Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) зьяўляецца дзяржаўным прафсаюзам. На сёньня гэтая арганізацыя цалкам кантралюецца дзяржаваю і знаходзіцца пад яе патранажам. Інфармацыю пра гэта Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў накіраваў у Камітэт па свабодзе аб’яднаньня Міжнароднай арганізацыі працы.
“Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) і яго суб’екты арэндуюць памяшканьні ў ФПБ. Арэндаваныя памяшканьні набытыя ФПБ у часы камуністычнага кіраваньня, калі на прафсаюзную дзейнасьць існавала манаполія дзяржавы. У той час усё працаздольнае насельніцтва аўтаматычна запісвалася ў сябры прафсаюза і “добраахвотна-прымусова” плаціла ўнёскі. Такім чынам, уласнасьць ФПБ стваралася за кошт усяго насельніцтва. У тым ліку, і з удзелам цяперашніх сябраў БКДП”, -- адзначае БКДП.
Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў нагадвае, што з моманту ўзьнікненьня незалежнага прафсаюзнага руху склалася практыка, калі БКДП і яго суб’екты арэндавалі ў ФПБ памяшканні па стаўках, вызначаных для грамадзкіх аб’яднаньняў. Сытуацыя зьмянілася з прызначэньнем на пасаду старшыні ФПБ былога кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Леаніда Козіка. БКДП і яго суб’екты атрымалі паведамленьні аб намеры падняць арэндную плату ў дваццаць разоў. Такім чынам Кангрэс выжываюць з памяшканьняў. Мэта навідавоку – стварыць праблемы зь юрыдычнай адрэсай і паставіць арганізацыю перад пэрспэктываю пазбаўленьня легітымнасьці.
З гэтай нагоды БКДП вымушаны быў зьвярнуцца да генэральнага пракурора. У звароце былі пастаўленыя пытаньні аб незаконнасьці падвышэньня арэнднае платы і незаконнасьці выкарыстаньня Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі ў сваёй назве афіцыйнай назвы дзяржавы. Атрыманы адказ-адпіска з пракуратуры Рэспублікі Беларусь, у якім па пытаньні арэндных адносінаў рэкамэндавана зьвярнуцца ў Гаспадарчы суд. Па пытаньні выкарыстаньня ФПБ у сваёй назве афіцынай назвы тлумачыцца, што гэта зроблена ў адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі. Такім чынам, пракуратура Рэспублікі Беларусь не знаходзіць нічога супярэчлівага ў тым, што з усіх грамадзкіх арганізацыяў толькі адной (ФПБ) дазволена выкарыстоўваць у сваёй назве афіцыйную назву дзяржавы (астатнім гэта забаронена дзейным заканадаўствам).
У сувязі з гэтым, у сваім лісьце ў Міжнародную арганізацыю працы Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў пытае: “Якім правам дапускаецца дыскрымінацыя адносна астатніх прафсаюзаў? Ці не зьяўляецца гэты факт афіцыйным прызнаньнем таго, шо ФПБ зьяўляецца дзяржаўнай установаю?”