Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Увесну Беларусь наведае прэзыдэнт Ірану 11:08, 06/02/2003, Георгі Астас, Радыё Рацыя
Амбасадар Ірану ў Беларусі Махаммад Хашэмі Гальпаегані паведаміў, што на вясну заплянаваны візыт у Менск іранскага лідэра ў адказ на візыт Лукашэнкі ў Тэгеран у 1997 годзе. Амбасадар Ірану заявіў, што ягоная краіна апасаецца выкарыстаньня Іракам зброі масавага зьнішчэньня. Пры гэтым прадстаўнік Ірану выступіў супраць аднабаковай атакі ЗША на Ірак.
Іран не выключае магчымасьці ўжываньня Іракам хімічнай зброі. Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі абвесьціў амбасадар Ірану ў Беларусі Махаммад Хашэмі Гальпаегані.
"Ірак ужо скарыстоўваў хімічную зброю супроць Ірану ў часе апошняй вайны. Мы не выключаем, што Ірак і цяпер будзе выкарыстоўваць зброю масавага зьнішчэньня", - сказаў амбасадар Ірану. Ён нагадаў, што тады найбольш пацярпелі жыхары паселішча Халабчэ, што на мяжы Іраку і Ірану.
Амбасадар абвесьціў, што ў выпадку пачатку вайсковай апэрацыі супроць Іраку "народ Ірану, магчыма, таксама пацерпіць".
Пры гэтым іранскі дыплямат паведаміў, што "Тэгеран выступае катэгарычна супроць аднабаковай атакі ЗША на Ірак". Ён выказаўся за мірнае разьвязаньне канфлікту з Іракам пры пасярэдніцве ААН. "Мы за тое, каб у нашым рэгіёне зьнікла зброя масавага зьнішчэньня, аднак па воле ААН", - сказаў амбасадар.
Стасункі паміж Іранам і Беларусьсю амбасадар назваў плённымі. Ён паведаміў, што разьвіцьцё эканамічных сувязяў адбываецца згодна з плянам, які лідэры Беларусі і Ірану зацьвердзілі яшчэ ў 1997 годзе, калі Тэгеран наведаў прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка.
Махаммад Хашэмі Гальпаегані паведаміў, што на вясну заплянаваны візыт у Менск іранскага лідэра ў адказ на візыт Лукашэнкі ў Тэгеран. "Мы чакаем, калі ў Менску пацяплее", - сказаў амбасадар.