Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
29 студзеня падчас сэсіі ПАРЭ адбылася рабочая сустрэча старшыні адмысловай камісіі ПАРЭ па высьвятленьні абставінаў палітычных зьнікненьняў у Беларусі Сяргея Кавалёва з прадстаўнікамі афіцыйнай беларускай дэлегацыі дэпутатамі “палаты прадстаўнкоў” Леанідам Глухоўскім і Андрэем Лосевым. У сустрэчы ўдзел прымалі старшыня Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі Беларусі Валянціна Палевікова і намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, а таксама дакладчык юрыдычнага камітэту ПАРЭ Вацлаў Станкевіч.
Дзясяткі тысячаў людзей Беларусі з 1 лютага ня здолеюць глядзець канал РТР. 7 перадатчыкаў – у Браславе, Брагіне, Жлобіне, Жыткавічах, Майскім, Слоніме, Смаргоні і Крычаве – якія раней трансьлявалі перадачы тэлеканалу “Расея”, з суботы будуць перададзеныя для трансьляцыі праграмаў абласных тэлестудыяў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, дадзены крок накіраваны не на блякіроўку інфармацыі расейскіх СМІ, а выключна на разьвіцьцё рэгіянальнай тэлевізіі ў краіне.
29 студзеня Савецкая тэрытарыяльная выбарчая камісія Менску адмовіла кіраўніку грамадзкай арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву” Алегу Волчаку ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты гарсавету. Афіцыйныя прычыны яму абяцалі назваць 30 студзеня. Сам Волчак перакананы, што нагодай для адмовы стала яго праваабарончая дзейнасьць. Ён вядзе справы, зьвязаныя з трагедыяй на Нямізе і бясьсьледным зьнікненьнем экс-міністра ўнутраных справаў Юры Захаранкі.
Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыняла 28 студзеня рэзалюцыю генэральнай дакладчыцы па СМІ Туці Ісахоакана-Асунма (Фінляндыя), прысьвечаную свабодзе СМІ і слова ў Эўропе. Парлямэнтараў Рады Эўропы асабліва непакоіць сытуацыя з свабодай слова ў краінах СНД. У гэтай сувязі найбольш сумная сытуацыя сярод усіх краінаў СНД, на думку ПАРЭ, назіраецца ў Азэрбайджане, Беларусі, Малдове, Украіне і Расеі. Эўрапейскія парлямэнтары забавязаліся і надалей рупліва сачыць за сытуацыяй з свабодай слова на кантыненце, а таксама зьвярнуліся з заклікам да эўрапейскіх урадаў расьследаваць злачынствы супраць журналістаў, прыняць адпаведную заканадаўчую базу па СМІ і не перашкаджаць распаўсюду альтэрнатыўнай інфармацыі пад шыльдай “барацьбы з тэрарызмам”. Прапануем вашай увазе частку тэкста рэзалюцыі, якая непасрэдна тычыцца Беларусі:
Сёньня мы назіраем другое вялікае абрабаваньне народа. Прычынай масавага агалечваньня людзей зьяўляецца некампэтэнтнае кіраваньне Аляксандра Лукашэнкі краінай. Як і любы чыноўнік, які не спраўляецца з сваімі абавязкамі, ён павінен сысьці. Пра гэта заявіў адзін з арганізатараў Народнага маршу «За лепшае жыцьцё!» Зьміцер Бандарэнка.
У Беларусі няма шанцу стаць сябрам аб’яднанай Эўропы пры цяперашнім палітычным рэжыме, лічыць генэральны сакратар Міжнароднай асацыяцыі “Эўрапейскі рух” Гэнрык Крэнэр. “Каб стаць сябрам Эўразьвязу вы павінны рэфармаваць сябе знутры. Гэта тычыцца любой краіны. Вы павінны ўсталяваць вельмі надзейную дэмакратычную сыстэму, прававую дзяржаву. Што да эканомікі, вы павінны мець структуру і сілы для таго, каб быць канкурэнтаздольнымі ў свабодным рынку пры цяперашнім палітычным рэжыме ў Беларусі, ў вашай краіны няма ніякага шанцу стаць сябрам аб’яднанай Эўропы”, -- заявіў Гэнрык Крэнэр у інтэрвію “БДГ”.
29 і 30 студзеня паўсюль праходзяць паседжаньні акруговых выбарчых камісіяў па рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. Завяршаецца праверка дакумэнтаў, дэклярацыяў, захаваньне самых розных юрыдычных і бюракратычных фармальнасьцяў. Канчатковыя вынікі рэгістрацыі, поўныя сьпісы кандыдатаў стануць вядомымі не раней за 31 студзеня. Але з розных куткоў Беларусі прыходзяць зьвесткі аб фактах маральнага ціску на кандыдатаў з боку кіраўніцтва, адмністрацыі прадпрыемстваў. Мясцовае начальства ня грэбуе нават самымі непрыстойнымі мэтадамі – запужвае, пагражае, нават шантажуе...
Амбасадар ЗША Майкл Козак наведаў у аўторак асуджанага журналіста Паўла Мажэйку. Майкл Козак заехаў да журналіста на шляху ў Гомель. Сустрэча амбасадара з Паўлам Мажэйкам прайшла а 15 гадзіне на пілараме ААТ “Бабушкино”, дзе працуе журналіст. Майкл Козак цікавіўся ўмовамі ўтрыманьня журналіста.
29 студзеня прадстаўнікі моладзевай апазыцыі, лідэры незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” Аляксей Шэін і Зьміцер Дашкевіч падалі заяўку ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт на правядзеньне ў Менску 14 лютага, у Дзень Сьвятога Валянціна, вулічнай акцыі “Люблю Беларусь!”.
29 студзеня ў Гарадзенскім абласным гаспадарчым судзе адбыліся слуханьні па зыску Смаргонскага райвыканкаму да прыватнага прадпрымальніка, выдаўца недзяржаўнай “Новай газэты Смаргоні” Рамуальда Улану.
29 студзеня суд Цэнтральнага раёну Менску вынес пастанову аб адміністратыўным арышце на 10 сутак актывіста апазыцыі Вячаслава Сіўчыка. З залі суда Сіўчыка адвезьлі ў Цэнтральны РАУС Менску, адкуль пад канвоем адправілі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на Акрэсьціна. Яго абвінавацілі ў антырасейскім пікеце 19 студзеня, у дзень прыезду ў Менск прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.
Наваполацкім міжраённым аддзелам кіраваньня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю па Віцебскай вобласьці распачатая крымінальная справа адносна шэрагу службовых асобаў ААТ “Полацкі ільнозавод”.
У студзені значна вырасьлі тарыфы на асобныя жыльлёва-камунальныя паслугі для насельніцтва. Ацяпленьне і гарачая вада падаражэлі на 25 адсоткаў, газ - на 19,1, халодная вада - на 50, электраэнэргія - на 36,9.
У 2002 годзе заробак рабочых і служачых Беларусі рос павольней, чым спажывецкія кошты. Такую выснову можна зрабіць на падставе дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу.
1 ліпеня 2003 году ў Беларусі набывае моц новая інструкцыя аб праходжаньні тэхагляду транспартных сродкаў. У сувязі з гэтым для ўладальнікаў транспартных сродкаў з тэрмінам службы пачнецца салодкае жыцьцё, піша беларускі тыднёвік “Автобизнес-Weekly”. Сустракацца з работнікамі станцыі дыягностыкі ім давядзецца ўжо ня раз у два гады, а кожныя 12 месяцаў.
На 15,8% (з 51,1 да 43 тыс.чалавек) будзе скарочана колькасьць адміністратыўнага пэрсаналу ў аграпрамысловым комплексе Беларусі. Такая мэта ў агучанага ў сераду ўказа Аляксандра Лукашэнкі «Аб удасканаленьні кіраваньня арганізацыямі аграпрамысловага комплексу».
Вонкавая запазычанасьць Беларусі за энэргарэсурсы на пачатак 2003 году склала 226 мільёнаў даляраў. Унутраная пазыка айчынных спажыўцоў перад паліўна-энэргетычным комплексам нашай краіны – каля 512 мільёнаў даляраў. Актуальнасьць праблемы своечасовых разьлікаў за энэргію падкрэсьліў міністар энэргетыкі Ўладзімер Сямашка 29 студзеня на паседжаньні калегіі міністэрства. У ім прымалі ўдзел таксама першы віцэ-прэм’ер нашай краіны Сяргей Сідорскі, прадстаўнікі Міністэрства эканомікі, Мінфіну, Мінжылкамгасу, іншых ведамстваў.
Трэці год работнікі былога СП “Беллесэкспарт” спрабуюць атрымаць адказ на ліст, адрасаваны прэзыдэнту Беларусі, гаранту іх грамадзянскіх правоў. Галоўнае пытаньне, якое ставяць жыхары мястэчка Дамжэрыцы Лепельскага раёну: калі яны атрымаюць грошы, заробленыя сумленнай працай?
Цэлая сэрыя крадзяжоў з цэркваў адзначана ў Віцебскай вобласьці. Наконадні новага году ў вёсках Парплішча і Вярхняе Докшыцкага і Глыбоцкага раёнаў з Сьвята-Прэабражэскага храмаў выкрадзеныя іконы, рызы, крыжы, кнігі, лямпады. У ноч на 16 сьтудзеня ў стараабрадніцкай царкве ў Варанцы Шаркаўшчынскага раёну зь сьценаў зьнялі пятнаццаць іконаў, забралі два крыжы, Эвангельле. Днямі ў Воршы пастар царквы “Сьвятло жыцьця” заўважыў ранкам адсутнасьць сынтэзатара “Ямаха-520” коштам 900 тысячаў рублёў, паведамляе “Витебский курьер”.
Больш за палову апытаных сацыёлягамі жыхароў Менску – 54 адсоткі – заявілі, што за мінулы год жыць ім стала цяжэй. Такія вынікі анкетнага апытаньня, праведзенага 23-27 студзеня сацыялягічнай службай “Зеркало” інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.