Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандар Лукашэнка ў панядзелак аб’явіў строгую вымову прэм’ер-міністру Генадзю Навіцкаму і кіраўніку сваёй адміністрацыі Ўралу Латыпаву. Такія “оргвысновы” ён зрабіў падчас нарады па пытаньнях працы цэлюлозава-папяровай галіны, паведамляе “Интерфакс”. Лукашэнка матываваў сваё рашэньне “невыкананьнем указаньня прэзыдэнта аб недапушчальнасьці прызначаць на кіруючыя пасады асобаў, раней вызваленых ад пасадаў за неналежнае выкананьне службовых абавязкаў”.
Акрамя таго, пасьля азнаямленьня з інфармацыяй, пададзенай старшынёй Камітэту дзяржаўнага кантролю, міністрам унутраных справаў, генпракурорам і іншымі службовымі асобамі, Лукашэнка прыняў рашэньне аб аднаўленьні на пасадзе намесьніка міністра ўнутраных справаў – начальніка Сьледчага камітэту Леаніда Глухоўскага.
Нагадаем, што Глухоўскі быў часова адхілены ад пасады начальніка Сьледчага камітэту МУС на час працы дзяржкамісіі па праверцы дзейнасьці прадпрыемстваў цэлюлозава-папяровай прамысловасьці.
Лукашэнка ў час нарады заявіў пра неабходнасьць выхаду галіны на больш маштабныя аб’ёмы вытворчасьці айчыннай прадукцыі, скарачэньне імпарту і нарошчваньне беларускага экспарту.
Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду і канцэрну “Беллеспаперпрам” да канца году завяршыць будаўніцтва другога па чарзе Сьветлагорскага цэлюлозава-картоннага камбінату, што дазволіць у два разы павялічыць вытворчасьць паперы.