Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма лічыць, што стратэгічны выбар Украіны па ўступленьні ў Эўразьвяз і Паўночнаатлянтычны альянс зьяўляецца безальтэрнатыўным. “Я перакананы ў безальтэрнатыўнасьці эўрапейскага выбару з пункту погляду палітычных, эканамічных і стратэгічных інтарэсаў нашай дзяржавы”, -- сказаў украінскі лідэр у інтэрвію журналістам у Кіеве.
Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) зьяўляецца дзяржаўным прафсаюзам. На сёньня гэтая арганізацыя цалкам кантралюецца дзяржаваю і знаходзіцца пад яе патранажам. Інфармацыю пра гэта Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў накіраваў у Камітэт па свабодзе аб’яднаньня Міжнароднай арганізацыі працы.
На паседжаньні Рады Беларускай партыі працы (БПП), якое адбылося 5 лютага, прынятае рашэньне вызваліць старшыню партыі Аляксандра Бухвостава і ягонага намесьніка Генадзя Федыніча ад займаемых пасадаў. Яны застаюцца ў партыі ў якасьці шэраговых сябраў. Пра гэта БелаПАН паведаміў сябра Рады БПТ Андрэй Еўдакімчык. Паводле яго, такое рашэньне рада партыі прыняла на падставе заяваў Бухвостава і Федыніча. Як паведаміў Еўдакімчык, галоўнай прычынай сыходу Бухвостава і Федыніча стала іх прафсаюзная дзейнасьць.
Менскі гарадзкі суд вырашыў не пераглядаць вэрдыкт раённага суда беларускае сталіцы, паводле якога было адмоўлена ў распачынаньні грамадзянскае справы адносна КДБ рэспублікі па скарзе Барыса Нямцова, перадае РІА "Новости". У скарзе адзначалася неправамоцнае, на думку лідэра “Саюзу правых сілаў”, рашэньне аб ягонай дэпартацыі зь Беларусі. У дакумэнце гаварылася, што прадстаўнікі КДБ парушылі нормы закону аб прававым статусе замежных грамадзянаў.
Імкліва скарачаецца колькасьць кандыдатаў у дэпутаты па выбарах у мясцовыя Саветы. Асноўная прычына – добраахвотная адмаўленьне ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Паводле апошніх дадзеных камісіі па выбарах з 91 кандыдата засталіся 71. Паводле “БДГ”, літаральна за некалькі дзён па ўласнай ініцыятыве каля 20 чалавек адмовіліся ад далейшага ўдзелу ў выбарах. Некаторыя з былых кандыдатаў кажуць пра ціск на іх мясцовых уладаў, якія такім чынам імкнуцца правесьці выбары ў адзін тур. На дадзены момант у камісіі па выбарах чакаюць разгляду яшчэ каля дзясятку заяваў на адмаўленьне.
Наваполацкі гарадзкі камітэт Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ) заявіў пра сваё рашэньне байкатаваць надыходзячыя мясцовыя выбары. Прычынай такога рашэньня стала неўключэньне прадстаўніка партыі ў склад гарадзкой выбарчай кампаніі, хаця адпаведныя дакумэнты ў гарвыканкам былі перададзеныя за тры тыдні да яе фармаваньня, перадае БелаПАН.
З 15 лютага грамадзяне іншых дзяржаваў, якія заяжджаюць на тэрыторыю Расеі, у абавязковым парадку павінны будуць запаўняць міграцыйныя карткі. Новая працэдура будзе тычыцца і Беларусі. Між тым яшчэ два тыдні таму Ўладзімер Пуцін абяцаў Аляксандру Лукашэнку, што “расейскія міграцыйныя законы на грамадзянаў Беларусі распаўсюджвацца ня будуць”. Закон “Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў у Расейскай Федэрацыі” набірае моц 15 лютага. У адпаведнасьці зь ім адначасова на ўсіх 448 памежных пунктах будуць уведзеныя міграцыйныя карткі, якія абавязковыя для запаўненьня ўсімі замежнымі грамадзянамі, якія ўяжджаюць на тэрыторыю Расеі. “Уключна з мяжой зь Беларусьсю”, -- асабліва падкрэсьліў міністар унутраных справаў Барыс Грызлоў, падчас справаздачы аб праведзенай рэформе на калегіі МУС з удзелам прэзыдэнта.
Учора, 6 лютага, ля прахадной ААТ “Магілёўскі металургічны завод” прайшоў пікет, у якім удзел прымалі каля 200 работнікаў гэтага прадпрыемства. Пікетоўцы запатрабавалі забясьпечыць іх працай і захаваць ліцейны цэх прадпрыемства.
Кошты ў Беларусі ў 2002г. вырасьлі на 34,8% пры прагнозе ўрада ў 20-27%. Як паведамілі сёньня ў Міністэрстве статыстыкі і аналізу рэспублікі, рост інфляцыі ў ранейшых тэмпах захоўваецца і сёлета. Так, за першыя тры тыдні студзеня 2003г. спажывецкія кошты ў Беларусі вырасьлі на 2,6% (4,2% - за аналягічны пэрыяд мінулага году). Згодна прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на 2003г., да канца сёлетняга году кошты падвысяцца на 18-24%, што азначае штомесяцовы рост інфляцыі ў памеры 1,4-1,8%.
13 таемных маршрутаў па беларускіх балотах і лясах праклалі 60 чалавек, арыштаваныя ў апошні год на Ўкраіне за арганізацыю перапраўкі нелегальных мігрантаў. У памежнай зь Беларусьсю Жытомірскай вобласьці было затрымана 814 чалавек, якія незаконна перайшлі мяжу. Кіраваньне Памежных войскаў Паўночнага кірунку Ўкраіны 5 лютага прыняла рашэньне ўзмацніць кантроль на ўкраінска-беларускай мяжы.
Беларусь заняла трэцяе месца сярод краінаў СНД і Балтыі па тэмпах росту афіцыйнага курса даляра ЗША да нацыянальнай валюты ў студзені. Такі вынік аналізу дадзеных, атрыманых БелаПАН з цэнтральных банкаў гэтых дзяржаваў.
На шкле нашай крамы вывесілі паперку з прозьвішчамі жыхароў дзяржкватэраў і сумамі аплаты камунальных паслуг за сьнежань ужо мінулага году. Прачытала і жахнулася: насупраць майго прозьвішча на пачатку сьпіса стаіць лічба 134.033. Але я – зусім не рэкардсмэн ў гэтым сьпісе. Там можна ўбачыць і 148 тысячаў, і 210, і нават 242...
Савет міністраў Беларусі прыняў рашэньне пераўтварыць рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Белтрансгаз" у адкрытае акцыянэрнае таварыства да 1 красавіка 2003 году. У адпаведнасьці з пастановаю Савміну правядзеньне акцыянаваньня ўскладзена на Міністэрства эканомікі сумесна зь Міністэрствам энэргетыкі. Такое рашэньне прынятае “з мэтай прыцягненьня інвэстыцыяў для разьвіцьця газатранспартных сыстэмаў Беларусі”, адзначаецца ў пастанове. Найбольш верагодным куплянікам часткі акцыяў "Белтрансгаза" ў дзелавых колах Беларусі называюць "Газпром". Пры гэтым ва ўрадзе выключаюць магчымасьць перадачы часткі акцыяў "Белтрансгаза" ў абмен на пагашэньне пазыкі за пастаўлены ў краіну прыродны газ. Як раней паведамлялася, сума гэтай пазыкі складае каля $130 млн.
Так склалася, што па волі лёсу я стала апякункай свайго ўнука амаль з самага яго нараджэньня. Ня буду казаць у падрабязнасьцях – яны не занадта вясёлыя. Скажу толькі, што, зьберагаючы дзіцёнка ад інтэрната, у імкненьні з усіх сілаў замяніць яму маці і бацьку, я сутыкнулася з такімі праблемамі і прыніжэньнямі, што ніяк усьвядоміць не магу: за што, па якому праву ўсё гэта?