакладзе Туці Ісохоакана-Асунма.