Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аб’яднаная грамадзянскаяя партыя і Беларуская Асацыяцыя журналістаў зьвярнулася да рабочай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ з прапановаю разгледзіць пытаньне аб уганараваньні штогадовай прэміі ПА АБСЭ па журналістыцы рэпрэсаваным па палітычных матывах прадстаўнікам беларускіх мас-мэдыя: галоўнага рэдактара закрытай уладай газэты “Пагоня” Мікалая Маркевіча, карэспандэнта таго ж выданьня Паўла Мажэйкі і галоўнага рэдактара газэты “Рабочы” Віктара Івашкевіча. Усе тры журналісты зараз адбываюць пакараньне на так званай “хіміі”.
Адміністрацыя Палацу Рэспублікі адмовілася даць сваю залю арганізатарам Усебеларускага сходу інтэлігенцыі, які быў заплянаваны на 16 лютага. У зьвязку з гэтым аргкамітэт вырашыў адкласьці сход на месяц. Сёньня па Беларусі на сход вылучана ўжо каля 300 дэлегатаў.
Занадта рана суграмадзяне ва ўладзе супаколіся адносна ПАРЭ. Сапраўды, на верасьнёўскай сэсіі пасьля прыняцьця рэзалюцыі па Беларусі гаварылася, што зараз на нашую маленькую, але ганарлівую краіну Эўропа забудзе надоўга. Асудзілі – і хопіць. Вызваліце памяшканьне, спадарства. Тым больш, што такія пытаньні, як вайна ў Іраку ці рэфэрэндум у Чачэніі, проста абавязаныя былі выкрэсьліць Беларусь з павесткі дня. Але, як паказала студзеньская сэсія ПАРЭ, сытуацыя ў Беларусі застаецца актуальнай, як і раней. І ня менш важнай, чым Ірак. Проста – не да такой ступені гучнай.
Белтэлерадыёкампанія абвяргае распаўсюджаную ў СМІ інфармацыю па пытаньнях вяшчаньня расейскіх тэлеканалаў і радыёстанцыяў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Беларускія і расейскія СМІ паведамлялі аб тым, што “ў Маскве прайшлі перамовы паміж кіраўніцтвам ВГТРК, прадстаўнікамі Белтэлерадыёкампаніі і кіраўніцтвам Рэспубліканскага радыётэлевізійнага цэнтру “ па пытаньнях вяшчання тэлеканалаў “Россия” і “Культура”, радыёстанцыяў “Маяк”, “Голос России” і “Юность” на тэрыторыі РБ.
11-13 лютага Беларусь наведае дэлегацыя МЗС Ірану пад кіраўніцтвам намесьніка міністра замежных справаў Ісламскай Рэспублікі Іран у Беларусі Махсэн Амінзадэ для ўдзелу ў кансультацыях паміж Міністэрствам замежных справаў Рэспублікі Беларусь і Ірану.
Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе занепакоеная тым, што ўлады Беларусі пакуль не запрасілі міжнародных назіральнікаў на выбары ў мясцовыя органы ўлады. Ута Цапф – кіраўнік дэлегацыі АБСЭ, якая знаходзіцца ў Менску, -- заявіла, што гэта можа прывесьці да парушэньня дэмакратычных нормаў на выбарах, прызначаных на 2 сакавіка.
Ад свайго былога кіраўніка “Белаграпрамбанк” у часе грамадзянскага працэсу намерваецца спагнаць сродкі, пералічаныя восем гадоў таму ў Канаду. Радыё Рацыя называе гэтую справу працягам гісторыі зь мільёнам, які фігурыраваў у дзьвюх крымінальных справах супраць экс-прэм’ера Міхаіла Чыгіра.
Сёньня ў Менскім гарадзкім судзе адбудзецца слуханьне справы па прыватнай скарзе Барыса Нямцова. Пра гэта “Известиям” паведамілі сёньня ў прэс-службе Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі. Лідэр СПС абскардзіў у Менскім гарадзкім судзе вызначэньне суда Цэнтральнага раёну сталіцы аб адмове ў распачынаньні справы па скарзе да Камітэту дзяржаўнай бясьпекі краіны на рашэньне аб дэпартацыі.
Беларусь заняла трэцяе месца ў сьпісе краінаў, якія жыхары Польшчы лічаць сваімі ворагамі. Увогуле, роўна палова апытаных назвалі ворагам Расею, 40 адсоткаў – Нямеччыну, 17 адсоткаў – Беларусь, 7 адсоткаў -- Ірак. 45 адсоткаў жыхароў Польшчы перакананыя, што ў дзяржавы няма ворагаў, астатнія 27 адсоткаў ня здолелі адказаць.
Амбасадар Ірану ў Беларусі Махаммад Хашэмі Гальпаегані паведаміў, што на вясну заплянаваны візыт у Менск іранскага лідэра ў адказ на візыт Лукашэнкі ў Тэгеран у 1997 годзе. Амбасадар Ірану заявіў, што ягоная краіна апасаецца выкарыстаньня Іракам зброі масавага зьнішчэньня. Пры гэтым прадстаўнік Ірану выступіў супраць аднабаковай атакі ЗША на Ірак.
У сераду кіраўнік Цэнтрвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына на прэс-канфэрэнцыі ў Менску агучыла вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. Кіраўнік Цэнтрвыбаркаму паведаміла, што выбарчыя камісіі зарэгістравалі амаль 26 тысячаў кандыдатаў у дэпутаты ўсіх узроўняў. Не прайшлі рэгістрацыю каля 800 чалавек. Максымальны адсеў, 46 адсоткаў, аказаўся сярод тых, хто зьбіраўся балатавацца ў Менскі гарсавет. Паводле кіраўніка ЦВК, самай распаўсюджанай прычынаю для адмовы была падача недакладных дэклярацыяў аб даходах і маёмасьці. Не прайшлі рэгістрацыю таксама траціна прэтэндэнтаў, якія вылучаюцца ад палітычных партыяў. Тут больш за ўсё адмоваў.
У 2002 годзе сальда замежнага гандлю Беларусі ўтварылася адмоўным і склала 882,1 млн. даляраў. Пра гэта паведаміў у чацьвер на брыфінгу ў Менску намесьнік начальніка кіраваньня інфармацыі МЗС Беларусі Андрэй Савіных. Паводле дадзеных беларускага МЗСу, з краінамі СНД адмоўнае сальда дасягнула 1754,4 млн. даляраў, у тым ліку з Расеяй — “мінус” 1788,6 млн. даляраў. З краінамі па-за СНД сальда было станоўчым і склала 872,3 млн. даляраў.
Беларускія грузаперавозчыкі зноў могуць правозіць у Польшчу больш за 200 літраў паліва ў баку праз памежпераход “Бераставіца-Баброўнікі”. У выніку дзеяньняў супрацоўнікаў амбасады Беларусі ў Варшаве і кансультацыяў, праведзенных імі ў міністэрствах фінансаў, эканомікі, працы і сацыяльнай палітыкі, польскі бок адмяніў рашэньне аб спагнаньні з 1 лютага НДВ і акцызаў зь беларускіх вялікагрузных машын, якія правозяць у баках больш за 200 літраў паліва.
Урад Беларусі агучыў пляны продажу пакетаў акцыяў чатырох буйнейшых прадпрыемстваў нафтахіміі краіны -ААТ "Нафтан" і "Палімір", "Азот" і Гарадзенскага "Хімвалакно". Як паведамілі ў Мінэканомікі рэспублікі, да продажу на інэвстыцыйных конкурсах прапанавана выставіць паэтапна да 2005г. пакеты акцыяў у памеры 43,27% статутнага фонду "Нафтана", 43,19% статутнага фонду "Паліміра", 43,08% статутнага фонду "Азота", а да 2004г. - 43,66% статутнага фонду ААТ "Хімвалакно".
У Беларусі ў сёлетнем годзе чакаецца рэзкі, болей чым на 35%, спад паступленьняў страхавых унёскаў у параўнаньні з 2002 годам. Такую думку выказаў у інтэрвію прэзыдэнт Беларускага страхавога саюза (БСС) Віктар Хамярчук.
У Беларусі ў 2003 годзе плянуецца прыватызаваць 315 прадпрыемстваў дзяржаўнай формы ўласнасьці. Найбольш буйнымі зь іх зьяўляюцца рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Белтрансгаз”, Магілёўскі аўтамабільны завод, шклозавод “Нёман”, Менскае вытворчае аб’яднаньне вылічальнай тэхнікі.
Кампанія “БелСел” запусьціла сёньня ў камэрцыйную эксплюатацыю сетку сотавай сувязі стандарту cdma2000. Далучэньне абанэнтаў CDMA2000 да сеткі BELCEL будзе праводзіцца па 4-х тарыфных плянах -- Юніон, Клясык, Опціма, Максыма. Варта адзначыць, што ўсе тарыфныя пляны прадугледжваюць адсутнасьць абанэнцкай платы і бясплатныя званкі ўнутры сеткі BELCEL, а таксама высокахуткасны мабільны INTERNET. Прапануем вам азнаёміцца з новымі тарыфамі кампаніі.
За незахаваньне эканамічнага нарматыву мінімальнага памеру ўласных сродкаў прыпынена дзеяньне ліцэнзіі на прыцягненьне ва ўкладаньні сродкаў фізычных асобаў на тэрмін з 1 лютага па 30 красавіка 2003 году ў ААТ "Банк “Залаты талер”, ААТ “Банк “Пошук” і “АКБ “МінскКомплексБанк” ЗАТ.
Рабочая камісія рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства (РУП) “Белтрансгаз” падпісала акт аб сканчэньні будаўніцтва пускавога комплексу магістральнага газаводу Ямал-Эўропа на ўчастку 586-768 км на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Як паведамілі ў РУП, даўжыня ніткі беларускага ўчастку газаводу Ямал-Эўропа складае 575 км.
У 2002 годзе ў Беларусі прырост колькасьці пэнсіянэраў у параўнаньні з папярэднім годам склаў 24 адсоткі. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, сёлета ў пэнсійную сыстэму «ўвальецца» яшчэ на 37 адсоткаў болей чалавек, чым у 2002 годзе. І пры гэтым скароціцца колькасьць грамадзянаў, якія распачынаюць працоўнае жыцьцё. Такі крызысны расклад, паводле прагнозаў спэцыялістаў, захаваецца да 2020 году.
У пачатку 2003 году ў Берасьці адзначаўся рост афіцыйнага беспрацоўя: яе ўзровень падняўся з 1,95 адсоткаў у канцы леташнега году да 2,06 – у студзені. Сёньня на ўліку ў якасьці беспрацоўных лічацца 3.868 берасьцейцаў.
На 2,6 адсоткі вырасьлі спажывецкія кошты ў Беларусі за першыя тры тыдні студзеня 2003 году (за аналягічны леташні пэрыяд -- на 4,2). Да канца сёлетняга году ўрад і Нацыянальны банк рэспублікі прагназуе падвышэньне коштаў на 18-24 адсоткі.
Сустрэча беспрацоўных жыхароў мястэчка Партызанскае з спэцыялістамі Вілейскага раённага цэнтру занятасьці насельніцтва адбудзецца сёньня, 6 лютага. Асаблівая ўвага супрацоўнікаў цэнтру да гэтага мястэчка тлумачыцца тым, што тут зарэгістраваны самы высокі ўзровень беспрацоўя сярод сельскага насельніцтва Вілейскага раёну. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, рост зарэгістраванага беспрацоўя ў сельскай мясцовасьці зьяўляецца новай зьяваю на рынку працы рэспублікі. А ў Партызанскім такая сытуацыя склалася ў сувязі з закрыцьцём на рэканструкцыю шклозаводу “Залесьсе”.
“Белсел” паведамляе, што 6 лютага ў камэрцыйную эксплюатацыю запускаецца сетка сотавай сувязі новага стандарту cdma2000. Як паведміла прэс-служба кампаніі, 6 лютага 2003 году з 14.00 пачнецца далучэньне абанэнтаў да новай сеткі стандарту cdma2000 у центрах продажу. Далучэньне абанэнтаў CDMA2000 да сеткі BELCEL будзе праводзіцца па 4-х тарыфных плянах - Юніон, Клясык, Опціма, Максыма. Варта адзначыць, што ўсе тарыфныя пляны прадугледжваюць адсутнасьць абанэнцкай платы і бясплатныя званкі ўнутры сеткі BELCEL, а таксама высокахуткасны мабільны INTERNET.
У Беларусі хлеб і хлебабулачныя вырабы будуць выключаныя з сьпісу сацыяльна значных тавараў, кошты на якія рэгулююцца дзяржаўнымі органамі, перадае карэспандэнт РІА "Новости". Праект адпаведнай пастановы ўхвалены прэзыдуюмам Савету міністраў краіны.