Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ута Цапф не заўважыла ў Беларусі прагрэсу 16:20, 06/02/2003
Кіраўнік рабочай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ (ПА АБСЭ) па Беларусі Ута Цапф выказала кіраўніцтву беларускага "парлямэнту" шэраг заўвагаў па працэсах, што адбываюцца ў краіне. Паводле яе, рабочую групу ў першую чаргу цікавяць пытаньні, зьвязаныя з становішчам незалежных СМІ ў Беларусі, з сытуацыяй па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, а таксама цяперашняе становішча прафсаюзаў. “Па шматлікіх аспэктах мы пакуль ня ўбачылі прагрэсу пасьля нашай апошняй сустрэчы”, -- заявіла У.Цапф у часе перамоваў зь віцэ-сьпікерам “палаты пардстаўнікоў” Уладзімерам Канаплёвым у чацьвер. У прыватнасьці, паводле Цапф, няма прагрэсу ў становішчы недзяржаўнай прэсы ў краіне.
Учора, 5 лютага, у будынку Менскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтру адбылася сустрэча кіраўніка рабочай групы Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе Уты Цапф і чальца ПА АБСЭ Урбана Аліна зь лідэрамі палітычных партыяў Беларусі. Адбыўся абмен думкамі аб сытуацыі ў Беларусі, аб новым мандаце офіса АБСЭ ў Менску, аб пэрспэктывах супрацоўніцтва нашай краіны і АБСЭ. Сп-ня Цапф ацаніла адкрыцьцё офісу АБСЭ ў Менск як “кампраміс з абодвух бакоў”. Кіраўнік рабочай групы адзначыла, што “ёсьць розныя інтэрпрэтацыі мандату з боку АБСЭ і беларускіх уладаў”. “Асноўны мандат місіі, -- падкрэсьліла сп-ня Цапф, -- гэта садзеяньне ў станаўленьні грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і чатыры ўмовы АБСЭ. Трэба сканцэнтравацца не на мандаце, а на самой дзейнасьці офіса”.
Як паведамляе прэс-служба АГП, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, камэнтуючы вынікі сустрэчы, назваў яе “прадмоваю да лютаўскай сэсіі АБСЭ”. “У палітычных партыяў, – сказаў лідэр АГП, -- ёсьць кансэнсус па пытаньні непрызнаньня “нацыянальнага сходу” ў якасьці юрыдычна і палітычна паўнацэннага парлямэнту. Мы прапануем даць беларускім уладам час для “працы над памылкамі”. Толькі пасьля таго, як стане заўважным прагрэс па кожнай з чатырох умоваў, можна сур’ёзна разглядаць прэтэнзіі ўлады на прадстаўніцтва ў міжнародных арганізацыях”.