Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ЗША не ўключылі Беларусь у праграму ваеннай дапамогі краінам СНД 11:04, 05/02/2003
Адміністрацыя Джорджа Буша ў накіраваным у панядзелак у кангрэс ЗША праекце федэральнага бюджэту на 2004 год заплянавала выдаць 36,4 млн. даляраў на аказанне ваеннай дапамогі краінам СНД.
Як паведамілі РІА "Новости" ў бюджэтным кіраваньні Белага Дома, размова ідзе аб праграме пад назвай “Замежнае ваеннае фінансаваньне”. Урад ЗША дасьць краінам СНД гранты і пазыку для набыцьця амэрыканскага вайсковага абсталяваньня, уключна з узбраеньнем, а таксама для атрыманьня абарончых паслуг і прафэсійнага ваеннага навучаньня.
Дапамога прызначаная для падтрымкі намаганьняў гэтых краінаў у барацьбе з тэрарызмам і стварэньня “інстытутаў, якія перашкаджаюць узьнікненьню тэрарызму”, паведамілі ў кіраваньні.
У 2004 годзе буйнейшымі атрымальнікамі такой амэрыканскай дапамогі будуць Грузія і Ўзбэкістан, якім адміністрацыя Джорджа Буша плянуе выдаць на гэтыя тэмы па 10 млн. даляраў. Затым ідуць, адпаведна, Кыргызстан (6 млн.) і Ўкраіна (3 млн.) Атрымальнікамі гэтай дапамогі будуць таксама Армэнія (2,5 млн.), Азэрбайджан (2,5 млн.), Малдова (1 млн.), Туркмэнія (700 тыс.) і Таджыкістан (700 тыс.).
Паводле дадзеных бюджэтнага кіраваньня, з усіх краінаў СНД не ўдзельнічаюць у праграмах “ваеннага фінансаваньня” толькі Расея, Казахстан і Беларусь.
Праект бюджэту ЗША на 2004 год уключае таксама асыгнаваньні яшчэ на адну “Праграму міжнароднага ваеннага навучаньня і падрыхтоўкі”, сродкі якой ідуць выключна на аплату навучаньня і стажыроўкі прадстаўнікоў замежных узброеных сілаў галоўным чынам у ваенных ВНУ і акадэміях ЗША.
У 2004 годзе для краінаў СНД Белы Дом плянуе выдаць на гэтыя мэты 9 млн. 750 тыс. даляраў, зь якіх больш за ўсё сродкаў для Ўзбэкістана — 1,6 млн. Затым ідуць Грузія (1,3 млн.), Казахстан (1,2 млн.), Кыргызстан (1,2 млн.), Малдова (1 млн.), Армэнія (900 тыс.), Азэрбайджан (900 тыс.), Туркмэнія (450 тыс.) і Таджыкістан.