Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Усебеларускі сход інтэлігенцыі перанесены на сакавік 15:41, 06/02/2003
Адміністрацыя Палацу Рэспублікі адмовілася даць сваю залю арганізатарам Усебеларускага сходу інтэлігенцыі, які быў заплянаваны на 16 лютага. У зьвязку з гэтым аргкамітэт вырашыў адкласьці сход на месяц. Сёньня па Беларусі на сход вылучана ўжо каля 300 дэлегатаў.
5 лютага адміністрацыя Палацу Рэспублікі паведаміла арганізатарам, што 16 лютага вялікая заля ўжо арандаваная — тэатральным калектывам “Виртуозы сцены” для паказу спэктаклю “Трактирщица”. Такім чынам, правесьці ў гэтым памяшканьні Ўсебеларускі сход інтэлігенцыі ня ўдасца. Але арганізатары інтэлігенцкага форуму сумняюцца, што гэта адзіная рэальная прычына адмовы.
-- Крышку дзіўна нам гэта падалося: калі першапачаткова зьвяртаўся спадар Марачкін як сустаршыня аргкамітэту (адразу пасьля сходу менскай інтэлігенцыі), у Палацы Рэспублікі сказалі, што гэта вырашаецца кіраўніком справаў прэзыдэнта. А гэтае прычыны не было выстаўлена, што заля ўжо замоўленая, - паведаміў Радыё Свабода сустаршыня аргкамітэту Ўладзімер Колас.
Аляксей Марачкін, са свайго боку, лічыць, што адмова ў памяшканьні была цалкам прадказальнай:
-- Я асабіста па тэлефоне размаўляў з Карэндам — гэты чалавек сёньня галоўны ідэоляг пры прэзыдэнце — які сказаў мне адкрыта: “Я не падтрымліваю Ўсебеларускі сход інтэлігенцыі; вы вядзеце да расколу грамадзтва”. На што я яму сказаў: “Грамадзтва расколата настолькі, што пара ўжо зьбірацца”.
Падобнымі прычынамі аргумэнтавалі адмовы арганізатарам сходу і іншыя цэнтральныя залі сталіцы: канцэртная заля “Менск”, Дом афіцэраў, Палац чыгуначнікаў. Самы вольны графік аказаўся ў Дома культуры тонкасуконнага камбінату, зь якім аргкамітэт папярэдне дамовіўся на сакавік.
Паводле арганізатараў, атрыманая часавая рэзэрва дазволіць ім больш грунтоўна падрыхтавацца да сходу: накіраваць афіцыйныя запрашэньні ў дзяржаўныя структуры (міністэрствы, суды, ВНУ), забясьпечыць больш шырокае прадстаўніцтва ад рэгіёнаў. Тым больш, што вылучэньне дэлегатаў ад вобласьцяў толькі цяпер актывізавалася.