Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Івонка Сурвіла заклікае беларусаў адсьвяткаваць абвяшчэньне БНР 16:02, 10/02/2003
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла заклікае беларускую грамадзкасьць да ўдзелу ў сьвяткаваньні чарговай гадавіны абвяшчэньня БНР. “25 сакавіка 1918 году Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвесьціла Беларусь незалежнай, дэмакратычнай дзяржаваю, -- гаворыцца ў адкрытым лісьце Івонкі Сурвілы да беларускага народа. -- ...Калі б у нас тады была магчымасьць абараніць нашую новаздабытую незалежнасьць, тады наш край займаў бы годнае месца сярод іншых вольных народаў сьвету. Мы жылі б нармальна, не баючыся казаць тое, што думаем, галасаваць за тых кандыдатаў, якія гатовыя шмат што зрабіць для нашага дабра і нашай Айчыны. Нашай мэтай не было б зьехаць за мяжу ў пошуках волі і куска хлеба, а адбудоўваць нашую краіну, як гэта робяць нашыя суседзі. Але выйшла ўсё інакш”, - гаворыцца ў звароце.
Камэнтуючы прапанову кіраўніцтва Расеі аб пераўтварэньні Беларусі ў расейскую губерню, Івонка Сурвіла сказала: “Масква ніяк ня можа пагадзіцца з тым, што на яе дарозе ў Калініград і ў Эўропу знаходзіцца незалежная дзяржава, зь якой трэба лічыцца”. “Першым крокам нашага адказу Пуціну, -- лічыць старшыня Рады БНР, -- могуць стаць шэсьсці, якія адбудуцца ў Менску і іншых гарадох Беларусі з нагоды нашага сапраўднага нацыянальнага сьвята 25 сакавіка”. “У гэты дзень увесь беларускі народ павінен сказаць сьвету, што ягоная воля, яго незалежнасьць, яго маёмасьць, яго грошы, яго тэрыторыя не падлягаюць ніякаму шантажу, ніякаму гандлю”, -- цытуе адкрыты ліст Івонкі Сурвілы БелаПАН.