Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
З месцам у Асамблеі давядзецца пачакаць 15:31, 07/02/2003, Радыё Рацыя
Дэлегацыя адмысловай рабочай групы па Беларусі Парламэнцкае асамблеі АБСЭ, якая завяршыла свой візыт у Менск, выказала спадзяваньне, што адкрыцьцё офіса АБСЭ ў Менску і яго далейшая праца "могуць стаць невялікім, але вельмі важным крокам на шляху пераадоленьня тупіка, у якім працяглы час знаходзяцца адносіны паміж эўрапейскімі інстытуцыямі і Беларусьсю." Парлямэнтары Асамблеі сьцвярджаюць: "Сьведчаньні пачатку ўладамі сапраўднага працэсу дэмакратызацыі, калі і прысутнічаюць, то іх вельмі мала."
Планавы візыт дэлегацыі адмысловай рабочай групы па Беларусі на чале з Утай Цапф адбыўся перад заплянаваным у Вене паседжаньнем Сталага камітэту Парламэнцкай асамблеі АБСЭ. Між іншым, на ім будзе абмяркоўвацца пытаньне прадстаўніцтва Беларусі ў Асамблеі. У зьвязку з гэтым, дэлегацыя павінна была ацаніць, які прагрэс дасягнуты афіцыйным Менскам у справе выкананьня чатырох крытэраў: удасканаленьня выбарчага заканадаўства, умацаваньня функцый парлямэнту, забесьпячэньня свабоды СМІ і спыненьня перасьледу апазыцыі.
Падводзячы вынікі працы ў Менску старшыня адмысловай рабочай групы па Беларусі Ута Цапф адзначыла, што прагрэсу ў выкананьні чатырох крытэраў няма. Сталы камітэт Парламэнцкай асамблеі АБСЭ, прыкладна праз два тыдні, абмяркуе пытаньне прадстаўніцтва Беларусі ў Асамблеі і рашэньне будзе прынятае пасьля галасаваньня прадстаўнікоў 55-ці краін-сябраў АБСЭ. Дэлегацыя падрыхтуе свой даклад па гэтым пытаньні. Якія ж канкрэтныя рэкамендацыі дасьць адмысловая рабочая група Сталаму камітэту?
На гэтае пытаньне RR Ута Цапф адказала, што дэлегацыя не намерваецца даваць канкрэтныя рэкамендацыі:
- Мы прымаем удзел у дыскусіі і яна кароткая, цягам паўтары гадзіны патрэбна абмеркаваць шмат тэмаў. Я не магу сказаць, якім будзе рашэньне. Мы можам сказаць, што рашэньне можа быць прынята альбо не, і калі яно будзе адмоўным, то пытаньне адкладуць да чэрвеня-пачатку ліпеня. На яго паўплывае і магчымасьць паўнавартаснай дзейнасьці офіса АБСЭ. Пакуль ідуць дыскусіі і для прыняцьця рашэньня, на жаль, занадта мала часу.
Спадарыня Ута Цапф выказала задавальненьне з таго, што крызіс вакол місіі АБСЭ вырашаны. 9-га лютага ў Менск прыедзе кіраўнік новага офіса Эбэрхардт Хайкен, з 10-га лютага ён прыступіць да выкананьня сваіх абавязкаў. Аднак прыезд Хайкена яшчэ не зьяўляецца дастатковай падставай для пераменаў у стасунках паміж эўрапейскімі інстытуцыямі і афіцыйным Менскам. Эўропа будзе сачыць за магчымасьцю поўнавартаснага выкананьня мандату офіса і недзе напачатку сакавіка можна будзе зрабіць першыя высновы.
Ута Цапф адзначыла, што мандат новай місіі АБСЭ ў Менску не звужаны, як камэнтавалі ў Беларусі, а наадварот пашыраны эканамічным і экалягічным блёкамі, якія ўваходзяць у так званы кошык АБСЭ. Офіс будзе працягваць працу па маніторынгу сытуацыі з правамі чалавека. У гэтым сэнсе новы мандат больш дакладны. Сябра дэлегацыі з Вялікабрытаніі лорд Пансобі адзначыў:
- Мандат офіса не зьяўляецца больш слабым у справе захаваньня правоў чалавека ў Беларусі. Офіс будзе займацца гэтай праблематыкай. Правы чалавека гэта асноўная дзейнасьць АБСЭ. Новы мандат не слабы, ён моцны.
Ута Цапф выказала раздражненьне камэнтарамі прадстаўнікоў афіцыйнага Менску аб тым, што дзейнасьць офіса АБСЭ павінна папярэдне ўхваляцца ўрадам. "Мы ня можам чакаць ухваленьня, гэта павінна быць каапэрацыя і супрацоўніцтва з урадам, а не яго дазвол", - падкрэсьліла Ута Цапф. Адкрыцьцё новага офіса - гэта вырашэньне складанага крызісу, калі беларускі ўрад пагадзіўся, нарэшце, зьняць візавыя абмежаваньні. Цяпер функцыянаваньне офіса АБСЭ павінна быць пацьверджана на справе. Дэлегацыя пакуль толькі атрымала запэўніваньні міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова ў тым, што ўлады не будуць перашкаджаць працы офіса АБСЭ і ён зможа дзейнічаць у рамках мандата. Таксама афіцыйны Менск абяцае ажыцьцявіць больш свабодную працэдуру мясцовых выбараў і ў гэтым паабяцаў дапамагчы сам расейскі амбасадар у Беларусі.