Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Кандыдатаў ад партыяў не рэгіструюць 16:08, 31/01/2003
30 студзеня, у адпаведнасьці з каляндарным плянам, зацьверджаным Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. Як паведаміў БелаПАН сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, пакуль Цэнтральная камісія не валодае інфармацыяй аб тым, як прайшоў гэты этап выбарчай кампаніі. Поўныя дадзеныя аб выніках рэгістрацыі паступяць у ЦВК толькі 5 лютага. Аднак, ужо сёньня зразумела, што большасьць прадстаўнікоў палітычных партыяў ня будуць зарэгістраваныя.
Нагадаем, што на 24 тысячы 12 дэпутацкіх мандатаў у мясцовыя саветы прэтэндавалі 26 тысячы 567 кандыдатаў. Між тым, вынікі рэгістрацыі ў сталічных выбарчых акругах ужо выклікалі крытыку з боку шэрага палітычных партыяў. Так, з 55 кандыдатаў ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) зарэгістраваныя 22. Адмоўлена ў рэгістрацыі, у тым ліку, намесьнікам старшыні партыі Алегу Маркевічу і Ўладзімеру Карунасу. Апошні зьяўляецца кіраўніком выбарчага штабу лібэральных дэмакратаў.
У Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) з 11 прэтэндэнтаў не зарэгістраваныя два кандыдаты. Гэта таксама намесьнікі старшыні партыі Ніна Стужынская і Віталь Малашка.
Незарэгістраваны і намесьнік старшыні партыі БНФ Юры Хадыка. Ён не згадаў у дэклярацыі аб даходах суму ў 24 тысячы рублёў.
Сярод незарэгістраваных кандыдатаў – дырэктар Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа Ўладзімер Колас, кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак, кіраўнік рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Моладзевая дэмакратычная ініцыятыва” Юры Васкрасенскі.