Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пра падтрымку Народнага маршу “За лепшае жыцьцё!” аб’явілі сёньня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, кінаапэратар Тацяна Логінава, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Беларусі, кандыдат экнамічных навук Людміла Гразнова, жонка зьніклага беларускага бізнэсоўца і грамадзкага дзеяча Анатоля Красоўскага, кандыдат пэдагагічных навук Ірына Красоўская і студэнтка, актывістка руху ЗУБР Ірына Толсьцік. Жанчыны выказалі сваю нязгоду з палітыкай цяпершніх уладаў і заклікалі беларускі народ прыняць удзел у вясновай акцыі пратэсту. “Мы супраць агалечваньня, супраць пагаршэньня жыцьця. Шмат разоў мы спрабавалі дастукацца да ўладаў, але гэта было дарэмна. Мы ня можам выкарыстоўваць парлямэнцкую трыбуну – нас адтуль выкінулі. У нас няма доступа да радыё, тэлевізіі, газэтаў – яны ўсе пад кантролем дзяржавы. Гэтая ўлада прызнае толькі сілу. Разам мы – сіла. І таму мы заклікаем нашую інтэлігенцыю, людзей, якія думаюць, людзей, якія пакутуюць, выйсьці на вуліцы Менску 12 сакавіка і пастаяць за сябе, за нашае лепшае жыццьё і спыніць гэты маразм, гэтае бязладзьдзе, гэты бясконцы зьдзек, гэты экспэрымэнт, які цягнецца над беларусамі дзявяты год. Хопіць нам выміраць, хопіць плакаць на кухні, хопіць жабрацтваваць, трэба ісьці і змагацца за свой лёс. Мы годныя лепшага жыцьця. Мы – беларусы. Мы – эўрапейцы. Мы жадаем жыць у эўрапейскай дзяржаве”, -- заявіла дэпутат Вярхоўнага Савету, кандыдат эканамічных навук Людміла Гразнова.
Вядомы беларускі кінаапэратар Тацяна Логінава заявіла, што не хацела б займацца палітыкай, але яе да гэтага “прымушае жыцьцё”. “Увогуле, мастацтва -- гэта мастацтва, жыцьцё – гэта жыцьцё, а палітыка --гэта палітыка. Але, на жаль, у нашай краіне ўсё ўзаемазьвязана. Эканамічная становішча настолькі цяжкое, настолькі ўдушлівае, што адбываюца рэчы, якія ў нармальнай дзяржаве проста не павінны мець месца”. Ляўрэат дзяржаўнай прэміі СССР спынілася на прыкладзе працы кінастудыі “Беларусьфільм”, дзе яна прарабіла больш за 30 гадоў:
-- Памятаю добрыя часіны, калі на гэтай кінастудыі здымалася да 26 ігравых карцінаў у год. Зараз на кінастудыі здымаецца дзьве карціны ў год. Але нават на гэтыя дзьве карціны немагчыма сабраць прафэсіяналаў, бо заробкі вельмі нізкія і пэрыядычна затрымліваюцца. Прафэсіяналы сыходзяць у іншыя галіны, сыходзяць на незалежныя студыі (хоць зараз у Беларусі на мой погляд сапраўды незалежных кінастудыяў няма), многія апэратары зьяжджаюць у Маскву. Я, апэратар вышэйшай катэгорыі, адпрацавала ў кінэматографе больш за 30 гадоў і атрымоўваю 170 тысячаў рублёў. Гэта нават не складае 100 даляраў... Навучаньне апэратараў і рэжысэраў у Акадэміі мастацтваў вельмі дорагое. Студэнты павінны здымаць вучэбныя працы, але для гэта патрэбная кінастужка, відэаапаратура, якія ім не па кішэні. У выніку студэнты выходзяць з акадэміі неданавучанымі. Чалавек даходзіць да дыплёмнай працы, не маючы курсавых прац. Выпускнік акадэміі, рэжысэр, нават часам ніколі і стужку не мацаў. Гэта носэнс! Тут з самага пачатку ўсё парушана. Беларускі кінэматограф у поўным заняпадзе.
Жонка зьніклага ў 1999 годзе беларускага бізнэсоўца і грамадзкага дзеяча Анатоля Красоўскага, кандыдат пэдагагічных навук Ірына Красоўская вырашыла падтрымаць Народны марш, бо “ніводны грамадзянін Беларусі ня можа сябе адчуваць спакойна і ўпэўнена ў краіне, дзе зьнікаюць людзі”.
-- Я падтрымліваю Народны марш “За лепшае жыцьцё!” Я падтрымліваю яго, бо жадаю жыць у нармальнай, спакойнай краіне, хачу, каб мае дзеці, унукі, мае блізкія і родныя, мае сябры адчувалі сябе ўпэўнена і спакойна ў гэтай краіне. Бо немагчыма жыць спакойна ў краіне, дзе бясьсьледна зьнікаюць людзі, дзе гэтыя злачынствы не расьсьледуюцца. Ніводная маці, ніводная жонка, ніводная дачка ня можа быць упэўненай у тым, што гэтага не адбудзецца зь яе роднымі і блізкімі. Таму я кажу ўсім жанчынам: далучайцеся да нас, далучайцеся да Маршу, мы павінны самі абараніць сябе, сваіх родных і блізкіх. Толькі так мы здолеем збудаваць вольную Беларусь і за гэтую вольную Беларусь мы павінны змагацца разам. За яе, за вольную Беларусь, я і выйду 12 сакавіка на Народны марш.
Студэнтка, актывістка руху ЗУБР Ірына Толсьцік распавядала ад імя беларускага студэнцтва і пра студэцкія праблемы. Пра вельмі нізкія стыпендыі, якія падвышаюць выключна перад выбарамі, пра цеснату і антысанітарыю ў студэнцкіх інтэрнатах, пра недахоп месцаў у гэтых самых інтэрнатах для іншагародніх студэнтаў, і самае галоўнае – пра беспэрспэктыўнасьць вышэйшай адукацыі ў Беларусі. “Навошта мы вучымся, нявядома. Куды пайсьці маладым спэцыялістам? За якія грошы працаваць?” – ставіла пытаньні студэнтка. Паводле яе, Народны марш “За лепшае жыцьцё!” – гэта “наш апошні шанец пераламіць сытуацыю”. “Мы, студэнцтва, пойдзем на гэты марш. Я думаю, яго падтрымаюць многія з нас”, -- лічыць Ірына Толсьцік.
Выйсьці ўсім разам, талакой, і адстаяць сваё права на лепшае жыцьцё, заклікала беларусаў народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка:
-- Пра цярпеньне нашага беларускага народа ходзіць шмат баек і показак. Насамрэч, за вокнамі ХХІ стагодзьдзе, у цэнтры Эўропы жывуць прыгожыя, працалюбівыя людзі, годныя багатага, прыстойнага жыцьця, а ўлада загнала іх у бездань, выракла на галечу. Міралюбівыя па характару беларусы праз неразумную палітыку апынуліся ў ізаляцыі. І зьдзіўляе Беларусь увесь сьвет тым, што падтрымлівае сяброўскія стасункі, ледзь не з адным Іракам. Сорамна на ўсё гэта глядзець. Афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, чыноўнікі робяць усё, каб ухаваць ад людзей праўду, дапамагаюць уладам зьнішчаць нашую нацыянальную культуру. Нашую гісторыю, мову, у небясьпецы нашая незалежнасьць, а мы па-ранейшаму трываем і спадзяемся на штосьці лепшае. У нас здаўна існуе добрая завядзёнка: калі камусьці блага, то людзі разам, агулам ідуць на дапамогу. У нашым беларускім тлумачыльным слоўніку ёсьць слова “талака”, калі людзі ідуць на дапамогу, і там падаюцца словы Якуба Коласа: “Я запрашаю сьвядомых беларусаў, лепшых сыноў народа, да нашай талакі”. І сёньня гэтыя словы гучаць вельмі сучасна. Хочацца сказаць: паважаныя спадары беларусы! Да талакі. Трэба трымацца толькі разам, ніхто нашае жыцьцё не палепшыць”.
Напрыканцы, Людміла Гразнова зьвярнулася да ўсіх жанчын краіны з такім заклікам:
“Не сядзіце дома, не пакутуйце, не ліце сьлёз. Не шкрабіце апошняе, што засталося ў вашых каструлях, а выходзьце з гэтымі каструлямі на вуліцу і выганяйце туды сваіх мужчын, каб яны гэтыя каструлі напоўнілі”.